Чалавек без мовы — што дрэва без карэння

- 15:24Нам пішуць

Што такое мова? Кожны адкажа па-рознаму… Напярэдадні святкавання Міжнароднага дня роднай мовы ў яслях-садзе № 4 Глуска праходзіў тэматычны тыдзень “Каб гучала родная мова”. Мэта — садзейнічаць цікавасці да беларускай мовы, выхоўваць любоў да беларускага слова, гісторыі свайго народа.

У рамках тыдня сярод педагогаў была праведзена акцыя “Нашы любімыя вершы”, дзе кожны выхавальнік прапанаваў свой любімы верш беларускага паэта. Гучалі вершы С. Грахоўскага, К. Цвіркі, А. Пысіна, П. Панчанкі і інш. А яшчэ педагогі завіталі ў госці да роднай мовы, узяўшы ўдзел у віктарыне “Таямніцы родных слоў”. Каб вызначыць сапраўдных мовазнаўцаў, удзельнікі гульні разбіліся на каманды і сапернічалі ў конкурсах “Казачны”, “Слоўнікавая скарбонка”, “Песняры народных дум”, “Свет нашых продкаў”. Усе выхавальнікі аказаліся знаўцамі роднай мовы і культуры.

Актыўны ўдзел узялі бацькі нашых выхаванцаў у акцыі “Мае любімыя беларускія словы”. На яскрава аформленых стэндах яны пісалі самыя мілагучныя і любімыя беларускія словы: “каханне”, “матуля”, “Радзіма”, “вёска”, “бульба”, “надзея”, “пяшчота”, “капялюш”…

Кожны педагог у сваёй групе падрыхтаваў пазнавальную інфармацыю для бацькоў “Чалавек без гісторыі, без мовы — што дрэва без карэння”.

Для маленькіх арганізавалі выставу дзіцячай беларускай мастацкай літаратуры “Родная мова, цудоўная мова”, дзе можна было пазнаёміцца з вялікай колькасцю цудоўных твораў на роднай мове. Выхаванцы разам з бацькамі праявілі фантазію, творчасць у сумеснай выставе малюнкаў “У свеце беларускіх казак”.

Музычныя кіраўнікі арганізавалі канцэрт “Слова роднае, жывое, гаваркое”: дзеці не толькі спявалі, танцавалі, але і чыталі вершы, успаміналі народныя казкі, адгадвалі загадкі на беларускай мове.

Родная мова — бясцэнны скарб, якім трэба ганарыцца і шанаваць.

Учора ты яшчэ не гаварыў па-беларуску, сёння размаўляеш на “трасянцы”, а заўтра адкрыеш для сябе чыстую літаратурную мову. А для пачатку дастаткова зусім мала: проста паспрабаваць адзіны дзень у год, напрыклад, 21 лютага, з калегамі, сябрамі, роднымі, размаўляць па-беларуску.

Людміла АСТАШЭЎСКАЯ,
выхавальнік ясляў-сада № 4 Глуска Магілёўскай вобласці.