Будзь на пазітыве!

- 15:06Нам пішуць

Сёння як ніколі прышкольны лагер — самая запатрабаваная форма адпачынку сельскіх вучняў у канікулярны перыяд. Невялікая бацькоўская даплата, магчымасць штодзённых зносін дзяцей з сям’ёй робяць прышкольны лагер найбольш папулярным відам дзіцячага аздараўлення.

На працягу 10 гадоў на базе Дабрынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Дубровенскага раёна падчас летніх канікул і ў навучальны перыяд працуе аздараўленчы лагер “Крэатыў”. Начальнік — Ірына Уладзіміраўна Арцем’ева, з’яўляецца намеснікам дырэктара па асноўнай дзейнасці. Створана выдатная база для паўнавартаснага адпачынку. Распрацавана комплексная праграма выхаваўчых і аздараўленчых мерапрыемстваў, якая разлічана на сельскую школу і не патрабуе вялікіх выдаткаў, дазваляе адміністрацыі і педагогам весці паспяховы кантроль за занятасцю дзяцей.

Цікавая асабліваць праграмы — стварэнне на базе лагера прафарыентацыйнай пляцоўкі “Заўтра я выбіраю прафесію”. Выхавальнікам дапамагаюць атрадныя важатыя, гэта вучні старэйшых класаў, якія робяць першыя крокі ў педагагічную прафесію. Пад кіраўніцтвам дасведчаных выхавальнікаў выпускнікі самастойна падбіраюць цікавыя гульні, распрацоўваюць сцэнарыі, дапамагаюць ажыццяўляць творчыя ідэі. Таксама прафарыентацыйная пляцоўка дае магчымасць выпускнікам пазнаёміцца яшчэ з такімі цікавымі і прывабнымі прафесіямі, як фотарэпарцёр, дызайнер-афарміцель святаў, рэдактар газеты. Вучні 9—10 класаў робяць фотаздымкі для школьнага сайта, пішуць заметкі ў газеты (раённую і школьную), дапамагаюць афармляць месцы правядзення святаў, гульнявых праграм не толькі падчас летняга адпачынку, але і на працягу ўсяго навучальнага года.

Для цікавага і паўнавартаснага адпачынку у прышкольным лагеры набыты разнастайныя цацкі, настольныя гульні, спартыўны інвентар, адведзены пляцоўкі для рухомых гульняў, перааформлены навучальныя кабінеты ў пакоі адпачынку.

Кожны дзень у — тэматычным характары і з пэўным дэвізам, са шматлікімі творчымі формамі і метадамі работы. Вядома ж, гатовага рэцэпта “Здаровае лета” не існуе, але начальнік лагера, я, як педагог-псіхолаг, і ўвесь педагагічны калектыў перакананыя, што адпачынак, напоўнены творчасцю і добрым настроем, — залог захавання і аднаўлення здароўя дзіцяці.

Новаўвядзеннем гэтага года для праграмы прышкольнага аздараўленчага лагера “Крэатыў” стала ўключэнне мерапрыемставаў па вывучэнні малой радзімы. З вялікім захапленнем дзеці рабілі малюнкі для выставы “Мая малая радзіма”, стваралі карту маршрута “Выдатныя месцы маёй малой радзімы”. Працягваецца пачатая яшчэ ў навучальнам годзе работа па афармленні старонак кніжкі “Мае землякі — гонар маёй малой радзімы”. Пакладзены пачатак пошукова-даследчай работы “Увекавечым імя славутага земляка”. Цікава і змястоўна прайшла экскурсія ў наш раённы цэнтр Дуброўна: дзеці пазнаёміліся з культурна-гістарычнымі каштоўнасцямі горада, атрымалі шмат прыемных уражанняў, станоўчых эмоцый.

Кожны дзень адпачынку ў нашым прышкольным лагеры “Крэатыў” праходзіць пад дэвізам “Будзь на пазітыве!”. Пазітыўна-арыентаваная асоба — здаровая асоба.

Людміла КРЫЖЭВІЧ,
педагог-псіхолаг Дабрынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Дубровенскага раёна.