Адпачылі і прадэманстравалі таленты

- 15:53Нам пішуць

Здаровыя дзеці — будучыня краіны. І наша дзяржава робіць усё, каб умацаваць здароўе дзяцей, якія пражываюць на тэрыторыі, пацярпелай ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Паездка на аздараўленне для школьнікаў — гэта не толькі ўмацаванне здароўя, але і новыя сустрэчы, знаёмствы. Вось і з цяперашняй паездкі ў санаторый “Свіслач” 82 навучэнцы Лудчыцкага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Быхаўскага раёна прыехалі з процьмай уражанняў.

У санаторыі адразу ж уключыліся ў кругаварот спраў: наведвалі лячэбныя працэдуры, рыхтаваліся да заняткаў, але не забывалі і пра вольны час. З задавальненнем удзельнічалі ва ўсіх культурна-масавых і спартыўных мерапрыемствах, у інтэлектуальных конкурсах.

Займальна прайшла конкурсная спартыўная праграма “А ну, хлопчыкі!”. Не было роўных нашай камандзе ў конкурсе марскіх экіпажаў “Тры караблі”: хлопцы “запаўнялі бакі палівам”, пераадольвалі перашкоды, выконвалі песні на марскую тэматыку. У конкурснай праграме мастацкага майстэрства “Хвіліна славы” ўсе лаўры дасталіся Ігару Шапавалаву.

У творчым конкурсе “Міс зачараванне” Тамара Масціцкая заваявала тытул “Міс грацыя”. Лепшым сярод рыцараў быў Андрэй Сухарукаў у конкурсе “Рыцарскі турнір”. За актыўны ўдзел у культурна-масавых і спартыўных мерапрыемствах санаторыя Мікіта Гарцуеў, Ігар Цітоў, Андрэй Сакалоў, Аляксей Рамінскі, Андрэй Сухарукаў, Ігар Шапавалаў, Таццяна Лазарава, Ангеліна Рыжанкова ўзнагароджаны граматамі.

Пазнавальнай для нашых навучэнцаў была экскурсія ў краязнаўчы музей мясцовай школы, дзе сабраны багаты матэрыял пра гісторыю вёскі Свіслач. У XVI стагоддзі гэта быў горад Вялікага Княства Літоўскага.

Займальным і пазнавальным атрымаўся адпачынак у школьнікаў, і з’язджаць з санаторыя зусім не хацелася.

Галіна МЕЛЬНІКАВА,
класны кіраўнік 11 класа
Лудчыцкага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Быхаўскага раёна.