БДПУ праводзіць Зорны паход

- 12:26Адукацыйныя праекты

Традыцыйны Зорны паход па месцах баявой і працоўнай славы праходзіць у БДПУ. Старт інтэрнацыянальнаму 57­-му Зорнаму паходу далі 25 студзеня ў вядучым педуніверсітэце на плошчы Незалежнасці. Упершыню паход правялі яшчэ ў 1966 годзе.

Удзельнікаў паходу прывітаў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Уладзіміравіч Кадлубай.

— 2022 год аб’яўлены ў Беларусі Годам гістарычнай памяці. Міністэрства адукацыі ў патрыятычным выхаванні моладзі важнае месца адводзіць захаванню гістарычнай памяці, асабліва гераічнаму подзвігу ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Студэнцкая моладзь наведвае ветэранаў, ускладае кветкі да абеліскаў, узаемадзейнічае па гэтым напрамку са школьнікамі. Такія мерапрыемствы ўносяць уклад у прадухіленне спроб перапісвання гісторыі, што, на жаль, мы назіраем з боку шэрага дзяржаў, — падкрэсліў намеснік міністра. — Традыцыйна Зорны паход дапамагае ў прасоўванні іміджу педагога, папулярызацыі сістэмы адукацыі, умацаванні дружбы паміж дзяржавамі, наладжванні сяброўскіх і дзелавых адносін. Беларусы заўсёды будуць помніць той уклад, які ўнеслі дзяржавы СССР, што прынялі на сябе ўдар і вызвалялі кожны метр нашай Радзімы.

Пра традыцыі правядзення Зорнага паходу падчас старту расказала першы прарэктар БДПУ Святлана Іванаўна Копцева:

— Ва ўніверсітэце ёсць цудоўная традыцыя: пасля сесіі падчас зімовых канікул студэнты адпраўляюцца па месцах баявой славы беларускага народа. Першы Зорны паход стартаваў у 1966 годзе з гэтай плошчы. Таму сімвалічна, што 57-ы паход, прысвечаны Году гістарычнай памяці, пачнецца менавіта адсюль. Асноўная наша мэта і ідэя — перш за ўсё ўшанаваць па­мяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, захаваць памяць і праўду аб падзеях тых гадоў.

Сярод удзельнікаў паходу ёсць студэнты, якія ўжо не першы раз адпраўляюцца ў Зорны паход. Гэта студэнтка філалагічнага факультэта Кацярына Каласееўская, якая ў складзе атрада “Максімавы нашчадкі” адправілася ў Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці.

— Гэта мой другі Зорны паход. Я вельмі ганаруся тым, што магу пры­няць удзел у такой важнай справе, аддаць даніну памяці тым, хто загінуў, змагаючыся за Радзіму, нагадаць падрастаючаму пакаленню, якія страшныя часы перажылі людзі. Для мяне вельмі важна захаваць памяць пра наша гераічнае мінулае, пабываць у розных кутках краіны, дакрануцца да самабытнай культуры Беларусі, пазнаёміцца з рознымі людзьмі, абмяняцца з імі вопытам і расказаць пра свой універсітэт, — падзялілася ўдзельніца паходу.

Разам са студэнтамі БДПУ ў інтэрнацыянальным 57-м Зорным пахо­дзе прымаюць удзел студэнты і выкладчыкі з Арменіі, Казахстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. Сярод іх — старшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі іншамоўнай падрыхтоўкі факультэта замежных моў Караган­дзінскага ўніверсітэта імя Я.А.Букетава (Казахстан) Дзінара Канатаўна Джалданава.

— Я прыехала, каб ушанаваць па­мяць майго дзядулі — ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, прайсціся па месцах баявой славы, дзе некалі мой дзядуля ваяваў і абараняў нашу зямлю. Прыехала ў Беларусь са студэнтамі, у якіх дзядулі таксама ваявалі ў гады вайны. У адной студэнткі дзядуля пасля вайны не вярнуўся на радзіму, і мы спадзяёмся знайсці памяць аб ім, — расказала прадстаўніца Казахстана.

Ва ўдзельнікаў Зорнага паходу насычаная праграма. Яны сустрэнуцца з ветэранамі вайны і працы, правядуць мітынгі і ўскладуць кветкі да брацкіх магіл воінаў і мірных жыхароў, што загінулі ў гады вайны, ва ўстановах адукацыі правядуць прафарыентацыйныя сустрэчы са старшакласнікамі, арганізуюць майстар-класы, трэнінгі і спартыўныя спаборніцтвы, выступяць з канцэртнымі праграмамі для навучэнцаў і жыхароў рэгіёнаў. Працягнецца інтэрнацыянальны 57-ы Зорны паход да 28 студзеня.

 Уладзіслаў ЛЯНІЎКА.