Дапамагаем птушкам

- 16:46Нам пішуць

Штогод наша школа актыўна ўдзельнічае ў абласной экалагічнай акцыі “Падтрымаем птушак!”. Сёлета вучні ахвотна адгукнуліся на акцыі “Поўная кармушка” і “Птушкі на кармушцы”, аперацыі “Кармушка” і “Клопат”, майстар-клас “Кармушка сваімі рукамі”. Для дзяцей праводзіліся лінейка “Пералётныя і зімуючыя птушкі”, інфармацыйныя гадзіны “Птушкі ў свеце людзей” і “Падтрымайце птушак зімой”, класныя гадзіны “Птушкі роднага краю”, “Дапаможам птушкам перазімаваць”, тэматычнае маляванне “Птушкі — нашы сябры!”, лекцыя “Харчаванне птушак зімой насеннем”, гутаркі “Нашы крылатыя сябры” і “Птушкі, занесеныя ў Чырвоную кнігу”, экскурсія “Птушкі ў натуральным асяроддзі пражывання”, віктарыны “Што я ведаю пра птушак” і “Хвастатыя”.

Трэцякласнікі Аляксей Абламскі і Вікторыя Добыш пад кіраўніцтвам класнага кіраўніка А.М.Брышчук падрыхтавалі цікавыя фотаработы на конкурс “Птушкі і мы” ў намінацыі “У аб’ектыве — птушкі”. Вучні 3—4 класаў удзельнічалі ў суботняй гульні-падарожжы “Птушкі — гэта прыгажосць і таямніца”, накіраванай на выхаванне любові і беражлівага стаўлення да крылатых сяброў. Разам з педагогам-арганізатарам А.М.Росляк хлопчыкі і дзяўчынкі з каманд “Сінічкі” і “Снегіры” пабывалі на станцыях “Загадкавая”, “Птушыныя спевы”, “У гасцях у цёткі Савы”, “Знаўцы птушак роднага краю”, “Барометры прыроды”, “Крылы, ногі, дзюба”, “Рэбусы”, “Беражыце птушак!” і інш. У мінулую зіму кармушкі на тэрыторыі школы заўсёды былі поўныя смачных пачастункаў, падрыхтаваных дзецьмі. Многія з іх дапамагалі крылатым сябрам і дома, змайстраваўшы з бацькамі кармушкі з папяровых каробак.

Дзякуючы такім выхаваўчым мерапрыемствам, у вучняў фарміруюцца важныя маральныя якасці.

Аксана РОСЛЯК,
педагог-арганізатар Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.