Імідж педуніверсітэта — у клопаце пра студэнта

- 14:18Вышэйшая школа, Рознае

Адыходзячы год для Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка быў вельмі насычаны на розныя мерапрыемствы міжнароднага, рэспубліканскага і ўніверсітэцкага ўзроўняў. Як заўважыў рэктар Аляксандр Іванавіч Жук, усе яны сталі важнымі крокамі ў развіцці ўніверсітэта, павышэнні яго іміджу як вядучай педагагічнай вышэйшай установы ў нашай краіне, а таксама ў міжнароднай адукацыйнай прасторы. Сёння мы з Аляксандрам Іванавічам праводзім некаторыя вынікі 2016 года.

Калі гаварыць пра нашы ўнутраныя падзеі, то мы вельмі актыўна працавалі па развіцці вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі, які ўзначальвае наш універсітэт і ў які ўваходзяць усе ўніверсітэты краіны, якія рыхтуюць педкадры, абласныя інстытуты развіцця адукацыі, педкаледжы, а таксама (што вельмі важна) педагагічныя класы.

Дарэчы, сетка педкласаў пастаянна пашыраецца. Калі ў 2015 годзе іх было 102, то ў 2016 годзе іх стала 319 (больш за 3,5 тысячы чалавек). Сёння і школьнікі, і бацькі разумеюць, што прэстыж педпрафесіі ў грамад­стве павышаецца, што гэта вельмі важная для краіны прафесія, і што немалаважна — педагога падтрымлівае дзяржава.

Зараз мы працуем над завяршэннем прафесійнага кваліфікацыйнага стандарту педагога. Час ідзе, патрабаванні да настаўніка мяняюцца (узрастаюць), і сёння ад педагога патрабуюцца новыя кампетэнцыі. Напрыклад, уменне працаваць з рознымі тыпамі сем’яў, не адставаць ад ІТ-тэхналогій. Настаўнік павінен умець працаваць у новых інфармацыйных асяроддзях. Актуальнымі з’яўляюцца і пытанні інклюзіўнай адукацыі, таму нашы выпускнікі павінны ўмець працаваць з рознымі катэгорыямі дзяцей ва ўмовах аднаго класа ці адной вучэбнай групы”, — пачаў размову Аляксандр Іванавіч.

У гэтым годзе ў БДПУ стварылі два інстытуты. На базе факультэта спецыяльнай адукацыі адкрылі Інстытут інклюзіўнай адукацыі, на базе факультэта псіхалогіі — Інстытут псіхалогіі. І гэта не проста змена шыльды, а значнае ўзмацненне навукова-даследчага складніка ў падрыхтоўцы сучасных спецыялістаў. На базе Інстытута інклюзіўнай адукацыі ідзе работа па стварэнні рэсурснага цэнтра інклюзіўнай адукацыі пры падтрымцы Дзіцячага фонду ЮНІСЕФ. Плануецца, што ён адкрыецца ў лютым новага года.

На факультэце спецыяльнай адукацыі пачаў дзейнічаць Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр сацыяльна-педагагічных тэхналогій. Тут створана база відэа-, аўдыяматэрыялаў, інавацыйных распрацовак, якія дазволяць палепшыць падрыхтоўку будучых сацыяльных педагогаў, практычных псіхолагаў, стануць базай для перападрыхтоўкі працуючых спецыялістаў, для правядзення навуковых даследаванняў.

Знакавай падзеяй для ўніверсітэта стала адкрыццё галерэі “Асветнікі зямлі беларускай” з партрэтамі выбітных беларускіх дзеячаў. Гэтая экспазіцыя мае іміджавую накіраванасць, бо яе заўсёды навед­ваюць замежныя госці, першакурснікі, навучэнцы педкласаў. Такім жа знакавым стала адкрыццё абноўленай экспазіцыі музея БДПУ. Музей атрымаўся з акцэнтам на інтэрактыўнасць, што дазваляе з гісторыяй універсітэта пазнаёміцца самастойна.

“Мы вельмі актыўна працавалі над паляпшэннем нашай матэрыяльна-тэхнічнай базы, інфармацыйна-адукацыйнага і культурнага асяроддзя. Напрыклад, на факультэце дашкольнай адукацыі адкрылі дашкольнае кафэ, якое стала не толькі месцам грамадскага харчавання, але і цэнтрам культурна-масавых мерапрыемстваў. Сёлета мы пасля рэканструкцыі адкрылі стадыён БДПУ, стварылі спартыўна-трэнажорны комплекс, які размешчаны ў галоўным корпусе. Хутка пасля рамонту і рэканструкцыі ў нас адкрыецца яшчэ адно кафэ-сталовая, дзе нашы студэнты змогуць харчавацца якасна і танна.

