Далучайцеся да нас!

- 10:44Нам пішуць

У рамках рэспубліканскай антытытунёвай інфармацыйна-адукацыйнай акцыі ў сярэдняй школе № 5 Навагрудка прайшоў шэраг мерапрыемстваў пад дэвізам “Калі вы за здаровы лад жыцця, то далучайцеся да нас!”.

Першыя ўрокі на працягу тыдня для вучняў 6—7 класаў пачыналіся інфармацыйным лістком здароўя “Курыць — значыць…”, а класныя гадзіны ладзіліся пад адзінай тэматыкай “Выбірай: тытунь або здароўе”.

Для прафілактычных размоў з навучэнцамі былі запрошаны спецыялісты. Валеолаг Ніна Жураўская правяла гутарку з вучнямі 6-х класаў “Мы не курым — далучайся”, а оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Навагрудскага РАУС Дзяніс Рахоўскі сваім выступленнем папярэдзіў старшакласнікаў: “Небяспечна: курыльныя сумесі”.

Хлопчыкі і дзяўчынкі ўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў “Жыццё або цыгарэта”. На перапынках працавала інтэрактыўнае фае “ANTI SMOKING AD”.

У Сусветны дзень некурэння члены валанцёрскага атрада “Праменьчык святла” на вуліцах горада правялі акцыю “Мяняю цыгарэту на цукерку”. Напрыканцы тыдня актывісты БРСМ правялі акцыю-апытанне “Твой здаровы лад жыцця”. Дастаткова было аддаць голас за адзін або некалькі складнікаў здаровага ладу жыцця, прымацаваўшы стыкер.

Падчас антытытунёвай акцыі і вучні, і дарослыя задумаліся аб неабходнасці берагчы здароўе. Значыць, мы стараліся нездарма!

Таццяна ШАХ,
педагог-арганізатар сярэдняй школы № 5 Навагрудка.