Чаму патрэбны абласны кластар ваенна-патрыятычнага выхавання

- 12:20Образование

Анлайн­-квіз “Героі Гродзеншчыны”, фотаконкурс “Галерэя гераічных прафесій”, конкурсы прэзентацый “Іх імёнамі названы школы” і відэаролікаў “Да абароны Радзімы гатовы” прайшлі ў рамках дзейнасці абласнога кластара ваенна-­патрыятычнага выхавання. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты». 

Кластар створаны 1 верасня 2022 года і прадугледжвае каардынацыю дзейнасці ўстаноў адукацыі рэгіёна па ўдасканаленні ваенна-патрыятычнага выхавання, арганізацыю іх эфектыўнага ўзаемадзеяння з ваеннымі і сілавымі ведамствамі.

Для больш эфектыўнай работы створаны савет, куды ўвайшлі прадстаўнікі розных арганізацый і ведамстваў, якія адыгрываюць важную ролю ў сістэме ваенна-патрыятычнага выхавання, — гаворыць дырэктар Гро­дзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і мола­дзі Таццяна Асмалоўская. — У мінулым годзе правялі два абласныя семінары-нарады, шэраг арганізацыйных сустрэч з прадстаўнікамі абласных структур. Гэта вельмі дапамагло ў планаванні і правя­дзенні мерапрыемстваў, паказала зацікаўленасць усіх структур у рабоце з моладдзю.

У вобласці дзейнічае шмат класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці, 180 ваенна-патрыятычных клубаў, 113 пошукавых атрадаў, Гродзенскі гарадскі цэнтр патрыятычнага выхавання “Гонар”. Іх работу каардынуе абласны кластар ваенна-патрыятычнага выхавання.

Было вызначана, што работу з моладдзю ажыццяўляе Палац творчасці дзяцей і моладзі, а работу з дарослымі — Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі.

Кожны месяц праводзяцца акцыі, конкурсы ў рамках абласнога патрыятычнага марафону “Кубак “Патрыёт”, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ГДАПТДіМ Аксана Кірайчук. — Прайшлі завочныя конкурсы ваенна-патрыятычнага характару, пераможцы якіх прымуць удзел у вочным этапе марафону, які адбудзецца ў маі.

У мінулым годзе ў вобласці вялася актыўная работа па прысваенні навучальным установам імёнаў герояў Вялікай Айчыннай вайны. У студзені гэтага года падвялі вынікі конкурсу “Іх імёнамі названы школы”, у якім прынялі ўдзел 87 устаноў. Пераможцай стала сярэдняя школа № 2 Свіслачы імя М.П.Масонава. Сярэдняя школа № 3 імя В.М.Усава Гродна адзначана ў намінацыі “За шматгадовую актыўную работу па ўвекавечанні памяці героя”.

Адной з самых яркіх падзей стаў асенні баль, які сабраў 100 навучэнцаў ваенна-патрыятычных класаў і кадэцкага вучылішча. Запрасілі на баль і прадстаўнікоў Заходняга аператыўнага камандавання, Гродзенскай пагранічнай групы, абласнога ваеннага камісарыята, упраўленняў унутраных спраў і МНС, Інстытута пагранічнай службы, ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы. Навучэнцы танцавалі вальс і паланэз, размаўлялі з курсантамі аб іх вучобе, а з кіраўнікамі ваенных ведамстваў — аб службе.

У рамках работы кластара арганізоўваем шмат мерапрыемстваў, — працягвае Аксана Валер’еўна. — Адбыўся абласны злёт атрадаў юных сяброў пагранічнікаў. Абласны злёт ваенна-па­трыятычных клубаў на базе сярэдняй школы № 3 імя В.М.Усава Гродна сабраў 180 удзельнікаў (15 каманд). У рамках абласнога праекта “Памяць. Адзінства. Перамога” ўсталяваны памятныя дошкі каля мемарыяльнага лагера “Шталаг-324” і помніка курсантам-пагранічнікам. У адборачных этапах конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны” беларуска-расійскага праекта “Цягнік Памяці” прынялі ўдзел 874 старшакласнікі.

Актывізавалася работа і па стварэнні новых клубаў і аб’яднанняў па інтарэсах. З верасня мінулага года пачалі дзейнасць 72 новыя клубы, 155 аб’яднанняў па інтарэсах ваенна-патрыятычнага профілю, у якіх займаюцца звыш 2100 навучэнцаў. У лютым у Гродне створаны два новыя клубы — “Карбышавец” на базе 557-й інжынернай брыгады і “Кронан” пад эгідай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Членамі клуба “Карбышавец” сталі 40 навучэнцаў сярэдняй школы № 15 Гродна, якая носіць імя Д.М.Карбышава. Хлопцы змогуць азнаёміцца з ваеннай інжынернай справай, плануецца арганізацыя летам лагера на базе брыгады. Да “карбышаўцаў” змогуць далучыцца і навучэнцы іншых школ горада.

Стварэнне Гродзенскага абласнога кластара ваенна-патрыятычнага выхавання прадэманстравала цікавасць моладзі да гісторыі нашай краіны, гордасць за яе, — гаворыць Таццяна Асмалоўская. — Вельмі важна, што ў справе патрыятычнага выхавання разам удзельнічаюць установы адукацыі і дзяржаўныя органы, сілавыя ведамствы, што робіць гэтую работу больш якаснай.

А пакуль працягваюцца справы юных патрыётаў. Напярэдадні Дня міліцыі выхаванцы Гро­дзенскага абласнога кадэцкага вучылішча разам з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў прайшлі маршам па вуліцах Гродна. Кадэты Ганна Крупіца і Дзмітрый Сярпейка на ўрачыстым мітынгу былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі, Рэнат Ляткоўскі і Аляксей Спецялюн — памятнымі знакамі “Юны абаронца Айчыны”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