Амбасадар сучаснай адукацыі

- 11:42Суразмоўца

Сучасная, цікаўная, нераўнадушная энтузіястка. Сёння немагчыма быць настаўнікам, калі ты не разумееш карысці сучасных інфармацыйных тэхналогій, калі не цікавішся педагагічнымі трэндамі (прамымі і ўскоснымі, зместавымі і формаўтваральнымі), калі не разумееш, як суаднесці патрэбы з магчымасцямі (прычым як вучнёўскія, так і свае, педагагічныя), і калі ты не можаш праяўляць ініцыятыву, каб даць сваім вучням крыху больш, чым закладзена ў вучэбнай праграме. У асобе Ірыны Адамовіч усё гэта ёсць. Яна ў трэндзе як сярод вучняў, так і сярод калег. 

Задаючы вектар свайму развіццю, Ірына Віктараўна нібы флагман для астатніх. І планка яе самаразвіцця толькі павышаецца. За мінулы навучальны год настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 20 Барысава наведала (сама і разам з навучэнцамі) вельмі шмат майстар-класаў, інтэнсіваў, воркшопаў не толькі педагагічнай тэматыкі. ІТ або бізнес-асяроддзе таксама мо­гуць многаму навучыць настаўніка. Самаадукацыя педагога — рэч неаспрэчная. Але як ператварыць яе ў натхненне, матывацыю? Вось гэта і стала тэмай нашай гаворкі з настаўнікам-метадыстам Ірынай Віктараўнай Адамовіч.

— Ірына Віктараўна, вы дастаткова вядомы педагог, але, думаю, нямногія ведаюць пра ваш шлях у прафесію. Чым вас зачапіла настаўніцтва? Чаму выбралі матэматыку?

— Настаўніцай я стала раптам і за адзі­н дзень — 3 верасня 1994 года. Да гэтага я працавала год у санаторыі малодшай медыцынскай сястрой пасля заканчэння МРТІ (цяпер БДУІР). Мяне ўзялі на работу ў сельскую школу настаўніцай матэматыкі і інфарматыкі, бо там зусім не было спецыяліста. Спачатку было складана. Калі ты вучышся ў педагагічным універсітэце, то нават падсвядома рыхтуешся да прафесіі настаўніка, не гаворачы пра тое, што ўжо са студэнцкіх часоў пачынаеш збіраць багаж ведаў і навыкаў для сваёй будучай прафесіі. Аналізуеш, запамінаеш, прагназуеш педагагічныя сітуацыі, якія потым могуць табе сустрэцца. А тут, калі твая кваліфікацыя “канструктар-тэхнолаг радыёэлектроннай апаратуры”, ты прыходзіш у школу ў якасці настаўніка матэматыкі і інфарматыкі, але з сабой нічога няма… Было вельмі цяжка, праўда, не з прадметным зместам. Я не ўмела будаваць узаемаадносіны з дзецьмі, наладжваць прадукцыйную працу ў класе. Маімі праваднікамі ў свет педагогікі сталі жаданне і работа над сабой.

Усведамленне таго, што ў мяне непедагагічная адукацыя (а работы па спецыяльнасці ў раённым цэнтры проста не існавала), прымусіла падумаць пра другую вышэйшую адукацыю. У БДУ тады месцаў не аказалася, а вось у педагагічны ўніверсітэт мяне прынялі. Так праз некаторы час я атрымала яшчэ адну кваліфікацыю “настаўнік матэматыкі і інфарматыкі”. І гэта стала справай усяго майго жыцця. Вучыцца другі раз было сапраўдным задавальненнем. Я не ўдзяляла шмат увагі прадметам, якія, на маю думку, былі нязначныя ў маёй працы, а вось практыка рашэння задач па матэматыцы, інфарматыцы — гэта тое, чым я займалася нават звыш таго, што давалі выкладчыкі. Любоў да прафесіі, захопленасць ёй фарміраваліся ў працэсе.

— Ваша гісторыя пацвярджае думку, што настаўнікамі не нараджаюцца, а становяцца. Як за гады работы мяняўся ваш стыль выкладання? Што цяпер ляжыць у аснове вашых педагагічных прынцыпаў?

