Доследы будуць!

- 17:32Рознае, Суразмоўца

Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Вучэбна-навукова-вытворчы цэнтр “Тэхналаб” — першае прадпрыемства, заснавальнікам якога ў 2012 годзе стаў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Укладзеныя ў прадпрыемства 300 мільёнаў рублёў ужо вернуты заснавальніку, і сёння “Тэхналаб” зарабляе на сябе і ўніверсітэт.
Як навука можа прыносіць рэальныя грошы, пра цяжкасці і дасягненні на гэтым шляху, пра якасную падрыхтоўку настаўнікаў фізікі і зацікаўленасць школьнікаў у вывучэнні гэтага прадмета мы гутарым з дырэктарам РУП “Тэхналаб”, кандыдатам фізіка-матэматычных навук, дацэнтам, дэлегатам ІІ з’езда вучоных Беларусі Аляксандрам ВАСІЛЕВІЧАМ.

— Аляксандр Яўгенавіч, што, на ваш погляд, з улікам больш як дваццацігадовага вопыту работы ў галіне аўтаматызацыі вучэбнага і навуковага эксперымента патрэбна сёння і школе, і ВНУ для якаснай падрыхтоўкі ў галіне фізікі і іншых прыродазнаўчых навук?
— Без эксперымента, без правядзення доследаў вывучэнне фізікі становіцца нецікавым. З пераходам на цэнтралізаванае тэсціраванне ў выкладанні фізікі стаў пераважаць тэарэтычны спосаб пазнання новага вучэбнага матэрыялу. А фізіка ў сваёй аснове — навука эксперыментальная. Акрамя абавязковага ўмення рашаць задачы, доследы, лабараторныя работы тут абавязковыя.
Таму лічу, што вырашэннем праблемы можа стаць метадычны падыход да навучання ў сярэдняй школе, заснаваны на комплексным выкарыстанні сучасных -інфармацыйных тэхналогій і фізічнага эксперымента. Гэты падыход дазволіць павысіць самастойную пазнавальную дзейнасць вучняў, развіць іх творчыя здольнасці і, самае галоўнае, змяніць меркаванне большасці бацькоў і дзяцей, што фізіка — навука складаная, незразумелая і патрэбна толькі вузкаму колу спецыялістаў.
Міністэрствам адукацыі Беларусі распрацавана праграма перааснашчэння школ вучэбным абсталяваннем на 2012—2017 гады. У адпаведнасці з ёй наша прадпрыемства паставіла ў школы краіны 222 камплекты дэманстрацыйнага абсталявання для кабінетаў фізікі. Усяго зробім 3200 такіх камплектаў.

— Якое абсталяванне выпускае “Тэхналаб”?
— Нашай распрацоўкай з’яўляюцца лабараторныя практыкумы, пабудаваныя на аснове вымяральнага ўстройства “Тэхналаб”. Устройства адзначана бронзавым медалём ІХ Маскоўскага міжнароднага салона інавацый, дыпломам Пецярбургскага тэхнічнага кірмашу. Створана арыгінальнае праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе выкарыстоўваць “Тэхналаб” як замену мноству вымяральных прыбораў (генератар, асцылограф, вальтметр, частатамер, фазометр, аналізатар спектра і інш). Камп’ютар, што ўваходзіць у яго склад, дазваляе ў рэальным часе рэгістраваць некалькі хутка бягучых (долі секунды) і павольных (хвіліны, суткі) падзей і запісваць атрыманыя даныя для далейшай апрацоўкі пры дапамозе спецыяльных праграм.
Для аптымізацыі вучэбнага працэсу прымяняюцца ўніфікаваныя распрацоўкі, якія дазваляюць праводзіць эксперыменты адразу па некалькіх тэмах канкрэтнага раздзела фізікі, хіміі, біялогіі. Гэта дазваляе скараціць вучэбны час, што затрачваецца на правядзенне эксперымента, павысіць эфектыўнасць самастойнай даследчай дзейнасці навучэнцаў.

