Без грузу адказнасці

- 10:02Псіхолаг у школе, Сацыяльны ракурс

“Дзіця нікому нічога не павінна — яно ідзе на алімпіяду правяраць свае веды”. Чаму ўдзельнікам інтэлектуальных спаборніцтваў патрэбна псіхалагічная падтрымка.

Дапамога такога спецыя­ліста — гэта выдатны бонус. Псіхолаг можа супа­коіць дзяцей, даць магчымасць ім зблізіцца, пасябраваць, навучыць працаваць у камандзе. Чым бліжэй да алімпіяды, тым больш нарастае трывожнасць, хваляванне, перапаўняе пачуццё адказнасці. Я сваім выхаванцам заўсёды кажу: “Настройвацца на перамогу — гэта добра, але нават калі не станеце ўладальнікамі дыплома, вы атрымаеце неацэнны вопыт”. Калі сама не еду на спаборніцтвы, застаюся на сувязі — дзеці ведаюць мой нумар і могуць званіць, калі ёсць такая неабходнасць, — падкрэслівае псіхолаг Таццяна Карака, старшы выкладчык кафедры кіравання і эканомікі адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.

— Вы каля 15 гадоў працуеце з удзель­нікамі рэспубліканскіх алімпіяд. За гэты час вельмі змяніліся школьнікі? 

— Першымі маімі дзецьмі-алімпіяднікамі былі інфарматыкі. Спаборніцтва праходзіла ў Гродне, куды мы павінны былі накіравацца разам. Прыходжу на вакзал, а яны з гітарамі, усю дарогу пелі песні, вершы чыталі. Нават капуснік прыйшлося арганізаваць для іх пасля мерапрыемства. Па іх просьбе, канечне. (Усміхаецца.) На жаль, з кожным годам гітар усё менш, усе ся­дзяць у тэлефонах і планшэтах. Адсюль атрымліваем інтравертаў. Сумна і вельмі шкада, што творчасць сыходзіць на нуль, бо менавіта яна надае нашай псіхіцы гіб­касць, якая дапамагае чалавеку спраўляцца са стрэсавымі сітуацыямі хутчэй і прасцей. У сучасных дзяцей назіраецца кліпавае, камп’ютарнае мысленне, якое фарміруецца з нараджэння. Гэта прыводзіць да праб­лем у эмацыянальнай сферы — яны не разумеюць сваіх пачуцяў, што вядзе да непрыемных момантаў, напрыклад, да булінгу ў школе. Эмацыянальны інтэлект і яго развіццё ў дзяцей — адно з самых актуальных пытанняў. Інакш мы атрымаем пакаленне людзей з недастатковай колькасцю або поўнай адсутнасцю эмацыянальных кантактаў з грамадствам. 

— Назіралі, хто больш эмацыянальна ставіцца да спаборніцтва — гуманітарыі ці матэматыкі? 

— Перш за ўсё гэта залежыць ад характару і ад выхавання. Калі ад дзіцяці ўвесь час патрабуюць станоўчых вынікаў і чакаюць поспеху, то ўзровень трывожнасці ў такога вучня будзе вельмі высокі. А калі школьнік самастойна прымае рашэнне ўдзель­нічаць у алімпіядзе, яму цікава вывучаць прадмет паглыблена, то ён будзе ісці наперад з куды меншай трывожнасцю. 

— У вас выпрацавалася свая методыка работы з такімі вучнямі? 

— Правільней сказаць, у мяне выпрацаваўся пэўны алгарытм работы з такімі дзецьмі. Аднак кожны раз імкнуся штосьці мяняць, крыху абнаўляць, каб не паўтарацца і каб хлопчыкам і дзяўчынкам, якія прыходзяць да мяне не першы год, таксама было цікава і карысна. Заняткі носяць практычны характар. Абавязкова вучымся, як паводзіць сябе падчас алімпіяды. Напрыклад, што рабіць, калі пачынаеш засынаць ці нарастае трывожнасць? Тут на дапамогу прыйдуць прыёмы эмацыянальнай самарэгуляцыі, якія мы вывучаем на занятках. Каб актывізаваць кровазварот у мозгу, выкарыстоўваем пазяханне, масаж мочкі вуха. Калі хваляванне перапаўняе, прыбягаем да рэлаксацыі, канцэнтруемся на працэсе дыхання ці сціскаем і расціскаем кулакі. Такім чынам, школьнікі, ідучы на алімпіяду, дакладна ведаюць, як выправіць сітуацыю, калі нешта пайшло не так. 

— Напэўна, тыя, хто ўдзельнічае ў алімпіядзе ўпершыню, хвалююцца больш?

