Англійская мова — трэнд IT-адукацыі

- 11:27Вышэйшая школа

Ці патрэбна англійская мова праграмісту? Сёння адказ на гэтае пытанне не выклікае сумненняў — без ведання мовы міжнародных зносін няма чаго рабіць у сферы інфармацыйных тэхналогій. Скончыць універсітэт і наганяць упушчанае на спецыяльных курсах — не лепшы варыянт для сучаснага спецыяліста. А вось авалодаць замежнай мовай падчас вучобы, атрымаць каштоўную практыку зносін і навыкі, неабходныя для будучай працы, — гэта зусім іншая справа.

У след за тэндэнцыямі сённяшняга дня факультэт фізікі і інфармацыйных тэхналогій Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны робіць стаўку на IT з веданнем замежнай мовы. Напрыклад, сёлета 40% выпускнікоў кафедры “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі” распрацавалі і паспяхова абаранілі дыпломныя праекты на англійскай мове. Размаўляем пра гэта з загадчыкам кафедры АСАІ Віктарам Леўчуком.

— Віктар Дзмітрыевіч, у сувязі з чым з’явілася практыка абароны дыпломаў на англійскай мове?

— Вывучэнне англійскай мовы студэнтамі IT-спецыяльнасцей — пажаданне работадаўцаў, якія зацікаўлены ў кампетэнтных кадрах. Такія абароны дыпломаў — гэта своеасаблівае падвядзенне вынікаў работы, якая праводзілася на працягу ўсіх гадоў навучання. Першы вопыт кафедра атрымала ў мінулым годзе — у той час 3 студэнты спецыяльнасці абаранілі дыпломы на англійскай мове. А сёлета 12 студэнтаў з 30 прынялі гэты выклік і годна з ім справіліся.

— Напісаць тэкст тлумачальнай запіскі на англійскай мове — не такая ўжо і праблема. Айцішнікі цудоўна валодаюць інтэрнэт-перакладчыкамі…

— Не зусім так. Гэта быў поўны пакет актыўнасцей: напісанне тлумачальнай запіскі, афармленне суправаджальнай дакументацыі, выступленне з прэзентацыяй на абароне, сесія пытанняў ад членаў дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі і адказы на іх, водгук навуковага кіраўніка і каментарыі па заўвагах рэцэнзента. Дарэчы, выпускнікі прызналіся, што найбольш складаным этапам была дыскусія з членамі камісіі, калі патрабавалася не проста семантычна і граматычна правільна, а перш за ўсё кампетэнтна адказаць на пытанні, у якіх часта сустракаліся падвохі. Як члены камісіі, так і самі студэнты атрымалі задавальненне ад новага трэнду ў вышэйшай IT-адукацыі.

— Але не ўсе выпускнікі абараняюць дыпломныя праекты на англійскай мове. Значыць, гэта неабавязкова?

— На бягучы момант неабавязкова. Аднак сучасная моладзь, разважаючы пра кар’ерныя перспектывы і разумеючы сітуацыю на рынку працы, сама зацікаўлена ва ўдасканаленні свайго ўзроўню. Часцей за ўсё ініцыятыва праводзіць вучэбны працэс на мове міжнародных зносін ідзе ад саміх студэнтаў.

— Наколькі рэальна авалодаць англійскай мовай, калі вучышся на IT-спецыяльнасці?

— Гэта няпроста, бо замежная мова не адносіцца да профільных прадметаў і вывучаецца толькі на 1 курсе. Далей ужо самаматывацыя і самаадукацыя: дадатковыя курсы і трэнінгі, практыка жывых зносін падчас стажыровак у кампаніях і, вядома, імкненне ўнесці элементы англійскай мовы ў штодзённыя заняткі ва ўніверсітэце (гэта могуць быць выступленні на семінарах, кансультацыі на практычных занятках, абарона лабараторных работ і курсавых праектаў і інш). На занятках студэнты шырока кантактуюць з выкладчыкам і адно з адным, вучацца таму, што сапраўды спатрэбіцца для будучай працы, пераадольваюць моўны бар’ер, атрымліваюць выдатныя ўрокі пісьмовай і гутарковай мовы.

— Па вашых назіраннях, у выпускнікоў з веданнем замежнай мовы большыя шансы зрабіць кар’еру ў ІТ-сферы?

— Безумоўна! Гэтая ініцыятыўная моладзь ужо з 2 курса актыўна ўключаецца ў практыку і ўзаемадзеянне з кампаніямі — будучымі работадаўцамі: EPAM Systems, ІВА — Гомель і інш. У гэтым ім актыўна дапамагаюць выкладчыкі кафедры. Многія студэнты сумяшчаюць вучобу з працай і да моманту выпуску з універсітэта ўжо з’яўляюцца вопытнымі кваліфікаванымі спецыялістамі. Ці трэба казаць, што рынак інфармацыйных тэхналогій зацікаўлены ў такіх выпускніках?!

— Якія перавагі яны атрымаюць у працы?

— Здольнасць хутка адаптавацца ў сферы дзейнасці, гнуткасць і мабільнасць, уменне аператыўна вырашаць праблемы. Тут важна разумець, што IT-рынак пабудаваны перш за ўсё на міжнародных зносінах, і практычна штодня праграмісты ўзаемадзейнічаюць з замежнымі партнёрамі. Гэта і пісьмовая англійская мова — разуменне тэрміналогіі, чытанне тэхнічнай дакументацыі, вывучэнне прафесійнай літаратуры, вядзенне дзелавых перапісак і інш. Гэта і непасрэдныя зносіны з кліентамі. Пагадзіцеся, значна прасцей і зручней весці перамовы і вырашаць пытанні самастойна і наўпрост, без дапамогі пасрэднікаў і перакладчыкаў. Гэта выгадна і самому праграмісту, кампетэнцыя якога дазваляе атрымліваць вялікую аддачу, у тым ліку матэрыяльную, і кампаніі, якой не трэба трымаць штат перакладчыкаў.

Адным словам, жадаеце быць канкурэнтнымі на міжнародным IT-рынку — практыкуйце англійскую мову!

Святлана ХАЗЕЙ.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.