— Чым адрозніваюцца распрацоўкі “Тэхналаба”, чаму ўдзяляеце ўвагу?
— Вялікую ўвагу ўдзяляем метадычнаму забеспячэнню. Над гэтым працуюць і навукоўцы-выкладчыкі фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ, і практыкі — настаўнікі школ. Наша абсталяванне адзначаецца высокай ступенню навізны з выкарыстаннем інавацыйных навукова-метадычных падыходаў. Рэалізуем прынцып варыятыўнасці, пры якім магчымы некалькі спосабаў камплектавання сістэм абсталявання: на аснове камп’ютарных вымяральных сістэм, на базе лічбавых спосабаў апрацоўкі і прадстаўлення вынікаў эксперымента, на аснове класічных аналагавых метадаў. Методыка выканання работ накіравана на рэалізацыю праблемна-дзейнаснага падыходу да навучання. Наша прадукцыя ў параўнанні з іншымі вытворцамі вытрымлівае цэнавую канкурэнцыю. Таксама выконваем сэрвіснае, тэхнічнае і метадычнае суправаджэнне.
Мы вядзём актыўныя тэарэтычныя даследаванні, акцэнт у якіх робіцца на комплекснае выкарыстанне рэальнага фізічнага эксперымента і электронных сродкаў навучання. Па выніках гэтых даследаванняў падрыхтавана кандыдацкая дысертацыя, выкананы 5 магістарскіх дысертацый і 9 дыпломных праектаў.

— Вы вучоны-фізік, выкладчык, а зараз як дырэктар асвойваеце і іншыя напрамкі дзейнасці — маркетынг, менеджмент…
— А яшчэ эканамічныя і юрыдычныя тонкасці. Сёння важна не толькі стварыць, прыдумаць новае, але і ўменне гэта ўкараніць, рэалізаваць. І зарабляць грошы, каб яны працавалі на новае, інавацыйнае. У мінулым годзе “Тэхналаб” рэалізаваў прадукцыі на 4,8 мільярда рублёў, рэнтабельнасць склала 35%. Мы паставілі сваё абсталяванне ў Азербайджан — у Нацыянальную акадэмію авіацыі. Дарэчы, зараз вядуцца перамовы аб стварэнні ў гэтай краіне сумеснага прадпрыемства. Падпісаны кантракт з Расіяй. Ёсць дамоўленасць па пастаўцы лабараторных работ ва Універсітэт Беластока ў Польшчы.

— “Тэхналаб” — гэта не толькі вытворчасць. Ведаю, што на базе прадпрыемства таксама вядзецца работа са студэнтамі і школьнікамі. Раскажыце пра гэта больш падрабязна.
— Так, у нас арганізоўваюцца абласныя зборы па падрыхтоўцы алімпіяднікаў, праводзяцца заняткі з навучэнцамі ліцэя № 1 і гімназіі № 3. На базе “Тэхналаба” праходзяць практыку студэнты фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы. Нам важна, што будучыя настаўнікі фізікі азнаёмяцца з гэтым абсталяваннемі і будуць гатовы працаваць з ім у школе.
Плануем адкрыццё на базе прадпрыемства філіяла кафедры прамысловай электронікі фізіка-тэхнічнага факультэта, студэнцкага канструктарскага бюро і секцыі для школьнікаў, дзе ўніверсітэцкія прафесары будуць чытаць ім лекцыі.

— Якія планы вытворчасці?
— Мы ўжо маем пэўны вопыт. Хачу падзякаваць за падтрымку кіраўніцтву Гродзенскага ўніверсітэта, Міністэрства адукацыі і асабіста міністру Сяргею Аляксандра-вічу Маскевічу, калегам з Белдзяржуніверсітэта — РУП “АктыўБДУ”. У планах — наладзіць прамысловую вытворчасць разрыўнай машыны для атрымання электрагідраўлічнага цеплавога выбуху для разбурэння канструкцый пры правядзенні аварыйна-выратавальных работ, у геолагаразведцы. Гэта распрацоўка вучоных фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы.

— Што б вы параілі тым, хто захоча паўтарыць ваш вопыт і пачаць сумяшчаць навуку і вытворчую дзейнасць?
— Я параіў бы, па-першае, дакладна ацаніць кан’юнктуру рынку запланаваных прадуктаў вытворчасці, а па-другое, актыўна далучаць моладзь. Таксама трэба быць гатовым узяць на сябе адказнасць за прыняцце неардынарных рашэнняў.

 

Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Юліі АНІКЕВІЧ.