Будучыня пасля ядзерных катастроф

- 16:06Нам пішуць

Штогод грамадскія арганізацыі — члены Міжнароднай Чарнобыльскай сеткі ладзяць Еўрапейскі тыдзень памяці “За будучыню пасля Чарнобыля і Фукусімы”, прысвечаны найбуйнейшым у гісторыі чалавецтва ядзерным катастрофам. Беларускія ўстановы адукацыі далучыліся да мерапрыемстваў тыдня.

З 9 па 11 красавіка ў сталічнай сярэдняй школе № 40 і Акцябрскай раённай гімназіі адбыліся міжнародныя канферэнцыі, падчас якіх абмяркоўваліся вынікі ядзерных катастроф, праблемы аховы навакольнага асяроддзя і энергазберажэння. Канферэнцыі арганізавала прадстаўніцтва Фонду імя Генрыха Бёля ў зямлі Шлезвіг-Гольштэйн (Германія) сумесна з Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтрам імя Ёханеса Рау. “Зялёныя” актывісты з Фонду Генрыха Бёля выступаюць за развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі і зберажэнне прыродных рэсурсаў. На іх думку, Беларусь моцна пацярпела ад выбуху на атамным рэактары ў Чарнобылі і асабліва зацікаўлена ў тым, каб такая тэхнагенная катастрофа не паўтарылася ў будучыні.

— Больш за 70% выкінутых пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС радыенуклідаў выпала на тэрыторыі Беларусі, сотні тысяч людзей страцілі свой дом. І ўсё ж Чарнобыль не стаў бядой аднаго толькі беларускага народа: катастрофа набыла глабальны характар. Таму змагацца з яе вынікамі і старацца не дапусціць падобнага ў будучыні варта агульнымі сіламі, — сказаў у прывітальным слове прадстаўнік Фонду Генрыха Бёля Марцін Кастранек. — Прыемна, што Акцябрская гімназія супрацоўнічае з намі ў кірунку экалагічнага выхавання і энергазберажэння не першы год.

Марцін Кастранек прадставіў гістарычны агляд і нагадаў, як адбыліся аварыі на атамных электрастанцыях у Чарнобылі і Фукусіме, да якіх вынікаў прывялі.

Найбольшую цікавасць у вучняў выклікала выступленне непасрэднага ўдзельніка ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Уладзіміра Сяднёва. Ліквідатар падзяліўся са слухачамі ўспамінамі з далёкага 1986 года, калі ён, супрацоўнік Мінскай цеплаэлектрацэнтралі, быў накіраваны на працу ў Прыпяць. Там Уладзімір адказваў за цеплазабеспячэнне атамнай электрастанцыі, дзе працягвалі працаваць непашкоджаныя энергаблокі.

У практычнай частцы канферэнцыі фізік Гільберт Зікман правёў майстар-клас для падлеткаў “Эканомія энергіі. Што я магу сам для гэтага зрабіць?”. Школьнікі абмяркоўвалі спосабы эканоміі прыродных рэсурсаў і альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, прапаноўвалі свае ідэі па энергазберажэнні. Удзельнікі канферэнцыі не проста ўспомнілі ядзерныя катастрофы ў Чарнобылі і Фукусіме, але і абмяняліся думкамі, як забяспечыць “зялёную” будучыню і не дапусціць глабальных катастроф.

 

Данііл ШЭЙКА,
навучэнец Акцябрскай раённай гімназіі Гомельскай вобласці.