— З такімі дзецьмі працую асобна. Раб­лю дыягностыку, выяўляю тых, у каго павышаны ўзровень трывожнасці, не вельмі развіта вербалізацыя ці, наадварот, вельмі развіта, і школьнік шмат размаўляе, не ўмее сканцэнтраваць увагу на галоўным. Такі індывідуальны падыход дазваляе выявіць рысы характару дзіцяці, якія неабходна скарэкціраваць, каб яно паказала доб­ры вынік падчас алімпіяды. Некаторыя з іх ніколі не пакідалі дом, нават у лагеры не адпачывалі. Такія падлеткі вельмі хвалюцца і губляюцца. У маёй практыцы быў выпадак гадоў 10 назад, калі маці дазволілі паехаць з сынам у іншы горад на спаборніцтва, бо справіцца з хваляваннямі ён самастойна не мог. З дзецьмі, якія не першы год удзельнічаюць у інтэлектуальным спаборніцтве, вучымся ўзаемадзейнічаць у камандзе. Абавязкова звяртаемся да творчасці, незалежна ад профільнага кірунку алімпіяднікаў. Групу разбіваю на невялікія каманды, і яны з алоўкамі ў руках выконваюць творчыя заданні. Асноўная тэма — “Поспех”. Што гэта такое, яго візуальны вобраз і дэвіз, з якім школьнікі едуць на алімпіяду і выкарыстоўваюць як устаноўку. Гэта дае магчымасць звярнуцца да падсвядомасці. Вельмі добра зарэкамендавалі сябе метафарычныя карты. Яны развіваюць мысленне, логіку, маўленне.

— Далёка не ўсе становяцца пераможцамі. Як перажыць такі непрыемны момант? 

— Мы размаўляем з настаўнікамі, тлумачым ім, што не трэба навешваць вучню залішнюю адказнасць, рабіць акцэнт на тым, што ён прадстаўляе школу. Дзіця паказвае свае веды, а школа — яго візітная картка. Такім чынам знімаецца залішняя трывожнасць у дзіцяці, якое і так часцей за ўсё вельмі хвалюецца, каб не падвесці настаўнікаў, выкладчыкаў….

— А яшчэ бацькоў. Яны ж таксама чакаюць вынікаў ад сына ці дачкі: “Ты павінен вярнуцца з дыпломам!”

— Нікому дзеці нічога не павінны. Яны ідуць правяраць свае веды. Такі падыход таксама зніжае груз адказнасці і трывожнас­ці ў алімпіяднікаў. Бацькі нагнятаюць сітуацыю, калі ставяць перад падлеткамі часам недасягальныя мэты і задачы. Адсюль столькі розных страхаў. І наадварот, калі дарослыя спакойныя, дзіця будзе спакайней сябе адчуваць, яно ведае: што б ні здарылася на алімпіядзе, можна прыйсці дадому і абмеркаваць гэта з бацькамі. 

— Можна сцвярджаць, што такія падлеткі больш стрэсаўстойлівыя, чым іх аднагодкі? 

— Так, стрэсаўстойлівасць, як і імунітэт, выпрацоўваецца. Дзякуючы ўдзелу ў алімпіядах, у навучэнцаў лепш і хутчэй фарміруюцца пачуццё адказнасці і самастойнасць. Гэтых навыкаў вельмі не хапае сучасным дзецям. Калі бацькі збіраюцца адпра­віць сына ці дачку вучыцца ў іншы горад ці краіну, неабходна адразу задумацца над пытаннямі фарміравання ў дзіцяці высокага ўзроўню самаарганізацыі. Зараз жыццё ставіць перад падрастаючым пакаленнем вельмі высокія патрабаванні. Калі дзеці растуць у сям’і, дзе ёсць гіперапека, дзе ім усё даецца лёгка і проста, бездапаможнасць у сацыялізацыі ім гарантавана. Ёсць яшчэ адна крайнасць — аўтарытарныя бацькі, якія ўсё вырашаюць за дзіця. Дарослым неабходна прыслухоўвацца да жаданняў сваіх дзяцей. Выказваць свой погляд трэба, але не перашкаджаць і не забара­няць. Лепш няхай сын паспрабуе і сам зразумее, падабаецца яму пэўная дзей­насць ці не. І калі ў дзіцяці не атрымліваецца перамагчы на алімпіядзе, мабыць, гэта не яго шлях і кірунак. 

— Пераможцамі становяцца адораныя дзеці?  

— Я сказала б, што гэтыя школьнікі высокаматываваныя. Яны ставяць перад сабой мэту развівацца ў выбраным кірунку і прыкладаюць намаганні дзеля гэтага. Нагодай могуць стаць здольнасці да пэўнага прадмета, якія праявіліся яшчэ ў малодшай школе, і на гэта звярнулі ўвагу настаўнікі. Іх ролю і ўплыў таксама неабходна ўліч­ваць. І калі да 7—8 класа школьнік не страціў цікаваці да вучобы, ён можа праявіць свае здольнасці на новым узроўні. У старшых класах, удзельнічаючы ў алімпіядах, вучні могуць атрымаць магчымасць не здаваць ЦТ і паступіць у профільную ўстанову без экзаменаў. Пагадзіцеся, сур’ёзная матывацыя. Бываюць выключэнні, якія хутчэй пацвярджаюць правілы. Напрыклад, у гэтым годзе сярод удзельнікаў алімпіяды па беларускай мове і літаратуры быў вучань, які марыць стаць праграмістам. Ён вырашыў паспрабаваць сябе ў іншым кірунку і нечакана для сябе дайшоў да рэспубліканскага ўзроўню. 

Гутарыла Марына ЖДАНАВА.