Фарміраваць функцыянальную дасведчанасць школьнікаў дапамогуць факультатывы

- 9:30Образование

Вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў «Калі вучыцца лёгка. У свеце канструявання», «У свеце інфармацыі» і «Аблічча Беларусі: экалогія і ўстойлівасць» зацверджаны пастановай Міністэрства адукацыі ад 4 сакавіка 2024 г. № 26. Такая інфармацыя размешчана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Праграма «Калі вучыцца лёгка. У свеце канструявання» прызначана для 3—4-х класаў і разлічана на 34 гадзіны (III клас — 17 гадзін; IV клас — 17 гадзін). Мэта факультатыву — фарміраванне ў вучняў універсальных складнікаў функцыянальнай дасведчанасці ў працэсе канструктарскай дзейнасці.

Праграма складаецца са структурных модуляў «Канструяванне па ўзоры», «Канструяванне па мадэлі», «Канструяванне па найпрасцейшых чарцяжах і схемах», «Канструяванне па зададзеных умовах», якія паўтараюцца ў 3-м і 4-м класах, паслядоўна ўскладняючыся. У рамках кожнага модуля прапануецца праектная задача, якая ўключае некалькі звязаных заданняў тэарэтычнага і практычнага характару і прадугледжвае выкананне пэўнага вырабу. Заданні накіраваны на пошук вырашэння праблем, характэрных для рэальных жыццёвых сітуацый. Гэтыя сітуацыі, як правіла, звязаны з асабістым жыццём навучэнцаў, вучобай, адпачынкам, з жыццём грамадства. Выкананне заданняў патрабуе ад малодшых школьнікаў уменняў працаваць з інфармацыяй, устанаўліваць сувязі паміж аб’ектамі і з’явамі, вырашаць праблему ў новым кантэксце.

У выніку засваення праграмы ў вучняў будуць сфарміраваны ўяўленні аб тэхніка-тэхналагічнай карціне свету, яны набудуць веды пра матэрыялы, іх уласцівасці, гісторыю асваення прыродных багаццяў чалавекам, пра ўплыў разумнай і неразумнай дзейнасці чалавека на Зямлю, сучасныя тэхналогіі, у тым ліку і новыя інфармацыйныя. Праграма накіравана на развіццё такіх якасцей асобы, як пераўтваральнае мысленне і творчыя здольнасці (уменні назіраць, параўноўваць, аналізаваць, класіфікаваць, абагульняць, самастойна шукаць і рашаць даступныя творчыя, тэхніка-тэхналагічныя задачы, уменні выкарыстоўваць набытыя веды ва ўласнай і калектыўнай праектнай дзейнасці).

Праграма факультатыву «У свеце інфармацыі» арыентавана на фарміраванне функцыянальнай дасведчанасці ў галіне работы з інфармацыяй і прызначана для 5—6-х класаў. Яна разлічана на 70 гадзін (35 гадзін на год (1 гадзіна на тыдзень) для кожнага класа) і прадугледжвае атрыманне тэарэтычных ведаў і набыццё практычных навыкаў у працэсе праектнай дзейнасці.

Вучэбны матэрыял структураваны па праектах, у кожным з іх прапісаны тэмы, віды дзейнасці і назва міні-праекта, выкананне якога ў выніку прывядзе да стварэння навучэнцамі пэўнага прадукту — сямейнага архіва (у 5-м класе) і энцыклапедыі цікавых фактаў (у 6-м). Арганізацыя заняткаў прадугледжвае шырокае выкарыстанне разнастайных форм і відаў дзейнасці, праблемных, практычных і даследчых метадаў.

Падчас факультатыву школьнікам раскажуць, што такое інфармацыя, азнаёмяць з асноўнымі крыніцамі, эфектыўнымі метадамі і сродкамі работы з ёй, навучаць шукаць патрэбную інфармацыю, ацэньваць яе дакладнасць і праўдзівасць і інш.

На фарміраванне функцыянальнай дасведчанасці вучняў 9-га класа ў працэсе выканання праектнай дзейнасці пры вывучэнні прыродазнаўчанавуковых прадметаў накіравана праграма факультатыву «Аблічча Беларусі: экалогія і ўстойлівасць», разлічаная на гадзіну ў тыдзень. Сярод яе асноўных задач — развіццё пазнавальнай і творчай актыўнасці на аснове праектнай дзейнасці даследчага характару, фарміраванне камунікатыўнай, вучэбна-пазнавальнай, інфармацыйнай і экалагічнай кампетэнцый, развіццё ўмення працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі.

Падчас заняткаў школьнікі азнаёмяцца з рознымі экалагічнымі задачамі, якія адлюстроўваюць рэальныя жыццёвыя сітуацыі, будуць развіваць геаграфічныя навыкі аналізу экалагічных сітуацый, навучацца ацэньваць розныя варыянты вырашэння экалагічных праблем з улікам метапрадметных сувязей і выбіраць аптымальны варыянт, авалодаюць уменнямі ставіць мэты, планаваць і шукаць шляхі іх дасягнення. А таксама набудуць вопыт супрацоўніцтва з равеснікамі, педагогамі пры ажыццяўленні творчай дзейнасці.

Правядзенне заняткаў прадугледжвае выкарыстанне сучасных форм, метадаў і сродкаў ажыццяўлення праектнай даследчай дзейнасці, сучасных адукацыйных тэхналогій. Педагогам рэкамендуецца выкарыстоўваць электронныя сродкі навучання, геаінфармацыйныя тэхналогіі, матэматычнае мадэляванне, інтэрактыўныя камп’ютарныя мадэлі, картаграфаванне з мэтай візуалізацыі вынікаў, канкрэтызацыі паняццяў, паглыблення цікавасці да вучэбнага прадмета і выканання праектаў. Істотнае значэнне маюць арганізацыя абмеркавання экалагічных праблем, выкананне 9-класнікамі індывідуальных заданняў, міні- і групавых праектаў. Вынікам навучання павінна стаць прэзентацыя групавога або індывідуальнага праекта з наступным яго абмеркаваннем.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара