Аб’яднаныя ідэяй патрыятызму і грамадзянскасці

- 14:22Суразмоўца

Сёння на пытанні нашых чытачоў адказвае начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Э.В.ТАМІЛЬЧЫК.

— Эдуард Валянцінавіч, 2018 год аб’яўлены Годам малой радзімы. Які план дзеянняў прыняты нашым міністэрствам? Што для сістэмы адукацыі стане асновай правядзення Года малой радзімы?

— Кіраўнік дзяржавы, абвяшчаючы 2018 год у Беларусі Годам малой радзімы, акцэнтаваў увагу на тым, што толькі асабісты ўдзел кожнага ў гэтым працэсе будзе для новых пакаленняў прыкладам сапраўднага патрыятызму, калі прыгожыя лозунгі і словы падмацоўваюцца канкрэтнымі справамі і ўчынкамі. Сапраўды, абвяшчэнне гэтага года Годам малой радзімы перш-наперш асацыіруецца з патрыятызмам і з грамадзянскасцю.

Выхаванне гэтых якасцей пры фарміраванні асобы з’яўляецца стрыжнем усёй выхаваўчай работы, якая праводзіцца ў сістэме адукацыі, і вакол якога фарміруюцца высокія, сацыяльна значныя пачуцці, перакананні, пазіцыі моладзі, яе гатоўнасць і здольнасць актыўна дзейнічаць на карысць сваёй Радзімы. І ў гэтым паплечнікамі педагогаў з’яўляюцца сям’я, маладзёжныя грамадскія аб’яднанні, прафсаюзныя і ветэранскія арганізацыі.

Год малой радзімы ў сістэме адукацыі насычаны знакавымі падзеямі. Своеасаблівым стартам гэтага года стала свята ў Магілёве, прысвечанае прысваенню гэтаму гораду статусу маладзёжнай сталіцы 2018 года. Для маладзёжнага асяроддзя Магілёў стаў своеасаблівай інтэрактыўнай пляцоўкай для зносін, наладжвання дзелавых і сяброўскіх стасункаў, для абмеркавання злабадзённых пытанняў.

Ва ўсіх установах адукацыі мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці, якія традыцыйна ўваходзяць у планы ідэалагічнай і выхаваўчай работы, гарманічна ўліліся ў правядзенне Года малой радзімы. Такія рэспубліканскія акцыі, як “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, уключаюць у сябе цэлы комплекс разнастайных форм і метадаў, якія даюць магчымасць для больш поўнага пазнання гісторыі і культуры роднага краю.

Са студзеня стартаваў грамадзянска-патрыятычны марафон “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь!”, ініцыятарам якога выступіў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. У маі мы падвядзём вынікі нацыянальнага тэлемарафону “Я ганаруся сваёй сям’ёй”.

З мэтай прыцягнення дзяцей і моладзі да вывучэння гісторыі і культуры роднага краю будуць праведзены творчыя конкурсы, конкурсы сачыненняў і эсэ пра сваю малую радзіму, фальклорныя святы, краязнаўчыя экскурсіі, грамадзянска-патрыятычныя праекты, сямейныя радаводы і многае іншае. Не засталіся ўбаку і нашы дзіцячыя і маладзёжныя арганізацыі. У іх планах — правядзенне дзён вышыванкі, спаборніцтва “Уладар сяла” і шэрага іншых разнастайных мерапрыемстваў.

У рамках працоўных акцый, суботнікаў нашы навучэнцы будуць актыўна займацца навядзеннем парадку і добраўпарадкаваннем тэрыторый.

— Не за гарамі аздараўленчая кампанія, таму хацелася б пагаварыць аб Канцэпцыі дзіцячага адпачынку і аздараўлення ў Рэспубліцы Беларусь. Якія перспектыўныя напрамкі ў ёй вызначаны?

