Ад каласка да духмянай лусты

- 15:39Нам пішуць

Традыцыйнае свята “Мая праца ўліваецца ў працу маёй рэспублікі”, прысвечанае Году малой радзімы і Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, зладзілі ў Валеўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Навагрудскага раёна.

У аграгарадку Валеўка гэта свята для ўсіх. Сярод іх — бацькі нашых вучняў: хлебаробы і жывёлаводы, механізатары і вадзіцелі, спецыялісты і кіраўнікі сельскай гаспадаркі. Дзякуючы іх нястомнай працы на нашых сталах ёсць самы галоўны і смачны прадукт — хлеб.

Вучні даведаліся, як спрадвеку працаўнікі-беларусы цанілі хлеб, як многім невялікі акрайчык выратаваў жыццё ў блакадным Ленінградзе. Тэатралізаваная дзея нагадала цяжкі шлях хлеба да нашага стала: ад каласка да духмянай лусты.

Словы ўдзячнасці былі выказаны ўсім, хто мае дачыненне да шчодрага ўраджаю.

У святочныя дні прынята падводзіць вынікі. Вучні расказалі аб сваім ўдзеле ў пятай працоўнай чвэрці. Гэта і работа ў цэнтры занятасці, у лагеры працы і адпачынку, дапамога бацькам на калгасным элеватары. Мы, жыхары вёскі, добра ведаем, як хлеб на стол прыйшоў, і разумеем, што як бы ні мяняўся і ні ўдасканальваўся вытворчы працэс, якія б сучасныя тэхналогіі ні прыходзілі ў сельскую гаспадарку, яны ўсё роўна патрабуюць умелых і працавітых рук.

Вольга ФЕДАСЮК,
класны кіраўнік 7 класа
Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.