Будзе жыць мілагучная мова

- 16:52Нам пішуць

Сёння ў нашым рознагалосым свеце шмат цудоўных моў. Родная мова асаблівая для кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта. На жаль, сёння для большасці вучняў мова, якую яны чуюць у паўсядзённым жыцці, — руская. Сапраўднае беларускамоўнае асяроддзе адсутнічае, а гэта, у сваю чаргу, уплывае на тое, што родная мова не з’яўляецца мовай мыслення.

Адзін з дзейсных сродкаў вырашэння гэтай праблемы ў нашай установе адукацыі — правядзенне Дня роднай мовы, што ўжо стала добрай традыцыяй. У гэтым навучальным годзе Дзень роднай мовы ў сярэдняй школе № 7 Навагрудка прайшоў пад дэвізам “Будзь разам з тымі, хто думае пра будучыню роднай мовы”. Уся школа ператварылася ў інтэрактыўную пляцоўку. Раніцай удзельнікі свята сустракалі ўсіх цёплымі беларускімі словамі прывітання, уручалі буклеты з выслоўямі беларускіх пісьменнікаў пра мову, а таксама сімвалічныя валошкі, якія сталі эмблемай дня і якія па жаданні можна было прымацаваць да адзення. Узялі ўдзел у адкрыцці свята і выхаванцы танцавальнага калектыву з яскравай полькай-весялухай.

Хол школы святочна ўпрыгожылі і прадставілі выставу “Унікальныя беларускія словы” (па прынцыпе прадмет — назва па-беларуску), інтэрактыўны плакат “Мілагучнае беларускае слова”, а таксама выставу беларускіх сувеніраў.

Вучні разам з настаўнікамі працуюць над праектам “Будзь ветлівым беларусам”. З гэтай нагоды на ўсе дзверы класных памяшканняў былі прымацаваны плакаты “6 прычын размаўляць па-беларуску”, “Вітайцеся правільна па-беларуску”, “Гавары кампліменты па-беларуску”. Атрымаліся своеасаблівыя плакаты-падказкі з каштоўнай інфармацыяй пра словы-вітанні, якія можна выкарыстаць у розных жыццёвых сітуацыях, а таксама з кампліментамі па-беларуску.

Традыцыйным для нашай школы стаў конкурс на лепшае мастацкае чытанне беларускіх вершаў. Гэтым разам яго крыху ўдасканалілі. У холе школы падрыхтовалі пляцоўку “Адкрыты мікрафон”, і кожны мог паспрабаваць свае сілы ў гэтым спаборніцтве. Журы сабралася асаблівае: не настаўнікі-філолагі, а вучні-прызёры II этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Гэта было сапраўднае свята — слухаць непаўторную беларускую мову, адчуваць яе прыгажосць і велічнасць.

На працягу дня прайшлі вясёлыя перапынкі для вучняў I ступені навучання: гульня-віктарына “Пазнай Беларусь”, наведванне этнаграфічнага кутка кабінета беларускай мовы, прагляд мультыплікацыйных фільмаў, ладзіліся беларускія гульні, вадзілі карагоды і спявалі песні. Але найбольш запамінальным для дзяцей у гэты дзень стала магчымасць паўдзельнічаць у гульнёвай праграме з прадстаўленнем лялечнага тэатра “Піліпка-сынок”, а таксама акцыя “Дзеці — дзецям”, падчас якой старэйшыя вучні чыталі сваім малодшым сябрам беларускія казкі, байкі, апавяданні.

Не абмінула свята і школьную сталоўку, якая на гэты дзень ператварылася ў цэнтр беларускай кухні. Наведвальнікі, сталуючыся, маглі пазнаёміцца з рэцэптамі беларускіх нацыянальных страў, паслухаць песні ў выкананні беларускіх спевакоў.

У адпаведнасці з тэматыкай дня быў аформлены інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр, дзе прэзентавалі выставу “Пісьменнікі-юбіляры”, а таксама прапанавалі інфарм-рэліз “Роднаму слову гучаць вечна!”.

Цешыць, што ўсе вучні, педагогі, бацькі, тэхнічны персанал школы імкнуліся гаварыць на роднай мове. І гэта дае ўпэўненасць: калі ў школе ладзяцца такія святы, наша родная Беларусь будзе квітнець, а разам з ёй будзе жыць яе мілагучная мова.

Вольга Віктараўна САВАСЦЮК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 7 Навагрудка Гродзенскай вобласці.