— Арганізацыю дзіцячага адпачынку і аздараўлення сёння можна разглядаць як адзін з найважнейшых кампанентаў здароўезберагальнай тэхналогіі выхавання, якая аказвае ўплыў не толькі на фізічнае развіццё кожнага дзіцяці, але і на маральны і псіхалагічны стан дзяцей.

Канцэпцыя дзіцячага адпачынку і аздараўлення ў Рэспубліцы Беларусь распрацавана ў мэтах удасканалення сістэмы адпачынку і аздараўлення, каб аптымальна задаволіць патрэбы дзяцей і іх бацькоў якаснымі і сацыяльна значнымі паслугамі ў гэтым напрамку. У аснове канцэпцыі закладзены прынцыпы міжведамаснага ўзаемадзеяння, якое мае на ўвазе стварэнне вертыкалі дзяржаўна-грамадскага кіравання сістэмай адпачынку і аздараўлення дзяцей, забеспячэнне ўзгодненасці дзеянняў органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў, грамадскіх і некамерцыйных арганізацый. Акрамя таго, гэты дакумент прадугледжвае інтэграцыю адукацыйнай, сацыяльна-педагагічнай, аздараўленчай, псіхалагічнай, культурна-адпачынкавай дзейнасці выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі, прадастаўляе магчымасць для прыцягнення інвестыцый з боку дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый, камерцыйных структур, для стварэння ўмоў па раскрыцці індывідуальнасці і праяўлення ініцыятывы дзяцей.

У якасці перспектыўных крокаў у развіцці дзіцячага адпачынку і аздараўлення ў канцэпцыі пазначаны кірункі, якія тычацца ўдасканалення нарматыўнай прававой базы, структуры кіравання, удасканалення механізмаў кадравага забеспячэння, укаранення новых тэхналогій немедыкаментознага лячэння і прафілактыкі захворванняў і выкарыстання медыка-псіхалагічнага суправаджэння. Таксама прадугледжваецца забеспячэнне гарантый права дзяцей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, на адпачынак, мэтанакіраванае развіццё розных форм сямейнага адпачынку, стымуляванне развіцця новых, эфектыўных форм аздараўлення, распрацоўка і ўкараненне сучасных тэхналогій і метадаў аздараўленчай работы, удасканаленне рэсурснага забеспячэння арганізацый адпачынку і аздараўлення дзяцей, умацаванне і абнаўленне іх матэрыяльнай базы.

— Дзяржаўнай праграмай “Адукацыя і маладзёжная палітыка да 2020 года” вызначаны напрамкі развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Што ў іх самае адметнае?

— Сучасная сістэма ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў нашай краіне прапануе навучэнцам разнастайнасць напрамкаў дзейнасці, якія задавальняюць самыя розныя інтарэсы, схільнасці і патрэбы. Яна дае магчымасць праявіць ініцыятыву, змястоўна напоўніць вольны час, спрыяе развіццю матывацыі да пазнання і творчасці, самарэалізацыі і прафесійнага самавызначэння навучэнцаў.

У гэтай дзяржаўнай праграме вызначаны напрамкі развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў нашай краіне, сярод якіх — стварэнне сучаснай інфраструктуры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, эфектыўнае суправаджэнне адораных дзяцей і таленавітай моладзі, пашырэнне сеткі аб’яднанняў па інтарэсах па розных профілях у мэтах павелічэння ахопу дзяцей і моладзі дадатковай адукацыяй, мадэрнізацыя навукова-метадычнага забеспячэння, удасканаленне арганізацыі адукацыйнага працэсу з улікам рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у прыватнасці на павышаным узроўні вывучэння вучэбнага прадмета альбо непасрэдна тэмы, развіццё дыстанцыйных форм атрымання дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Арыентуючыся на запыты і інтарэсы дзяцей і моладзі, адміністрацыя і педагогі ўстаноў дадатковай адукацыі павінны весці пошук найбольш эфектыўных форм арганізацыі адукацыйнага працэсу. Аб’яднанне па інтарэсах можа ператварацца, напрыклад, ад гуртка — да клуба або лабараторыі, ад школы юных — да навуковага таварыства вучняў і інш.

