Драўніна пад далонню

- 13:12Прафесіяналы

Калі вы бачыце маштабныя драўляныя скульптуры і пано, карункавыя вароты і ліштву, якім вам уяўляецца іх аўтар? Мне асабіста — каржакаватым шыракаплечым мужчынам з моцнымі, мазолістымі ад разцоў рукамі. Ва ўсялякім выпадку, назіраючы з дзяцінства ў майстэрні за сваім братам-разьбяром, не магу ўявіць на яго месцы вытанчаную стройную жанчыну, тым больш сталага веку. Таму 81-гадовая Ганна Савельеўна Асіпкова, былая настаўніца малявання і чарчэння з Кашчынскай сярэдняй школы Чашніцкага раёна, разьбярка па дрэве, стала для мяне адкрыццём.

Дзедава навука

Адкрыццём стала для мяне і тое, наколькі энергічным, няўрымслівым і яркім можа быць чалавек у такім паважаным узросце. З ёй мала хто з маладых у гэтым можа паспаборнічаць. Гутарка з Ганнай Савельеўнай дае сілы ніколі не спыняцца на дасягнутым, знаходзіць сабе справу для душы і любіць жыццё.

Лёс яе сям’і быў цяжкім. Яшчэ да вайны з семярых дзяцей выжылі толькі чацвёра: трое памерлі з голаду. Бацькі не стала адразу пасля перамогі, і маці падымала дзетак сама. Маленькая Ганна была хваравітай, таму яе да сябе забралі дзядуля і бабуля ў вёску Гурэц, таксама на Чашніччыне. Менавіта тут і зараджалася яе любоў да дрэва, драўніны. Поле, луг, кветкі, камяні, возера — усё выклікала замілаванне ў дзяўчынкі, але ў любую пару года асабліва яе вабіў лес. Часта брала з рук дзеда стамеску, якой той рабіў хатнія рэчы, і спрабавала змайстраваць з паленца што-небудзь сама.

Менавіта дзядулю Івана Якаўлевіча майстрыха лічыць “першым і галоўным універсітэтам”. Ён паказаў, як выразаць лыжкі, міскі з дрэва, навучыў тонка адчуваць матэрыял. Атрымлівацца стала адразу. Спачатку гэта былі простыя фігуркі, потым — скульптуры, а потым з’яўляліся больш складаныя многафігурныя кампазіцыі і нават цэлыя сюжэты з жыцця. Дзяўчынка марыла працягваць асвойваць мастацтва далей, і дзядуля, і іншыя сваякі параілі ёй не адмаўляцца ад мары і паступаць вучыцца ў найбліжэйшае ад іх Віцебскае мастацка-графічнае педагагічнае вучылішча (праз пару гадоў на яго базе стварылі мастграф педінстытута). Хаця ў тыя гады пераадолець даводзілася шмат чаго.

На ўступныя іспыты трэба было прынесці творчыя работы. Але намаляваць іх не было чым. Каляровай гамы алоўкаў, якія калісьці падарыў дырэктар мясцовага рыбгаса, пачуўшы пра талент школьніцы, не хапала. Дзядуля параіў выкарыстоўваць прыродныя фарбы. І Ганна эксперыментавала. У рабоце “Партызанская ноч” цемру ўдалося перадаць, змяшаўшы аловак з сажай, а твары партызан ля вогнішча яна ажывіла з дапамогай гліны. Члены прыёмнай камісіі ацанілі і талент, і знаходлівасць. Гэта была першая сур’ёзная перамога юнай мастачкі.

— Студэнцтва ў пасляваенныя гады было галодным і халодным. Дзед купіў мне пару брэзентавых туфляў, іх я насіла і ўлетку, і ўзімку — пад цёплыя шкарпэткі. Чай заварвала з насушаных мамай чарніц. Каб атрымаць капейку, збіралі з аднагрупніцай бутэлькі, здавалі іх і куплялі сабе агародніну, варылі суп, клікалі за стол тых, хто быў яшчэ галаднейшы. Каб прыехаць у вучылішча, даводзілася пяшком ісці 20 кіламетраў да Чашнікаў, а там перасаджвалася на аўтобус да Віцебска. Але ўсе цяжкасці пераадольваліся, каб толькі мець магчымасць вучыцца. Хаця вучоба спачатку мне давалася цяжка, бо я не ведала ні правіл перспектывы, ні іншых мастацкіх прыёмаў, але лавіла кожнае слова выкладчыкаў, запамінала ўсё да дробязей. Шкада толькі, што ў нас не было разьбярства, не вучылі нас рабіць і драўляныя скульптуры, была толькі скульптура з гліны. Усё, што я ўмела ў разьбярстве, — ад дзядулі. Гэтым я і стала займацца потым, праз гады, — успамінае Ганна Савельеўна.

Сын Ігар – прадаўжальнік сямейнай справы.

