Чытаем разам

- 10:40Нам пішуць

У Доцішскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна прайшло пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры па тэме “Развіццё чытацкай культуры вучняў пры вывучэнні беларускай літаратуры”. Пасяджэнне зладзілі ў форме семінара-практыкума.

Тэма невыпадковая. Сёння перад настаўнікамі-славеснікамі востра стаяць пытанні: як выклікаць цікавасць да чытання? чаму вучні аддаюць перавагу скарочанаму варыянту чытання? як сфарміраваць актыўную чытацкую пазіцыю? Зразумела, што першачарговая роля пры гэтым належыць урокам літаратуры.

Настаўнікі адзначылі прычыны зніжэння чытацкай актыўнасці навучэнцаў, прапанавалі шляхі павышэння цікавасці да чытання. Калегі актыўна дзяліліся вопытам. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Я.Ч.Гражынская з Пераганцаўскага ясляў-сада — базавай школы адзначыла ў сваім выступленні ролю пераемнасці ў змесце вучэбных праграм па літаратурным чытанні паміж 1 і 2 ступенямі агульнай сярэдняй адукацыі. Метадычнымі прыёмамі вывучэння літаратурнага твора, а таксама ўзроставымі асаблівасцямі ўспрымання мастацкага твора з вопыту сваёй працы падзялілася настаўніца Жырмунскай сярэдняй школы В.Ч.Квецень.

Важную ролю ў далучэнні дзяцей да чытання разам са школай адыгрывае сям’я. Але ў сям’і павінен прысутнічаць не толькі кантроль, але і прыклад бацькоў у развіцці чытацкай культуры ў дзяцей: а што я прачытаў(ла) апошнім часам; які твор пакінуў мяне нераўнадушным; што мы можам абмеркаваць разам з дзецьмі; мабыць, і мне неабходна прачытаць тое, што чытае маё дзіця? Яскрава гэтая тэма гучала ў выступленні настаўніцы Воранаўскай сярэдняй школы В.І.Войшніс.

Прысутныя мелі магчымасць наведаць урок беларускай літаратуры ў 7 “А” класе па тэме “Урокі пані Мар’і” па аповесці Я.Брыля “Сірочы хлеб”. На ўроку былі выкарыстаны інфармацыйныя тэхналогіі, інсцэніроўка эпізоду твора, дэманстрацыя малюнкаў, выкананых навучэнцамі.

Пашырэнню чытацкага кругагляду вучняў спрыяе і пазакласная работа ў школе. Разнавіднасцямі пазакласнай работы могуць быць літаратурныя гасцёўні і вечарыны, віктарыны і гульні, конкурсы і чытацкія канферэнцыі. Падчас пасяджэння прыкладам гэтага стала тэатралізаваная пастаноўка “Вячоркі ў Паўлінкі”. Вучні добра прадставілі свае ролі, спявалі народныя песні і выконвалі беларускія танцы.

Настаўнікам былі прапанаваны розныя формы работы, якія можна прымяняць у педагагічнай практыцы, каб матываваць вучняў да чытання, выхоўваць чытацкую кампетэнтнасць.

Ірэна КАЗЛОЎСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.