Сучаснае адукацыйнае асяроддзе патрабуе пастаяннага аналізу і пошуку аптымальных рашэнняў у пытаннях узаемадзеяння ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з установамі агульнай сярэдняй адукацыі. Новы фармат прафарыентацыйных мерапрыемстваў стымулюе фарміраванне ў навучэнцаў імкнення да свядомага выбару прафесіі з улікам атрыманых ведаў, перспектыў свайго прафесійнага шляху. Прафарыентацыйна-адукацыйны праект “Універсітэцкая субота”, Рэспубліканскі конкурс JuniorSkillsBelarus і іншыя павінны трывала ўвайсці ў практыку сумеснай работы ўстаноў вышэйшай, агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у тым ліку і ў шосты школьны дзень, як на рэспубліканскім, так і на рэгіянальных узроўнях.

Вядучай тэндэнцыяй абнаўлення сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі становіцца ўключэнне яе ў інавацыйную дзейнасць. Так, напрыклад, Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці рэалізуе інавацыйны праект “Укараненне эксперыментальнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў галіне робататэхнікі”, які прадугледжвае паўсюднае ўкараненне праграм аб’яднанняў па інтарэсах па робататэхніцы ва ўстановах адукацыі краіны. У сувязі з гэтым прадоўжана падрыхтоўка педагогаў дадатковай адукацыі да правядзення заняткаў з навучэнцамі па робататэхніцы праз арганізацыю рэспубліканскіх семінараў і практычных заняткаў, майстар-класаў і анлайн-кансультацый.

Важнай задачай у рабоце ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з’яўляецца развіццё маладзёжнага валанцёрства. У адпаведнасці з Канцэпцыяй арганізацыі маладзёжнага валанцёрскага (добраахвотнага) руху ў Рэспубліцы Беларусь у структуры Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства створаны Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр.

Мэтай валанцёрскага руху з’яўляецца стварэнне ўмоў для рэалізацыі правоў моладзі на добраахвотны, бескарысны ўдзел у вырашэнні сацыяльна значных праблем насельніцтва нашай краіны за кошт самарэалізацыі, набыцця новых ведаў і навыкаў, павышэння прафесійных і арганізатарскіх здольнасцей, забеспячэння грамадскай бяспекі.

— Міністэрствам адукацыі прынята пастанова аб змяненнях у Палажэнне аб сацыяльна-педагагічных цэнтрах. Што ў ім новага? Ці застануцца функцыі гэтых цэнтраў нязменнымі?

— Напрыканцы мінулага года была прынята пастанова нашага міністэрства № 145, якая зацвярджае новае палажэнне аб сацыяльна-педагагічным цэнтры. У ім вызначаны асноўныя мэты, задачы і парадак дзейнасці сацыяльна-педагагічных цэнтраў, а таксама функцыі структурных падраздзяленняў і ўмовы прыёму непаўналетніх у СПЦ. Адметна тое, што гэты дакумент прадастаўляе права аблвыканкамам, Мінскаму гарвыканкаму адкрываць абласныя (Мінскі гарадскі) сацыяльна-педагагічныя цэнтры. Абазначаныя падыходы па вызначэнні структуры СПЦ закладзены ў прыкладных нарматывах колькасці работнікаў гэтых цэнтраў.

