Гарантыя ўстойлівага развіцця — у рэалізацыі адукацыйных стратэгій

- 11:22Суразмоўца
Жнівень, напэўна, самы гарачы месяц у годзе для сістэмы адукацыі. У навучальных установах кіпіць работа: ідзе падрыхтоўка да 1 верасня. Акрамя таго, актуальнай у гэты час становіцца тэма падвядзення вынікаў за мінулы навучальны год. Якім ён стаў для сферы адукацыі Магілёўшчыны, якія праблемы ўзнікалі і якія новаўвядзенні з’явіліся? Пра ўсё гэта і не толькі ў інтэрв’ю нашаму карэспандэнту падрабязна расказаў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў.

— Уладзімір Уладзіміравіч, якія якасныя змены былі характэрны для сістэмы адукацыі вобласці ў мінулым навучальным годзе?
— Увесь мінулы перыяд сфера адукацыі рэгіёна, як і раней, была накіравана на рэалізацыю актуальных задач, якія дыктуе час. Мы імкнуліся да аператыўнага вырашэння праблем, пошуку прагрэсіўных шляхоў далейшага развіцця. Таму, падводзячы зараз вынікі работы сістэмы адукацыі вобласці за 2012/2013 навучальны год, можна з упэўненасцю сказаць, што органамі кіравання, установамі Начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама У.У. Рыжкоў. адукацыі рэгіёна забяспечана стабільнае функцыянаванне галіны, дасягнуты пэўныя вынікі. Існуючая сетка навучальных устаноў цалкам задавальняе запыты насельніцтва, значна ўдасканалена матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі, працягнута комплекснае вырашэнне пытанняў інфарматызацыі працэсаў навучання і кіравання, арыентаванай на стварэнне адзінай інфармацыйнай адукацыйнай прасторы вобласці, назіраецца і шмат іншых станоўчых аспектаў развіцця.

— Мабыць, самае надзённае пытанне сёння – гэта падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Якая сітуацыя ў галіне складваецца ў гэтым кірунку?
— На падрыхтоўку да новага навучальнага года школ Магілёўшчыны з абласнога бюджэту выдаткавана амаль 170 млрд рублёў, што на 40% больш, чым у мінулым годзе. Акрамя таго, на гэтыя мэты было накіравана яшчэ 5 млрд рублёў з пазабюджэтных крыніц. Усе гэтыя сродкі былі задзейнічаны на рамонт школ і школ-інтэрнатаў, дзіцячых садоў, устаноў прафесійна-тэхнічнай і дадатковай адукацыі, у якіх быў праведзены касметычны рамонт, заменены і адрамантаваны дах, абноўлена мэбля і вучэбнае абсталяванне. Выдзеленыя сродкі пайшлі таксама на выкананне планавых мерапрыемстваў, накіраваных на бяспеку дзяцей, падрыхтоўку да асенне-зімовага перыяду, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў, сталовых і спартыўных залаў.
Дастатковае фінансаванне і своечасовасць выканання работ, якая ўвесь час курыравалася спецыялістамі ўпраўлення і аддзелаў адукацыі, далі свае вынікі. На сённяшні дзень большасць устаноў адукацыі вобласці гатова прыняць сваіх вучняў.

— Па вашых словах, забеспячэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі рэгіёна знаходзіцца на даволі высокім узроўні. А ці дастаткова ўкамплектаваны яны педагагічнымі кадрамі?
— Забяспечанасць навучальных устаноў вобласці педагогамі складае амаль сто працэнтаў. Практычна ўсе нашы настаўнікі маюць вышэйшую адукацыю, звыш 70 працэнтаў з іх – яшчэ вышэйшую ці першую кваліфікацыйную катэгорыю. Хочацца адзначыць і факт штогадовага павелічэння гэтага паказчыка.
Нягледзячы на ў цэлым станоўчыя тэндэнцыі, для сістэмы адукацыі вобласці, як і для многіх іншых галін, застаецца актуальнай праблема замацавання маладых спецыялістаў. Зараз гэтае пытанне актыўна прапрацоўваецца і, думаю, вырашыць яго нам па сілах. Дасягнуць значнага павышэння прэстыжу педагагічнай працы, а таксама галоўнага матыватара — заработнай платы, цалкам магчыма за кошт сацыяльнай падтрымкі, унутраных рэсурсаў і аптымізацыі. Вялікія надзеі ўскладаем таксама на прафарыентацыю і мэтавае навучанне. Зладжаная работа па выкарыстанні ўсіх шляхоў прыцягнення ў навучальныя ўстановы маладых работнікаў дазволіць поўнасцю вырашыць гэтую праблему.

