Без працы – нікуды!

- 16:52Нам пішуць

У Дварэцкай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці з 20 па 25 лютага прайшоў тыдзень працоўнага навучання пад дэвізам “Без працы – нікуды!”


Насычаныя дні чакалі ўдзельнікаў. Першы дзень быў прысвечаны кулінарыі. З захапленнем дзяўчаты прымалі ўдзел у конкурсе-падарожжы па кухнях свету ў гульні “Хлеб ды каша – ежа наша”. Дзень моды даў магчымасць удзельніцам паказаць свае веды па гэтай тэме ў гульні “Поле цудаў”. Трэці дзень быў прысвечаны народным рамёствам. У гэты дзень кожны стараўся ўпрыгожыць сябе тым, што было зроблена сваімі рукамі, а таксама дзяліўся сакрэтамі вырабу сувеніраў. Самым цікавым і захапляльным быў аповед вучаніцы 8 класа Алёны Мацюкевіч. Чацвёрты дзень быў абвешчаны днём этыкету. Самым ветлівым і гасцінным аказаўся 5 клас. Яны перамаглі ў віктарыне “Як запрашаць гасцей”. У пятніцу дзяцей чакаў конкурс “Я самая-самая”, у якім прымалі ўдзел дзяўчынкі розных класаў. Журы ацаніла іх майстэрства прышываць гузікі, гатаваць, складваць сурвэткі для святочнага стала. У суботу прайшла школьная выстава, на якой былі прадстаўлены вырабы з дэкаратыўнай ленты, работы, выкананыя ў тэхніцы арыгамі, дэкаратыўныя кветкі ў кошыках з гафрыраванай паперы, работы ў тэхніцы канзаш. У выніку ўсе ўдзельнікі атрымалі добры настрой, салодкія прызы і шмат новых ідэй для наступнага тыдня працоўнага навучання.

Святлана ВІНЦУЛЕВІЧ,
настаўніца абслуговай працы Дварэцкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна.