Чароўны свет тургенеўскага слова…

- 17:03Нам пішуць

У 2018 годзе адзначаецца знамянальная дата — 200-годдзе з дня нараджэння рускага пісьменніка з сусветным імем Івана Сяргеевіча Тургенева. У Даўгінаўскай сярэдняй школе Вілейскага раёна Мінскай вобласці падобным падзеям заўсёды ўдзялася дастатковая ўвага, а ў год рэалізацыі абласнога педагагічнага праекта “Духоўна-маральнае развіццё вучняў шляхам асваення айчынных праваслаўных традыцый” — асабліва.

9 лістапада, у дзень 200-гадовага юбілею І.С.Тургенева, настаўнікамі рускай мовы і літаратуры М.Т.Асаенка, А.В.Віркоўскай і Т.Ф.Зубель для вучняў усіх узростаў была праведзена агульнарэспубліканская гадзіна рускай класікі “Ён жыццё прысвяціў…”. Мы і акунуліся ў непаўторны тургенеўскі свет. А яшчэ перад восеньскімі канікуламі ў рамках нашага праекта было вырашана падрыхтаваць вялікае агульнашкольнае мерапрыемства да юбілею пісьменніка. Трэба было перачытаць творы Тургенева; знайсці блізкія кожнаму вобразы, радкі, словы; развучыць рамансы і танцы таго часу, падабраць касцюмы, аформіць сцэну і залу, падрыхтаваць мультымедыйную прэзентацыю. Мы з задавальненнем узяліся за работу і такім чынам сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага культурна-адукацыйнага тургенеўскага праекта “Вялікі майстар мовы і стылю”. У любую вольную хвіліну да і пасля ўрокаў мы ўпарта рэпеціравалі.

І вось прызначаны дзень надышоў. Нашым літаратурным салонам пад назвай “Чароўны свет тургенеўскага слова” 19 лістапада мы адкрывалі традыцыйны ў школе тыдзень гуманітарных навук. Зала была поўная…

Здавалася, што адведзены нам час прамчаў на адным дыханні. Цяпер мы не проста вучні 9 класа, мы — юнакі і дзяўчаты тургенеўскай эпохі, на якіх захоплена глядзяць нашы малодшыя і старэйшыя таварышы, педагогі на чале з дырэктарам і бацькі. Мы знаёмім усіх прысутных з біяграфіяй і творчасцю Тургенева кароткім відэафрагментам, затым цытуем лепшыя ўзоры прозы і паэзіі аўтара, інсцэніруем эпізод з любімай “Асі”, танцуем ланнераўскі вальс, дзяўчаты з замілаваннем выконваюць раманс “Утро туманное” на словы Тургенева, а юнакі праз лісты і “вершы ў прозе” спрабуюць перадаць усю паўнату пачуццяў пісьменніка да непаўторнай Паліны Віярдо. Своеасаблівым атрымалася выступленне бібліятэкара Даўгінаўскай сельскай інтэграванай бібліятэкі І.П.Лісіцы, якая здолела так інтрыгоўна прадставіць незнаёмыя творы Тургенева, што хацелася бегчы ў бібліятэку, каб хутчэй з імі пазнаёміцца. А яшчэ мы правялі віктарыну з гледачамі, каб яшчэ раз замацаваць веды аб жыцці і творчасці класіка.

Лёс вялікага пісьменніка трагічны, паколькі ўсё яго жыццё тулілася “на краі чужога гнязда”. І тым больш сімвалічна ў нас у Беларусі ў Год малой радзімы гучаць словы Тургенева: “Няма шчасця па-за межамі Бацькаўшчыны. Кожны пускае карані ў родную зямлю”.

Скончылася выступленне пяшчотным фінальным вальсам. Гледачы былі ў захапленні, калі ўсе мы, акцёры, спусціліся са сцэны і сталі запрашаць на танец хлопцаў і дзяўчат з залы. Адчулі подых тургенеўскай эпохі…

Падобныя мерапрыемствы ў рамках нашага педпраекта праводзяцца ўжо не ўпершыню. Гэта ўспрымаецца даўгінаўскімі вучнямі на “ўра”, таму што вучыць быць высакароднымі, узвышае над штодзённасцю, звяртае да лепшых узораў сусветнага мастацтва, выхоўвае нашы душы.

Дзіяна СЯДАЯ,
Паліна МІСУН,
Настасся МЛЕЧКА,
навучэнкі 9 класа Даўгінаўскай сярэдняй школы Вілейскага раёна Мінскай вобласці.