—  Насамрэч, усё мяняецца: жыццё, свет, дзеці, мы. Натуральна, памяняўся і мой стыль выкладання. Першае, што мне параілі, калі толькі пачынала працаваць настаўніцай, — гэта трымаць дысцыпліну. Я быццам і старалася яе трымаць, але ўнутрана разумела, што значна важнейшы кантакт з класам, дзецьмі, уменне пры­маць адно аднаго, а таксама майстэрства настаўніка весці за сабой, быць прыкладам. Калі настаўнік думае пра тое, хто ён, што ён робіць, пра сваё месца і місію, успрымае інфармацыю, умее аналізаваць і атрымліваць зваротную сувязь, то ён кожную хвіліну самаўдасканальваецца, мяняецца. Зразумела, што і стыль яго выкладання мяняецца.

Але гэта не азначае, што, напрыклад, 10—15 гадоў назад я была дрэнным педагогам, а цяпер столькі ўва мне прырасло. Тады, у той момант часу, я была менавіта тым спецыялістам, якім сябе адчувала, які, па-мойму, быў запатрабаваны дзецьмі. А зараз я такая настаўніца, у якой, думаю, маюць патрэбу цяперашнія дзеці. І гэта зусім не значыць, што мой вобраз ідэальны. Не. Ён індывідуальны. Я не падобная да настаўніка, напрыклад, рускай мовы, фізікі ці біялогіі. Але ж у гэтых адрозненнях і заключаецца хараство адметнасці і непаўторнасці. Яшчэ важна ўмець адчуваць, разумець тое, як успрымаюць цябе дзеці і наколькі гэтыя вобразы адпавядаюць рэчаіснасці (педагагічным задачам і вучнёўскім патрэбам). Узаемаразуменню вельмі спрыяе рэфлексія, калі ўвесь час ставяцца пытанні: “Што думаю я, а што — дзеці? Што важна, а што трэба прыбраць (дадаць)? Ці дасягаюцца мэты?”

Дзеці… Яны ўсе такія розныя. З рознымі характарамі, марамі, тэмпераментам, запытамі. І неабавязкова яны павінны ведаць і любіць мой прадмет. Настаўнік дапамагае дзіцяці раскрыцца ў тым, што блізка менавіта яму, стварыць сітуацыю поспеху, падрыхтаваць да будучага дарослага жыцця. Мне здаецца, што зараз трэба навучыць дзіця браць адказнасць на сябе, навучыць вучыцца, дапамагчы ўсвядоміць тое, што, каб быць паспяховым у дарослым жыцці, вучыцца і самаадукоўвацца прыйдзецца ўвесь час. Важна ўмець слухаць і чуць іншых, валодаць эмацыянальным інтэлектам, працаваць у камандзе, умець займаць актыўную жыццёвую пазіцыю і быць адказным не толькі за сябе, але і за тое, што вакол цябе: за дом, вуліцу, горад, краіну.

— Каб навучыць усяму пералічанаму, трэба самому быць такім або імкнуцца стаць. Як вы ставіцеся да самаадукацыі настаўніка, у прыватнасці да тых тэм па самаадукацыі, якія мае кожны педагог у краіне? Гэта стымулюе ці прыгнятае пэўнымі рамкамі?

— Калі мяне пытаюцца пра хобі, то я адказваю, што маё хобі — вучыцца. Гэта самае вялікае і значнае для мяне захапленне. І з кожным годам знаходзіць магчымасці і тэмы для таго, каб пазнаваць нешта новае, усё лягчэй і прасцей. Шмат анлайн-курсаў, шмат калег у сетках. Ёсць магчымасць абменьвацца думкамі, абмяркоўваць штосьці, арыентаваць адно аднаго на розныя рэсурсы, вэбінары, новыя кірункі ў адукацыі. У маім партфоліа шмат пасведчанняў аб павышэнні кваліфікацыі ад расійскіх калег, а тэмы розныя: алімпіядныя задачы па матэматыцы, коўчынг у адукацыі, развіццё эмацыянальнага інтэлекту, настаўніцтва ў дзіцячых інжынерных праектах. Ёсць нават курс ад Стэмфарда “Навошта вучыць матэматыку?”.