Пачалі рэалізацыю важнага спартыўна-адукацыйнага праекта “Беларусіяда”, які ўключае беларускія народныя спартыўныя гульні. Падрыхтавалі неабходныя метадычныя рэкамендацыі, і студэнты факультэта фізічнага выхавання пачнуць рэалізацыю гэтага праекта ў школах, гімназіях Мінска і Мінскай вобласці, у тых навучальных установах, з якімі склаліся найбольш цесныя кантакты. “Беларусіяда” — форма патрыятычнага выхавання школьнікаў і далучэнне да здаровага ладу жыцця.

Яшчэ мы рэалізавалі цікавы праект “Дзеці сталіцы”. Летам нашы студэнты бясплатна ў свой вольны час працавалі са школьнікамі, якім не было куды дзецца. Праект ахопліваў тры сталічныя раёны, у ім удзельнічалі амаль 100 валанцёраў з нашага ўніверсітэта. У выніку праект “Дзеці сталіцы” атрымаў гран-пры на Рэспубліканскім конкурсе “Валанцёр года”.

Вельмі важна і тое, што па даручэнні прэзідэнта ўзмацняем практыкаарыентаванасць падрыхтоўкі нашых студэнтаў. Валанцёрская практыка ў нас з першага курса, педпрактыка — з другога, калі адзін дзень у тыдзень студэнты дапамагаюць настаўнікам, класным кіраўнікам. Такое пагружэнне ў адукацыйны працэс дапамагае студэнтам зразумець, навошта вывучаць педагогіку, псіхалогію, методыкі. Акрамя таго, у студэнтаў фарміруецца зусім іншая матывацыя да набыцця прафесіі”, — працягваў рэктар.

Былі некаторыя мерапрыемствы, якія ў БДПУ імя Максіма Танка праводзіліся ўпершыню, але мелі рэзананс. Ва ўніверсітэце актыўна развіваецца студэнцкая навука. Неабходна, каб выпускнікі, будучыя педагогі, актыўна займаліся даследчай, інавацыйнай дзейнасцю. Для гэтага адпаведны вопыт павінен з’явіцца менавіта ва ўніверсітэце. У БДПУ развіваецца сетка навукова-даследчых лабараторый. Калі 2 гады назад іх было 12, то зараз 35. Па 2—3 лабараторыі працуе на кожным факультэце. Упершыню ў гэтым годзе была праведзена дэкада студэнцкай навукі. “Нам прыемна, што сёлета ў нас было 6 аспірантаў, лаўрэатаў спецыяльнага фонду прэзідэнта нашай краіны, і фактычна ўсе яны абаранілі дысертацыі ці выйшлі на шлях абароны. Гэта ўнікальны стапрацэнты вынік”, — заўважыў А. І. Жук.

Яшчэ Аляксандр Іванавіч быў абраны віцэ-прэзідэнтам Асацыяцыі рэктараў педагагічных універсітэтаў Еўропы, што гаворыць аб прызнанні ролі БДПУ ў міжнароднай адукацыйнай еўрапейскай прасторы. “Вельмі важна, каб настаўнікі Еўропы (а мы таксама члены еўрапейскай супольнасці) маглі працаваць ва ўмовах полікультурнага асяроддзя. Актуальнасць набывае ўменне працаваць са школьнікамі розных краін, культур, рэлігій. Педагогі павінны вучыць талерантнасці, каб у будучым народы жылі ў згодзе.

Акрамя таго, у гэтым годзе мы падалі заяўку ў выканкам СНД аб прысваенні БДПУ статусу базавай арганізацыі краін — удзельніц СНД па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў у галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі.

Актыўна развіваем супрацоўніцтва з вядучымі ўніверсітэтамі Расіі. Напрыклад, мы пакуль адзіныя ў Беларусі рэалізуем праграму сеткавай магістратуры. На факультэце дашкольнай адукацыі сумесна з Расійскім педуніверсітэтам імя А.І.Герцэна рэалізуецца сумесная двухгадовая праграма па экспертызе якасці дашкольнай адукацыі, што з’яўляецца прыкладам павышэння акадэмічнай мабільнасці студэнтаў”, — адзначыў рэктар БДПУ імя Максіма Танка.

Не сумняваюся, што 2017 год будзе ў пед­універсітэце не менш насычаным. Напрыканцы нашай сустрэчы Аляксандр Іванавіч агучыў навагоднія віншаванні: “Усім настаўнікам і педагогам жадаю веры ў тое, што мы выконваем вельмі важную місію для краіны, гістарычна значную, бо працуем з будучыняй нашай краіны, фарміруем будучае пакаленне. Усведамленне гэтай высокай місіі, адказнасці за нашу дзейнасць павінна надаваць нам аптымізму і дадатковай энергіі. Мой аптымізм заснаваны на дзяржаўнай падтрымцы педагогаў. Імідж педагагічнай прафесіі ўзрастае. Гэта адчуваецца і па танальнасці матэрыялаў прэсы, і па адчуванні саміх педагогаў. Усіх з Новым годам!”

Вольга ДУБОЎСКАЯ.