“Беларусь — мая Айчына!”(першы ўрок у 2017/2018 навучальным годзе)

- 17:11Нам пішуць

Мая Айчына —
Поле, нівы,
Над Нёманам зялёны гай,
Прыгожы Брэст і Мінск шумлівы —
Ўся Беларусь ад краю ў край.
Пятрусь Броўка.

Мэта: развіццё цікавасці да новых ведаў аб Беларусі, выхаванне любові да Радзімы, пачуцця гонару за свой народ.

Задачы: узнавіць у памяці вучняў інфармацыю аб Беларусі, родным горадзе, спрыяць фарміраванню культуры зносін; развіваць творчы патэнцыял вучняў.

Абсталяванне: мультымедыйная ўстаноўка або інтэрактыўная дошка, прэзентацыя да ўрока, партрэты знакамітых людзей беларускай зямлі, лісты А4 з надпісамі “так”, “не”, “не ведаю”, выстава кніг-юбіляраў, эмблема Года навукі.

Ход урока
Настаўнік. У кожнага чалавека ёсць Радзіма — маці, Бацькаўшчына, Айчына, зямля, дзе жылі продкі і дзе жывуць нашчадкі. Для нас гэта — родная Беларусь! Пачаць сённяшні ўрок я хачу з легенды аб беларусах.

Бог дзяліў паміж народамі землі: адным — тое, другім — гэтае. Прыйшлі беларусы… Вельмі спадабаліся яны Богу. Ён і пачаў іх надзяляць: “Рэкі вам даю поўныя, пушчы — бяскрайнія, азёры — незлічоныя. Спякоты ў вас ніколі не будзе, але і моцных маразоў таксама. Галадаць вы не будзеце ніколі. Не ўродзіць бульба, дык уродзіць жыта, пшаніца ці яшчэ што-небудзь. А яшчэ мноства звяроў і птушак у пушчах, рыба ў рэках — касякамі, пчолы ў вуллях — мільёнамі. А травы — духмяныя, як чай. Не будзе голаду. Жанчыны ў вас будуць прыгожыя, дзеці — моцныя, сады — багатыя, у лясах — грыбоў і ягад. Людзі вы будзеце таленавітыя — на музыку, песні, вершы. Будзеце жыць ды жыць!”
І сапраўды, наша краіна — край блакітных рэк і азёр, зялёных лясоў, мужных, таленавітых і працавітых людзей.

Радзіма… Няма прыгажэйшай краіны, чым наша Беларусь. Яна ў сэрцы кожнага, яна ў сэрцы тваім. (Прагляд і абмеркаванне відэароліка пра Беларусь https://www.youtube.com/watch?v=itHPl6QXKus або https://www.youtube.com/watch?v=KjEjQP78_KU.)

Сёння мы прагартаем яшчэ раз старонкі жыцця нашай краіны.

Старонка першая. “Беларусь літаратурная” (на дошцы размешчаны партрэты беларускіх пісьменнікаў, першадрукара Францыска Скарыны).

Настаўнік. На гэтай старонцы прапаную вам узгадаць паэтычныя шэдэўры, бліскучыя літаратурныя творы, знакавыя і слынныя імёны беларускіх творцаў, якія пакінулі нам бліскучую таленавітую спадчыну. А пачнём мы размову з той асобы, якая дала магчымасць Беларусі ўскалыхнуцца ад сну, з бацькі беларускага кнігадрукавання Францыска Скарыны.
(Паведамленне вучня.)

…Глядзеў на “фурмана” з усмешкай Скарына —
Усё-ткі правёз кантрабанду ён з Богам!
Бо гэты “фурман” быў найлепшы друкар,
Украдзены ў караля самога.

Ехаў Скарына Францыск друкаваць свае кнігі дома… (Урывак з балады “Кантрабанда” Янкі Сіпакова.)
Сапраўды, Францыск Скарына — унікальная асоба, Скарына — гэта наш манументальны культурны мост паміж Полацкам і Вільняй з аднаго боку і Кракавам ды Прагай, Падуяй ды Венецыяй з другога, паміж Беларуссю і Захадам. Скарына падарыў беларусам кнігу! Самую галоўную кнігу!

6 жніўня 1517 года ў Празе выйшла ў свет Біблія на старажытнабеларускай мове — “Псалтыр”, якую выдаў Францыск Скарына з Полацка. Менавіта гэтая дата лічыцца днём нараджэння беларускага кнігадрукавання, 500-годдзя, якое адзначаецца сёлета.

На працягу 1515—1517 гадоў у Празе Францыск Скарына выпусціў звыш 20 ілюстраваных біблейскіх кніг, перакладзеных ім на зразумелую шырокаму чытачу мову. Скарынавы кнігі аказалі ўплыў на развіццё духоўнай і культурнай Беларусі і стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай дзяржаве, распаўсюджваліся ў шматлікіх літаратурных копіях.

500-годдзе беларускага кнігадрукавання мае сусветнае значэнне і ўнесена ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА. У Мінску 14—15 верасня пройдзе міжнародны кангрэс “500 гадоў беларускага кнігадрукавання”. У гонар Скарыны названы вышэйшыя ўзнагароды Беларусі: ордэн Францыска Скарыны і медаль Францыска Скарыны. (Прагляд урыўка з відэароліка, прысвечанага 500-годдзю беларускага кнігадрукавання https://www.youtube.com/watch?v=Iik5q_oOdFs.)