Лясныя ўрокі

Пасля вучобы Ганна Асіпкова ўсё жыццё выкладала маляванне і чарчэнне ў школе. Спачатку на Каўказе, куды адправілася ўслед за мужам, а калі вярнулася на ра­дзіму, працавала ў Красналуцкай, затым у Кашчынскай школе. Яе нестандартныя ўрокі дзеці вельмі любілі.

— Самавольнічала, вядома, страшна, — смяецца Ганна Савель­еўна. — Я яшчэ школьніцай любіла маляванне, але настаўніка малявання ў нас не было, яго вялі прадметнікі “ў нагрузку”. Таму калі я сама стала настаўніцай, то старалася весці ўрокі так, як хацела б, каб некалі вялі іх у мяне. Напрыклад, я імкнулася як мага менш урокаў праводзіць у класе — выводзіла сваіх вучняў у лес, з імі мы назіралі за прыродай, птушкамі, жывёламі. Вось там мы і асвойвалі паняцці аб’ёму, перспектывы, формы, кампазіцыі. Зімой, напрыклад, калі была тэма “Азнаямленне са скульптурай”, я чакала адлігі. Каб падстроіцца пад надвор’е, нават перастаўляла ўрокі. Мы выходзілі з дзецьмі ў поле, ляпілі скульптуры са снегу і, што найбольш любілі дзеці, разам іх ацэньвалі па ўсіх параметрах.

Віртуознае мастацтва

Яе ўласныя скульптуры, толькі з драўніны, ацэньвала прафесійнае журы потым не раз. Падтрымліваў і дапамагаў разьбярцы ў яе справе муж Генадзь Лукіч. Ён жа быў дарадчыкам і першым суддзёй.

Ганна Савельеўна стварыла сот­ні драўляных скульптур, якія ў большасці сваёй трапілі ў калекцыі розных музеяў і пайшлі на падарункі. Каталогаў ніколі не вяла, самабытнымі работамі дзялілася лёгка. Не ўмела прасіць за свае вырабы вялікіх грошай, якіх яны рэальна каштавалі.

Працуючы над скульптурамі, жанчына ніколі не марыла аб славе, прызнанні. Гэта было памкненне душы. Прызнанне прыйшло само. Яе скульптуры шмат разоў пабывалі на абласных і рэспубліканскіх выставах, на ВДНГ у Маскве. Нават трапілі за мора: былі на вернісажах у Кана­дзе, Германіі, Францыі, Балівіі і інш. Усе яе творы атрымлівалі высокую ацэнку, майстрыха кожны раз адзначалася ганаровымі граматамі і дыпломамі.

Натуральна, што і ў Чашніцкім гістарычным музеі яе работы галоўныя ў экспазіцыі. Падоўгу стаяць ля іх дарослыя і дзеці: пытаюцца пра майстра, які змог так цудоўна перадаць у дрэве рысы і характар розных людзей, іх пачуцці, працу, нават лёс беларусаў.

За ўсе гады праз віртуозныя рукі ўмеліцы прайшлі сотні камлёў! Звычайнымі сякерай, пілой і стамескай тварыла так, што калегі па цэху толькі дзіву даваліся. На адным з мінскіх практыкумаў, дзе кампетэнтнае журы ацэньвала работы разьбяроў, Ганна Савельеўна захвалявалася: у яе было ўсяго два інструменты, у астатніх — цэлыя наборы. Між тым менавіта яе майстэрства эксперты ацанілі найвышэйшым балам. Тады ўпершыню прагучала, што Ганна Асіпкова — адзі­ная ў Еўропе жанчына, якая ў дасканаласці валодае тэхнікай разьбы па дрэве. Артыкулы пра адораную беларуску з’яўляліся ад зін за адным, у тым ліку ў “Известиях” і “Правде”. У Чашніцкі раён паляцелі лісты з розных куткоў Савецкага Саюза. Лю­дзі пыталіся ў Ганны Савельеўны парады, як што зрабіць, з чаго пачы­наць. Яна сядзела вечарамі, пісала адказы на сотні лістоў з падрабязнымі інструкцыямі. Не магла адмовіць, бо ведала, як гэта, калі “гарыш” творчасцю.