Дакумент таксама замацоўвае, што спецыялісты СПЦ арганізоўваюць і праводзяць індывідуальную і групавую псіхалагічную карэкцыю, накіраваную на выпраўленне (карэкціроўку) асаблівасцей асобы і паводзін навучэнцаў, якія прыводзяць да псіхалагічных праблем, фарміравання асацыяльных і дэвіянтных паводзін. Палажэнне забяспечвае рэалізацыю мерапрыемстваў комплекснай рэабілітацыі непаўналетніх, ужыванне якімі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных альбо іншых адурманьваючых рэчываў, алкагольных, слабаалкагольных напіткаў альбо піва ўстаноўлена ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Згодна з гэтым дакументам, па даручэнні ўпраўлення (аддзела) адукацыі раённага, гарадскога выканаўчага камітэта, мясцовай адміністрацыі раёна падбіраюць апекуна (папячыцеля), прыёмнага бацьку, бацьку-выхавальніка дзіцячага дома сямейнага тыпу, дзіцячай вёскі (гарадка), здольнага ажыццяўляць выхаванне непаўналетняга і абарону яго асабістых і маёмасных правоў і інш. Палажэннем вызначана кампетэнцыя СПЦ на фарміраванне адзіных падыходаў да арганізацыі прафілактычнай работы ўстаноў адукацыі абласцей і Мінска па папярэджанні сямейнай нядобранадзейнасці, сацыяльнага сіроцтва, асацыяльных паводзін, безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, суіцыдальных рызык у непаўналетніх, па карэкцыі дзіцяча-бацькоўскіх адносін, а таксама на каардынацыю дзейнасці педагогаў сацыяльных і педагогаў-псіхолагаў устаноў адукацыі.

З мэтай аказання прававой дапамогі непаўналетнім і іх законным прадстаўнікам у палажэнні прадугледжана ўвядзенне ва ўсе СПЦ пасады юрысконсульта.

— Раскажыце, калі ласка, аб мерах, прынятых для ўзмацнення індывідуальнай карэкцыйнай работы з цяжкімі падлеткамі.

— Фарміраванне фізічнага, псіхалагічнага, сацыяльнага і духоўнага здароўя падрастаючага пакалення заўсёды было і ёсць у цэнтры ўвагі нашай дзяржавы і грамадства. Фарміраванне ў навучэнцаў прававых ведаў і законапаслухмяных паводзін, зніжэнне колькасці проціпраўных дзеянняў сярод дзяцей і навучэнскай моладзі з’яўляецца найбольш сацыяльна значнай задачай, якая стаіць сёння перад нашым грамадствам і непасрэдна перад сістэмай адукацыі.

Пераадолець негатыўныя з’явы, якія ўзнікаюць у асяроддзі дзяцей і навучэнскай моладзі, можна толькі шляхам стварэння эфектыўнай сістэмы прафілактыкі. Пры наяўнасці пэўнага нарматыўнага прававога поля, шэрага ўжо існуючых механізмаў Міністэрства адукацыі, органы кіравання адукацыяй рэгіёнаў, Мінска, непасрэдна навучальныя ўстановы ва ўзаемадзеянні з органамі ўнутраных спраў, аховы здароўя і іншымі структурамі працягваюць работу па ўдасканаленні прафілактычнай работы з непаўналетнімі. Прафілактычныя меры носяць сістэмны характар і ахопліваюць навучэнцаў, іх законных прадстаўнікоў і педагагічных работнікаў.

— Як будзе функцыянаваць група экстраннага рэагавання, якая была нядаўна створана?

— З канца мінулага года працуе група экстраннага рэагавання на крызісныя сітуацыі, якія ўзнікаюць у спецыяльных вучэбна-выхаваўчых і лячэбна-выхаваўчых установах. У яе склад увайшлі практыкуючыя псіхолагі, дактары і кандыдаты псіхалагічных навук. Група экстраннага рэагавання пасля атрымання пэўнай інфармацыі неадкладна выязджае ў спецыяльную вучэбна-выхаваўчую альбо лячэбна-выхаваўчую ўстанову, вывучае сітуацыю, якая ўзнікла, і ўносіць прапановы па яе вырашэнні адміністрацыі ўстановы, а пры неабходнасці — Міністэрству адукацыі.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.