Адкрывалі новыя планеты

- 14:59Нам пішуць

Штогод у нашай установе адукацыі працуе летні аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Здаравячок”. Сёлета ў лагеры прайшлі аздараўленне 90 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў. Абавязковым з’яўляецца знаходжанне тут хлопчыкаў і дзяўчынак са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, а таксама з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

У аснове арганізацыі змены — легенда, у адпаведнасці з якой усе дзеці, якія наведваюць лагер, становяцца касманаўтамі і адпраўляюцца ў “Вялікае касмічнае падарожжа”, дзе выхавальнікі — бортправаднікі, а дырэктар лагера — цэнтр упраўлення палётам. Увесь лагер падзяліўся на 4 атрады-экіпажы — “Камета”, “Галактыка”, “Вясёлая ракета”, “Лунны дэсант” — і выбраў сваіх капітанаў. Кожны экіпаж стварыў сваю асаблівую сістэму жыццядзейнасці і зацвердзіў сімволіку. Пэўны дзень змены быў прысвечаны адкрыццю адной з планет. А іх аж 18 — столькі, колькі дзён доўжылася наша падарожжа. І кожная планета была выбрана невыпадкова.

У летнім лагеры было ўсё неабходнае для адпачынку дзяцей: падрыхтаваныя пакоі, памяшканні для гульняў, спартыўная зала і пляцоўка. Для правядзення тэматычных гутарак, святаў, прагляду кінафільмаў і мультфільмаў выкарыстоўваліся кабінеты пачатковай школы і актавая зала, абсталяваныя камп’ютарамі і медыяпраектарам. Для штодзённых прагулак і спартыўных мерапрыемстваў выкарыстоўвалася спартыўная зала (у дрэннае надвор’е) і пляцоўка на тэрыторыі школы.

Для ўмацавання здароўя дзяцей (планета спорту і здароўя) абавязковай умовай было максімальнае знаходжанне на свежым паветры, правядзенне рухомых гульняў. На працягу лагернай змены ладзіліся спартыўныя гульні “Касмічны футбол” і “У гульні беларускія гуляем”, вясёлыя старты “Ура! Канікулы”, гульні-гутаркі “Калі хочаш быць здаровым” і “Вітаміны А, В, С…”, спартыўнае мерапрыемства “Сонца, паветра і вада”, практычныя заняткі “Нашы сябры вітаміны”, малыя касмічныя гульні, піянербол, валейбол.
Адным з важных кірункаў дзейнасці лагера было вывучэнне роднага краю (планета “Беларусачка”), гісторыі і сучаснасці. У гэтым годзе на борце нашага карабля з’явіўся адметны куточак пад назвай “Куток малой радзімы”, звяртаючыся да якога дзеці маглі пазнаёміцца з нацыянальнымі каштоўнасцямі, а госці лагера мелі магчымасць паўдзельнічаць ў акцыі “Знайдзі сваю малую радзіму!”. Выхавальнікі падрыхтавалі фотавыставу “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, правялі конкурс малюнкаў на асфальце “Мой родны куточак”, творчую гасціную “Сэрцам адданыя роднай зямлі”, краязнаўчы ўрок “Наш край — зямлі часцінка”. У рэалізацыі дапамаглі экскурсіі і паходы.

Уменне сябраваць і разумець іншых (планета сустрэч) мае вельмі важную ролю, а паразуменне і камунікабельнасць на шляху станаўлення асобы залежыць ад выхавання дзіцяці. Таму былі праведзены гульня-знаёмства “Будзем знаёмыя” і трэнінг на згуртаванне “Домік сяброўства”, “Вучымся жыць разам”, экскурсія па сцяжынках роднага краю, забаўляльна-гульнёвая праграма “Прывітанне, лагер!”.

Дзеля бяспекі жыццядзейнасці дзяцей (планета бяспекі) праведзена віктарына “Асновы бяспекі жыццядзейнасці чалавека ў небяспечных і надзвычайных сітуацыях” (паўтарылі асноўныя правілы паводзін у прыродзе, на вуліцы і дома); былі арганізаваны трэніровачныя вучэнні па эвакуацыі дзяцей і супрацоўнікаў лагера на выпадак пажару, гутаркі на тэму бяспечных паводзін на вадаёмах. Найбольш уразіла дзяцей паказальнае выступленне пажарнай брыгады.

Займаліся грамадска-карыснай працай (планета працаўнікоў): даглядалі кветкі, прыбіралі школьную тэрыторыю.

Эфектыўнасць аздараўлення дзяцей ва ўмовах аздараўленчага лагера ацэньвалі на падставе супастаўлення звестак двух медыцынскіх аглядаў — у пачатку і канцы лагернай змены. Комплексны аналіз паказчыкаў даў магчымасць ацаніць эфектыўнасць аздараўлення кожнага дзіцяці. Дзякуючы здароваму рацыянальнаму харчаванню, правільнаму рэжыму дня дзеці паправіліся ў сярэднім на 0,5—1 кг і выраслі на 1—1,5 сантыметра.

За актыўны ўдзел у конкурсах і мерапрыемствах узнагароджвалі граматамі, салодкімі прызамі і падарункамі.

Ганна ШУНДРЫК,
дырэктар летняга аздараўленчага лагера “Здаравячок”
Казлоўшчынскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна.