Час цудаў працягваецца…

- 16:45Нам пішуць

Гэтая цудоўная гісторыя пачалася напярэдадні Новага 2018 года, калі Лусіна Рыгораўна Кудзіновіч, маці вучаніцы 5 “А” класа Гатаўскай сярэдняй школы Мінскага раёна, прапанавала дзецям паўдзельнічаць у конкурсе навагодняй тэатральнай цацкі, арганізаваным Вялікім тэатрам. Школьнікі з радасцю адгукнуліся на гэтую прапанову. Сярод іх былі і навучэнцы, якія займаюцца ў класах інтэграванага навучання і выхавання дома. 

Дзеці з энтузіязмам увасаблялі свае фантазіі ў жыццё на гуртку “Скарбонка ідэй” пад кіраўніцтвам Ірыны Аляксееўны Рукляцовай, настаўнікаў-дэфектолагаў Алены Генадзьеўны Пшыгоцкай, Ніны Пятроўны Юршы, Анжэлы Леанідаўны Марцінкевіч, Алены Андрэеўны Васільчанка, а таксама са сваімі бацькамі. У выніку творчай дзейнасці навагоднюю ёлку Вялікага тэатра ўпрыгожылі жабянятка Квак, калядны анёл, чароўная хлапушка, хрустальны чаравічак і іншыя выдатныя цацкі.

Падчас падрыхтоўкі да конкурсу навучэнцы дзяліліся цеплынёй зносін, здзіўлялі палётам фантазіі, былі згуртаваныя, дапамагалі і падтрымлівалі адно аднаго, стваралі атмасферу свята. Але на гэтым цуды не скончыліся.

Пасля падвядзення вынікаў конкурсу кожнаму ўдзельніку былі ўручаны памятныя дыпломы, навагоднія паштоўкі, маляўнічыя часопісы і іншыя прызы. Акрамя таго, навучэнцы былі запрошаны на экскурсію, арганізаваную Вялікім тэатрам. У дзяцей з’явілася магчымасць убачыць, як ствараюцца дэкарацыі для спектакляў, наведаць залу, дзе артысты балета рыхтуюцца да выступленняў, спусціцца ў аркестравую яму, даведацца шмат новага і цікавага.

Музы Вялікага тэатра правялі з вучнямі інтэрактыўныя гульні, а пасля каманды “Раз, два, тры, чарадзейства — ляці!” адбылася музычная імпрэза, якая пакінула незабыўнае ўражанне ва ўсіх прысутных.

Напярэдадні Новага 2019 года нашы школьнікі зноў з энтузіязмам узялі ўдзел у конкурсе навагодняй тэатральнай цацкі. І Новы год падарыў новыя сюрпрызы: спецыяльным прызам ад Дзеда Мароза былі ўзнагароджаны Мацвей Шчара (цацка “Шчаўкунчык”), Мікіта Навуменка (“Ёлачная цацка”), Уладзіслаў Закрэўскі (“Навагодняя гірлянда”), Настасся Какауліна (“Чароўны мяшок для падарункаў” ).

Падчас казачнага прадстаўлення арганізатары выказалі падзяку ўсім удзельнікам за творчасць, цікавыя ідэі і фантазію, якая не мае межаў. Пасля прадстаўлення адзін з навучэнцаў адзначыў: “Новы год скончыўся, а цуды не канчаюцца”. Хочацца выказаць падзяку ўсім “чарадзеям”, дзякуючы якім адбылася гэтая навагодняя казка.

Алена ПШЫГОЦКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг Гатаўскай сярэдняй школы Мінскага раёна.