Сапраўды, у школе ёсць паняцце “тэма для самаадукацыі”. І ў маёй школе так прынята, што ты працуеш над тэмай самаадукацыі тры гады, а потым рыхтуеш справаздачу ў выглядзе праекта, артыкула, даследавання. Хачу сказаць, што гэта мяне ніколі не напружвала. Часта бывала нават так, што я выбірала якую-небудзь цікавую для сябе тэму па самаадукацыі, працавала над ёй, а пасля гэта абавязкова вылівалася ў артыкул, праект ці нешта яшчэ. Потым знаходзілася яшчэ нейкая тэма, якая захоплівала, і гэта была зноў работа з практычным выхадам. Адзінае, для мяне тры гады і адна тэма — гэта занадта шмат. Я паспяваю больш. І вялікі дзякуй калектыву нашай школы, дзе ўсё гэта нармальна ўспрыма­юць, даюць прастору і свабоду для самаадукацыі і творчасці. І вельмі спакойна ставяцца да таго, што заяўленая мной у пачатку тэрміну тэма трансфармуецца і перафармулюецца, бо галоўнае — гэта якасць самаадукацыі. 

— Асобасны рост і прафесійны — гэта для вас розныя рэчы ці ўзаемазвязаныя?

— Самаадукацыя — гэта і асабісты рост, і прафесійны. І адно з другім настолькі звязана, што для мяне яно не падзяляецца і мае размытыя межы. Пастаянна думаеш, аналізуеш, чаго табе не хапае ці хочацца ў пэўны момант і якія магчымасці для гэтага існуюць. Вось гэта і дадаеш. А гэта могуць быць як прафесійныя навыкі, метады, прыёмы, методыкі, так і асобасныя новыя ўменні і скілы (здольнасць дзейнасці, сфарміраваная шляхам паўтарэння і давядзення да аўтаматызму).

— Ірына Віктараўна, каб зразумець ваш рытм і напрамкі ў самаадукацыі, раскажыце пра траекторыю свайго развіцця ў мінулым навучальным годзе.

— Вельмі важны для мяне прафесійны скачок адбыўся два гады назад, калі быў запушчаны праект “Школьны STEM-парк” і я стала яго каардынатарам. Гэта дадало значнасці ўсяму, што я раблю, дапамагло пашырыць кола знаёмстваў. Я выйшла за межы педагагічнай грамадскасці і зразумела, што вельмі люблю тое, што раблю. Праца прыўнесла новыя сэнсы і новыя эмоцыі. І гэта быў вялікі рост, найперш асобасны і, як вынік, прафесійны.

Што тычыцца канкрэтна гэтага навучальнага года, то было вельмі шмат усяго. Перш за ўсё 22-дзённая стажыроўка ў ЗША па тэме “STEM-адукацыя школьнікаў”, а затым дзясятак сустрэч і семінараў па выніках паездкі. Яшчэ павышэнне кваліфікацыі для настаўнікаў-метадыстаў у красавіку ў МАІРА. Павышала кваліфікацыю на XXX летніку настаўнікаў і метадыстаў па тэме “Праектнае навучанне” ў Альхоўцы, вочна ўдзель­нічала у II Міжнародным сімпозіуме “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця —  сацыяльны дагавор” і яшчэ трох рэспубліканскіх канферэнцыях , у фестывалі навукі ў Магілёве. У снежні атрымала пасведчанне аб праходжанні павышэння кваліфікацыі пры МФТІ “Выбраныя тэмы алімпіяднай матэматыкі”. Цяпер праходжу дыстанцыйны курс пры інавацыйным цэнтры “Сколкава” “Як стаць настаўнікам праекта?”, мару пра курс прамоўніцкага май­стэрства ў Дзмітрыя Смірнова.

А яшчэ ў чэрвені гэтага года я атрымала дыплом за паспяховае праходжанне 10-месячнага адукацыйнага курса па лідарстве і прафесійным развіцці “Ментарская праграма для жанчын у лідарстве”. Курсы падарылі шмат яркіх сустрэч, знаём­стваў, актыўнасцей, не звязаных з педагагічнай дзейнасцю. Заўважу, што такія сустрэчы мяне вельмі ўзбагачаюць. Я знаходжу шмат паралелей паміж бізнесам і адукацыяй, паміж IT-галіной і адукацыяй. Усё гэта добра трансфармуецца і выкарыстоўваецца ў педагагічных прыёмах.

