Для папулярызацыі навукі сярод моладзі

- 10:15Вышэйшая школа

Сапраўдным цэнтрам навуковай думкі нядаўна стаў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. На працягу трох дзён тут праходзіў чарговы Магілёўскі фестываль навукі.

У БРУ даўно і плённа займаюцца навуковай дзейнасцю, аддаюць увагу і яе папулярызацыі. Па словах прарэктара па навуковай рабоце В.М.Пашкевіча, значным штуршком да развіцця навуковай дзейнасці і прадпрымальніцкай актыўнасці моладзі стала далучэнне ўніверсітэта да рэспубліканскага эксперыментальнага праекта па ўкараненні мадэлі “Універсітэт 3.0”.

— У маладых людзей стала больш магчымасцей для прэзентацыі сваіх навуковых распрацовак, а гэта вельмі важна. Напрыклад, не так даўно ў рамках праекта мы правялі ўжо другі адкрыты малдзёжны конкурс тэхналагічных стартапаў Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Па яго выніках пераможцам былі выдзелены гранты на запуск уласнай справы, рэалізацыю сваіх перспектыўных ідэй на практыцы, — расказаў Віктар Міхайлавіч.

Фестываль навукі накіраваны менавіта на стымуляванне цікавасці, прыцягненне моладзі да навукі і даследаванняў.

— Наш фестываль не проста расказвае пра навуку ў тэорыі, а дае моладзі магчымасць пазнаёміцца з ёй наглядна, паспрабаваць па працаваць на навуковым абсталяванні. Лічым важным і прадастаўленне маладым людзям магчымасцей для праяўлення сябе. Праграма фестывалю максімальна насычаная, цікавая і карысная, — адзначыў В.М.Пашкевіч.

Сёлетні фестываль навукі аб’яднаў школьнікаў, навучэнцаў каледжаў, студэнтаў з розных рэгіёнаў краіны. Для іх сапраўды было прадугледжана мноства мерапрыемстваў. Маладыя людзі запрашаліся да ўдзелу ў разнастайных алімпіядах: фізіка-матэматычнай і хіміка-біялагічнай, па фінансавай дасведчанасці, фінансавым рынку і абароне правоў спажыўцоў фінансавых паслуг. Былі арганізаваны абласная гістарычная інтэрнэт-алімпіяда “Доўгія вёрсты вайны”, алімпіяда па чарчэнні сярод школьнікаў “GRAPHO-2021”, абласная рэгіянальная камандная алімпіяда навучэнцаў каледжаў і школьнікаў па праграмаванні і адкрытая алімпіяда БРУ па матэрыяла знаўстве і тэхналогіі матэрыялаў. Быў прадугледжаны і творчы конкурс “Бітва крэатыву”, які адбыўся ў рамках маладзёжнага форуму “Маркетынг-NEXT”, ладзіліся конкурс “Бітва робатаў” і іншыя разнастайныя выставачныя, конкурсныя, забаўляльныя мерапрыемствы. Яшчэ моладзь чакалі лекцыі і майстар-класы ад перадавых навукоўцаў. А па выніках алімпіяд і конкурсаў лепшыя ўдзельнікі былі адзначаны ганаровымі дыпломамі і памятнымі падарункамі.

Магілёўскі фестываль навукі сёлета праходзіў ужо сёмы раз. Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляюцца Беларуска-Расійскі ўніверсітэт і Магілёўскі гарвыканкам пры падтрымцы шэрага іншых арганізацый. Фестываль праводзіцца з мэтай стымулявання цікавасці і прыцягнення да навуковай дзейнасці вучняў старшых класаў школ, навучэнцаў ліцэяў, каледжаў, а таксама студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі, садзейнічання прафесійнай арыентацыі школьнікаў, павышэння іміджу навуковай і педагагічнай дзейнасці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Таццяны ПАДЛІПСКАЙ.