Настаўнік. Давайце ўспомнім, юбілеі якіх творцаў мы таксама адзначаем сёлета? (Адказы вучняў.) Назавіце, калі ласка, кнігі-юбіляры (Адказы дзяцей.)
(Прагляд відэароліка https://www.youtube.com/watch?v=B3x8rBDKyAU.)
(Паведамленні вучняў пра Янку Купалу і Якуба Коласа.)
Старонка другая. “Беларусь спартыўная”

Вучань. У Беларусі фізічнай культуры і спорту ўдзяляецца вялікая ўвага. Гэта пацвярджаюць высокія дасягненні ў спорце. Палітыка нашай дзяржавы накіравана на тое, каб усе мелі магчымасць займацца спортам. Дзякуючы такому падыходу, у беларускіх школах, ВНУ, а таксама дашкольных установах адукацыі створаны неабходныя ўмовы для гэтага.

Самымі папулярнымі відамі спорту ў Беларусі з’яўляюцца лёгкая атлетыка, футбол, гімнастыка, лыжны спорт, хакей, тэніс і іншыя. У нашай краіне функцыянуюць 23 000 аб’ектаў фізкультурна-спартыўнага прызначэння: стадыёны, басейны, спартыўныя залы, спартыўныя манежы, збудаванні са штучным ільдом.

На тэрыторыі Беларусі шмат вучэбных цэнтраў для падрыхтоўкі прафесійных спартсменаў.

280 ураджэнцаў Беларусі сталі чэмпіёнамі свету і Еўропы ў розных відах спорту, многія знакамітыя алімпійскія чэмпіёны родам з Беларусі.

Настаўнік. А цяпер мы даведаемся больш звестак пра знакамітых беларускіх спартсменаў. (У розных кутках класа размешчаны запісы “так”, “не”, “не ведаю”. Вучням прапануюцца выказванні. Калі дзеці пагаджаюцца, то неабходна заняць пазіцыю каля слова “так”, калі сумняваюцца — выбраць варыянт “не ведаю”, калі не згодны — варыянт “не”.)

1. Беларуская гімнастка Вольга Корбут першая выканала небяспечны ўнікальны элемент, які пазней атрымаў назву “пятля Корбут”. (Так, зараз гэты элемент забаронены на афіцыйных спаборніцтвах.)

2. Беларуская біятланістка Дар’я Домрачава атрымала званне “Герой Беларусі”. (Так, прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прысвоіў спартсменцы такі тытул.)

3. Максіма Мірнага называюць першай ракеткай у тэнісе. Мірны — гэта не прозвішча, а псеўданім. (Не.)

4. У нашай краіне ёсць прафесійная жаночая зборная па хакеі. (Не.)

5. Беларускаму футболу больш за 100 гадоў. (Так, беларускаму футболу 106 гадоў.)

Старонка трэцяя. “Беларусь навуковая”

Настаўнік. 2017 год — Год навукі. Сёння беларускай навуцы адводзіцца ключавая роля ў пабудове эканомікі ведаў. Фундамент для гэтага закладзены ў Дзяржаўнай праграме інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь.

Згодна з ацэнкамі міжнародных экспертаў, Рэспубліка Беларусь адносіцца да ліку краін з высокім узроўнем навуковага патэнцыялу. У рэйтынгу добрых краін у 2016 годзе Беларусь заняла 79-е месца сярод 163 краін свету, пры гэтым найбольш высокую пазіцыю (37-е месца) — па паказчыку “навука і тэхналогіі”.

Вучань. Асноўныя дасягненні беларускай навукі.

Несумненным дасягненнем можна лічыць запуск 22 ліпеня 2012 года беларускага спадарожніка дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Рабочая арбіта касмічнага апарата складае 500—520 км.

У галіне медыцыны і фармацыі распрацавана і выраблена ўнікальная сістэма аартальнага стэнт-графта для эндапратэзавання анеўрызм грудной аорты пры аперацыях са штучным кровазваротам (кошт сістэмы ў 8—10 разоў таннейшы за імпартныя аналагі).

У Інстытуце генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі адкрыўся ўнікальны цэнтр ДНК-біятэхналогій.

У Інстытуце фізікі Б.І.Сцяпанава НАН Беларусі распрацавалі прыбор для бескантактнай экспрэснай аптычнай дыягностыкі ракавых пухлін.

Беларускія спецыялісты ўдзельнічаюць у ІТ-праектах любой складанасці.

І гэта далёка не ўсе дасягненні нашай навукі за апошні час.
(На чацвёртай старонцы прапаную настаўнікам падараць матэрыял аб сваім горадзе, вёсцы, раёне.)

Настаўнік. Сёння мы яшчэ раз упэўніліся, што Беларусь — гэта самы прыгожы, самы светлы куточак на зямлі. У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для развіцця кожнай асобы ў розных кірунках.

Мы жывём у нашай роднай краіне, мы марым, спяваем, верым у шчаслівую будучыню. У кожнага з нас ёсць свае жаданні, надзеі. І вы, дзеці, маеце магчымасць ажыццявіць гэтыя мары! Няхай ваша жыццё будзе чыстым, як наша Беларусь!

Юлія АНДРУКОНІС,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.