Але гэта не поўны спіс. У скарбонцы самаадукацыі ёсць яшчэ ўдзел у журы III этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, турніры юных матэматыкаў, раённай навукова-практычнай канферэнцыі, у рабоце экзаменацыйнай камісіі на здачу экзамену на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Важнай для мяне была і арганізацыя Другога адкрытага конкурсу STEM_fest_Borisov, удзельнікамі якога сталі больш за 150 школьнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі і больш за 50 настаўнікаў.

Было шмат валанцёрскай работы, таму, напэўна, асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” назвала мяне STEM-амбасадарам. Зараз з яшчэ пяццю іншымі STEM-амбасадарамі рыхтуем летнік “Настаўнікі для настаўнікаў” (https://molamola.by/campaign/726?fbclid=IwAR2NFSq8b6ukZW7wexCDknWuX9MR0aDjYGmM0w8qdX6xLasQaC4r6wloR1M). Мы запусцілі краўдфаўндынгавую кампанію, на якой ужо сабрана 585 рублёў, знайшлі спонсараў для аплаты пражывання, харчавання і праезду, запрасілі цікавых спікераў. Мэта летніка — стварэнне спрыяльнага творчага асяроддзя, накіраванага на распрацоўку сацыяльна значных адукацыйных праектаў. Цяпер займаемся распрацоўкай праграмы і лагістыкай.

— Ірына Віктараўна, на ваш погляд, якім павінен быць настаўнік, каб адпавядаць і часу, і вучнёўскім запытам?

— Будучы ўдзельнікам шматлікіх мерапрыемстваў (непедагагічнага профілю), я бачу заклапочанасць і хваляванне за адукацыю нашай краіны ва ўсіх людзей. Гэта сведчыць пра тое, што некалі страчаны прэстыж прафесіі адраджаецца. У большасці ёсць дакладнае разуменне важнасці добрай адукацыі, а значыць, і значнасці прафесіі настаўніка. Яшчэ я ўсё часцей назіраю навучэнцаў, якія хочуць стаць настаўнікамі (і матэматыкі ў тым ліку). І зусім не таму, што цяпер невысокі прахадны бал у педагагічныя УВА, а таму, што бачаць сябе ў гэтай прафесіі. Гэта выдатна і дае надзею.

Я ведаю шмат творчых, таленавітых настаўнікаў, сапраўдных прафесіяналаў. Але сустракаюцца і тыя, хто пастаянна скар­дзіцца: усё ім не тое, і папер шмат, і абавязкаў шмат, і патрабаванняў. Але! Нягледзячы на ўсе складанасці, вельмі важна разумець, што сярод уяўнай абмежаванасці ў правах і ўсялякіх рэгламентаў настаўнік вельмі вольны. Ён вольны выбіраць методыку, прыёмы, форму падачы новага матэрыялу, ход урока. Ніхто не дае яму ўказанняў і не навязвае правіл ва ўзаемаадносінах з класам. У настаўніка на самай справе шмат свабоды і магчымасцей для творчасці. На жаль, ба­чыць гэта толькі той настаўнік, які хоча і можа тварыць.

Якім павінен быць сучасны настаўнік? Вядома ж, сучасным, які ідзе ў нагу з часам, адчувае гэты час, разумее сваіх вучняў і думае на крок наперад. 

Зараз сваіх вучняў я арыентую на:

  • актыўнасць, уменне самому выбі­раць, прымаць рашэнні, браць адказнасць на сябе, мы не павінны быць выканаўцамі (за нас простую працу могуць зрабіць робаты), мы каштоўныя менавіта тым, што ламаем звыклыя алгарытмы;
  • крэатыўнасць, творчасць, уменне генерыраваць ідэі, не баяцца праяўляць свае таленты, умець дэманстраваць іх, прымаць ідэі іншых, умець бачыць часам і ў абсурдным новае і рацыянальнае;
  • пастаянную самаадукацыю, без гэтага ў наш час немагчыма быць паспяховым, гэта як жыццёвая патрэба;
  • любоў да таго, што робіце, важна атрымліваць ад працы задавальненне, і няважна, кім вы станеце: кухарам, настаўнікам ці праграмістам;
  • уменне супрацоўнічаць і дамаўляцца — гэта тыя якасці, якія становяцца ўсё больш запатрабаванымі, бо ні адно значнае адкрыццё, вынаходства, стратэгія цяпер не выпрацоўваецца ў адзіночку, тут патрэбен і эмацыянальны інтэлект.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.