БНТУ — цэнтр прыцяжэння інавацый

- 11:25Вышэйшая школа

На мінулым тыдні ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце адбыліся дзве важныя міжнародныя падзеі: 16-ы Еўрапейскі аўтамабільны кангрэс (ЕАЕС-2019) і 5-ы Беларуска-Балтыйскі форум “Супрацоўніцтва — каталізатар інавацыйнага росту”. У Мінск з’ехаліся спецыялісты не толькі з Еўропы, але і з Амерыкі, Азіі, Афрыкі.

All Together into the Future

Для ўдзелу ў рабоце 16-га Еўрапейскага аўтамабільнага кангрэса ў Мінск прыехалі больш як 300 інжынераў, кіраўнікоў кампаній і прадстаўнікоў тэхнічных універсітэтаў з больш чым 30 краін. Мэта су­стрэчы — абмен ведамі і аб’яднанне намаганняў у галіне стварэння экалагічна чыстага і бяспечнага аўтамабільнага транспарту.

— Сучасны чалавек не ўяўляе сябе без аўтамабіля, — сказаў, вітаючы ўдзельнікаў кангрэса, міністр адукацыі Ігар Карпенка. — Па маштабах уплыву на сусветную гаспадарку аўтамабілебудаванне саступае толькі нафтавай прамысловасці. Для беларускай дзяржавы гэтая тэма актуальная: мы вырабляем розныя віды аўтамабільнай тэхнікі, валодаем шырокай тавараправоднай інфраструктурай і лагістыкай. Сёння МАЗ, МТЗ, Мінскі завод колавых цягачоў, БелАЗ, Амкадор — вядомыя беларускія брэнды. Тэхніка БелАЗ працуе на ўсіх кантынентах і займае трэць сусветнага рынку велікагрузных кар’ерных самазвалаў, а ў класе грузападымальнасці 130 тон утрымлівае 90% сусветнага рынку. Таму кангрэс праводзіцца ў Беларусі невыпадкова. Мы можам зрабіць яго эфектыўнай пляцоўкай для дыскусій, бо добра разумеем галоўныя тэндэнцыі і перспектывы развіцця сусветнай аўтамабільнай галіны і транспартнай дзейнасці. Нашы спецыялісты аб’ектыўна ацэнь­ваюць сучасныя выклікі індустрыі аўтамабілебудавання, а гэта ў першую чаргу павышэнне бяспекі, змяншэнне шкоды навакольнаму асяроддзю, укараненне інавацый.

Удзельнікі кангрэса мелі магчымасць абмеркаваць сучасныя тэндэнцыі і новыя выклікі, што стаяць перад сусветным аўтапрамам. Яны азнаёміліся з апошнімі інавацыямі ад кампаній і ўніверсітэтаў Еўрапейскага рэгіёна, у тым ліку з Германіі, Францыі, Італіі. Таксама гасцям былі прадстаўлены найноўшыя ўзоры беларускай тэхнікі.

— Нягледзячы на тое, што кангрэс з’яўляецца еўрапейскім, цікавасць да яго выказалі таксама дэлегаты з Амерыкі, Азіі і Афрыкі, — заўважыў рэктар БНТУ Сяргей Харытончык. — Гэта, несумненна, паказчык паспяховага развіцця нацыянальнай аўтамабільнай прамысловасці. Наша мэта — прыняць новыя выклікі і знайсці адказы на іх праз супрацоўніцтва з краінамі і кампаніямі. У ходзе кангрэса абмяркоўваюцца новыя задачы, што стаяць перад сусветнай аўтамабільнай прамысловасцю, глабальныя змены і адказ інжынераў у выглядзе тэхналагічных і прамысловых інавацый. Нам ёсць чаму павучыцца і ёсць чаму навучыць. Толькі сумесныя намаганні могуць спрыяць развіццю і ўдасканаленню грамадства, менавіта таму дэвіз нашага кангрэса — All Together into the Future! (“Усе разам у будучыню!”).

Важнай падзеяй у рамках Еўрапейскага аўтамабільнага кангрэса стала падпісанне мемарандума паміж БНТУ і кампаніяй Dassault Systemes. Згодна з ім, усе студэнты вядучага тэхнічнага ўніверсітэта Беларусі атры­маюць магчымасць легальна выкарыстоўваць праграмны комплекс для трохмернага праектавання SolidWorks. Прычым працаваць з ім студэнты змогуць як ва ўніверсітэце, так і ў сябе дома.

Ад Палесся — да Балтыкі

5-ы Беларуска-Балтыйскі форум “Су­працоўніцтва — каталізатар інавацыйнага росту” сабраў у БНТУ больш за 100 чалавек з 23 арганізацый Беларусі, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Высокі статус мерапрыемства пацвярджае той факт, што яно праводзіцца пад патранажам Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях і мае шырокую падтрымку з боку пасольстваў прыбалтыйскіх дзяржаў у нашай краіне. Партнёрамі форуму з’яўляюцца Латвійскае агенцтва інвестыцый і развіцця, Інстытут будаўнічых мерапрыемстваў Вільнюскага тэхнічнага ўніверсітэта імя Гедымінаса і іншыя.

— У чатырох папярэдніх форумах прынялі ўдзел больш як 400 прадстаўнікоў розных краін і кампаній, устаноўлена звыш 80 кантактаў, прэзентаваны 122 праекты, якія выконваюцца ў рамках стратэгічных беларуска-літоўскіх, беларуска-латвійскіх, беларуска-эстонскіх праграм, — гаворыць Юрый Аляксееў, генеральны дырэктар навукова-тэхналагічнага парка БНТУ “Палітэхнік”, прарэктар па вытворчай дзейнасці Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. — На гэтым форуме таксама сабраліся прадстаўнікі навуковых і адукацыйных устаноў, прамысловых прадпрыемстваў і бізнес-структур, інвестары, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання. Тут яны могуць плённа абменьвацца ідэямі і прафесійнымі меркаваннямі, знаходзіць партнёраў для сумесных праектаў. Менавіта на гэтай пляцоўцы ствараюцца навуковыя і бізнес-каманды для сумеснай работы і вываду на рынкі Еўропы і Азіі канкурэнтнай інавацыйнай прадукцыі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадстаўлена прэс-службай БНТУ.