Разважаючы пра захапленне разьбярствам і пра тое, ці жаночая гэта справа, Ганна Савельеўна адказала:

— У мастацтве няма раздзялення на мужчынскае і жаночае. Тое, што табе падабаецца, ты можаш пераадолець без аглядкі на пол. Але, каб ства­раць вялікія скульптуры, трэба фізічная сіла. Напрыклад, у мяне ёсць скульптурныя кампазіцыі вышынёй 3 метры, і яшчэ большыя ў шырыню. Таму было фізічна цяжка: трэба ж дрэва і расчапіць, і падпілаваць, і сякерай абсекчы. Інструментаў тады было мала. Ад дзядулі ў мяне засталіся толькі дзве стамескі, пілка, сякера і кіянка. Гэта цяпер я з зайздрасцю гляджу на сучасны інструмент, на тое, як можна выкарыстоўваць камп’ютарныя праграмы для выразання ўзораў. З такой машынкай куды прасцей любому: і мужчыну, і жанчыне. Так, ад працы з дрэвам рукі мае сталі вузлаватымі, але ж я ні на што не звяртала ўвагі: забывалася пра час, пра боль у руках, нагах. Я так хацела тва­рыць, што слёзы ліліся. Я не магла ні спа ць, ні есці: усе мае думкі былі пра вобраз будучай скульптуры, і я не магла ад яе адысці. Я дагэтуль не магу жыць без адчування драўніны пад далонню. Амаль штодзень ха­джу ў лес, каб пабыць сярод дрэў, абняць іх, адчуць іх цяпло. Яны жывыя. Хіба можа параўнацца драўляная скульптура нават з самай вытанчанай бронзавай — халоднай, бяздушнай?

Але што ні кажы, усё ж гады бяруць сваё. Апошнім часам, кажа мастачка, рукі ўжо не маюць той сілы, каб працаваць з дрэвам, а творчая душа ўсё просіць выйсця:

— Усё роўна, што без паўсэрца засталася. Дзівосны матэрыял: рэжаш па ім — і адчуваеш яднанне з прыродай, адметнае цяпло, якое ідзе ад кожнага палена, кораня, кругляша…

Цяпер на змену стамескам і сякеры прыйшоў пэндзаль. На сваіх жывапісных палотнах Ганна Савельеўна заўважае і дзеліцца з іншымі тым, што бачыць і адчувае сама. Яркія, насычаныя — хоць зараз у ілюстрацыі да кніг казак. Напрыклад, у яе доме сцены ўпрыгожваюць поры года, намаляваныя гуашшу на самаробных палотнах са шпалер. Мастачка мае цягу да маштабу, а таму ролю палотнаў сталі выконваць сцены будынкаў. Бясплатна Ганна Асіпкова распісвае сцены ў дамах аднавяскоўцаў — і знутры, і звонку. А нядаўна майстрыха ўпрыгожыла сцены адной з новалукомльскіх школ, у Кашчынскім спартыўна-культурным цэнтры.

Штогод у мясцовым Доме культуры праходзяць выставы работ таленавітага майстра, якія з задавальненнем наведваюць дарослыя і дзеці з усіх навакольных вёсак. На адной з апошніх выстаў — “Ад усёй душы” — былі і лялькі, пашытыя Ганнай Савельеўнай.

Талент з працягам

Талент жанчыны знайшоў свой працяг у сыне Ігару, які стаў рэстаўратарам. У яго ад маці — цяга да разьбы па дрэве. Ігар таксама скончыў мастацка-графічны факультэт і працаваў у Кашчынскай сярэдняй школе. Некалі, даведаўшыся пра чашніцкага самародка, аб’яднанне, якое займалася рэстаўрацыйнымі работамі ў Пецяргофе, прапанавала Ганне Савельеўне работу пад Ленінградам, давала нават кватэру. Сама жанчына не захацела з’язджаць з радзімы, але рэкамендавала замест сябе сына. Шмат гадоў Ігар займаўся рэстаўрацыяй у рэзідэнцыі рускіх цароў, цяпер працуе разьбяром, выконваючы заказы па ўсёй Расіі. Унукі Ганны Савельеўны Маша і Антон таксама з сямейнай творчай жылкай: выбралі архітэктуру і дызайн. Перадала Ганна Савель­еўна сваё май­стэрства разьбяра і пляменніку Станіславу Мікалаевічу Бялькову. Некалькі яе вучняў таксама пайшлі па яе слядах — ад мастграфа да настаўніцтва.

Гэтай жанчыне прысвя­чаюць вершы, у тым ліку і настаўнікі — яе выпускнікі. Вельмі шмат пісалі і пішуць пра Ганну Савельеўну ў розных газетах, часопісах, нават кнігах. Пра яе быў зняты фільм. Захоўваюць работы майстрыхі і ў яе роднай Кашчынскай сярэдняй школе: яны складаюць аснову краязнаўчага кутка “Паэмы ў дрэве”. У мінулым го­дзе твор­часць знакамітай настаўніцы і зямлячкі паклалі ў аснову сваёй даследчай работы тады яшчэ шасцікласнікі гэтай школы Вікторыя Уладзімірава і Дзмітрый Гайсёнак. З гэтай работай яны перамаглі ў конкурсе “Куточак Беларусі — маленькая радзіма” (праект “Таленавітыя людзі роднай зямлі”, намінацыя “Знакамітыя землякі”), які ладзіўся ў НДЦ “Зубраня”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Г.С.Асіпковай.