— Вы гаварылі аб высокім прафесійным узроўні магілёўскіх педагогаў. Такая кваліфікацыя, несумненна, спрыяе і адпаведным вынікам іх работы, у прыватнасці, поспехам і дасягненням навучэнцаў…
— Вядома. Адораных дзяцей, чый талент раскрыўся дзякуючы рабоце педагогаў, на Магілёўшчыне не пералічыць. Штогод 70% навучэнцаў удзельнічаюць у этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, трэцяя частка з якіх — сельскія школьнікі. Паспяхова выступаюць нашы навучэнцы на рэспубліканскіх алімпіядах, радуюць іх дасягненні і на міжнародным узроўні: толькі ў мінулым навучальным годзе адзін залаты і чатыры бронзавыя медалі. Не менш таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак у спорце. На турыстычным злёце навучэнцаў Саюзнай дзяржавы магілёўскай камандай заваявана першае месца ў спартыўным арыентаванні. Па выніках спаборніцтваў Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў–2013 каманда вобласці заняла 3 месца. Навучэнцы ўстаноў адукацыі дасягнулі высокіх вынікаў на міжнародных першынствах. Шэсць залатых медалёў па шахматах, шашках, грэка-рымскай барацьбе і фехтаванні паклалі ў скарбонку ўзнагарод навучэнцы спартыўных дзіцяча-юнацкіх школ.
Натуральна, што для такой моладзі ствараюцца і адпаведныя ўмовы ў рэалізацыі творчага патэнцыялу. З 2006 года больш за 600 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэгіёна адзначаны заахвочвальнымі прэміямі і стыпендыямі спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Трыццаць навучэнцаў, студэнтаў, педагогаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у інтэлектуальнай і творчай дзейнасці ў бягучым годзе, атрымалі спецыяльныя прэміі аблвыканкама ў сацыяльнай сферы. На працягу ўжо чатырох гадоў штогадовай прэміяй аблвыканкама ўзнагароджваюцца пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Заахвочваюцца і юныя спартсмены рэгіёна. Так, грашовыя ўзнагароды атрымалі ўсе пераможцы і прызёры спаборніцтваў і спартакіяд. Вядома, пры ўзнагароджанні таленавітых дзяцей не забываюць і пра педагогаў і трэнераў, якія іх падрыхтавалі.

— Уладзімір Уладзіміравіч, а якая сітуацыя ў вобласці з выхаваннем і адукацыяй дзяцей малодшага дашкольнага ўзросту?
— На Магілёўшчыне на цяперашні момант функцыянуюць 524 дашкольныя ўстановы, якія рэалізуюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі, з колькасцю выхаванцаў звыш сарака дзвюх тысяч, што складае 72 працэнты ад пражываючых. Забяспечанасць месцамі ва ўстановах дашкольнага тыпу складае на сёння 107 працэнтаў. Існуючыя віды дашкольных устаноў рэгіёна дазваляюць забяспечыць варыятыўнасць адукацыйнага працэсу, арыентаванага на індывідуальнасць дзіцяці і запыты яго бацькоў. На працягу апошніх пяці гадоў не назіраецца рост колькасці пропускаў па хваробе адным дзіцем. Гэты паказчык складае ў нас 5,7 дня і з’яўляецца лепшым у рэспубліцы.
Дасягнутыя станоўчыя вынікі ў дашкольнай адукацыі аб’яднаны адным важным крытэрыем — якасцю. Комплексны падыход у стварэнні ўмоў для забеспячэння выхавання дзяцей дазваляе захоўваць даступнасць дашкольных устаноў, цалкам выконваючы сацыяльны заказ сям’і і дзяржавы на дашкольную адукацыю.

— На пастаянным кантролі на працягу ўжо некалькіх гадоў трымаецца Дэкрэт Прэзідэнта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. У Магілёўскай вобласці назіраецца станоўчая дынаміка па яго выкананні…
— Так, у гэтым напрамку сапраўды назіраюцца станоўчыя тэндэнцыі. Але ж на гэта і была накіравана інтэнсіўная работа па забеспячэнні права дзяцей на пражыванне і выхаванне ў сям’і аддзелаў, устаноў адукацыі вобласці і дзяржаўных органаў мясцовых выканаўчых камітэтаў. Такое ўзаемадзеянне дало адпаведныя вынікі. За мінулы год без апекі бацькоў засталося ўдвая менш дзяцей, на трыццаць працэнтаў скарацілася колькасць дзяцей, бацькі якіх пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Дзякуючы зладжанай рабоце ўсіх зацікаўленых службаў узрасла колькасць дзяцей, вернутых у біялагічныя сем’і і ўсыноўленных, у два разы зменшылася колькасць дзяцей, ад выхавання якіх адмовіліся бацькі. Аднак мы імкнёмся да яшчэ больш істотнай актывізацыі работы. Наша мэта — дайсці да кожнай сям’і, да кожнага дзіцяці. І гэтая пастаўленая на новы навучальны год задача ў рамках распрацаваных алгарытмаў і механізмаў міжведамаснага ўзаемадзеяння цалкам выканальная.

— У сетцы ўстаноў адукацыі вядзецца пастаянная аптымізацыя, малакамплектныя школы закрываюцца або рэарганізуюцца. Як будзе развівацца сітуацыя далей і ці прадугледжана нейкая альтэрнатыва для педагогаў, якіх закранула гэтая з’ява?
— Паняцце аптымізацыі сёння глыбока, прама ці ўскосна, увайшло ў свядомасць практычна кожнага работніка сістэмы адукацыі. Сапраўды, у апошнія гады праводзіцца мэтанакіраваная работа па аптымізацыі сеткі ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі з улікам існуючай дэмаграфічнай сітуацыі і асаблівасцей развіцця рэгіёна. У той жа час прынятыя меры з улікам скарачэння колькасці дзяцей школьнага ўзросту, відавочна, недастатковыя. Таму галіновай стратэгіяй аптымізацыі бюджэтных выдаткаў сферы адукацыі прадугледжана далейшая планавая аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі, у тым ліку закрыццё і рэарганізацыя школ з малой напаўняльнасцю, міжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатаў працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі, устаноў дадатковай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Але нават нягледзячы на тое, што аптымізацыя працягнецца, падстаў для хвалявання як у педагогаў, так i ў бацькоў няма. Для ўсіх вучняў у абавязковым парадку арганізаваны падвоз у іншыя ўстановы, дзе створаны ўмовы для іх усебаковага навучання і развіцця. Не застаюцца без увагі і педагогі. Усім супрацоўнікам працаздольнага ўзросту закрытых навучальных устаноў прадастаўляюцца адпаведныя працоўныя месцы ў іншых установах адукацыі.

— А ці вядзецца ў галіне будаўніцтва новых навучальных устаноў?
— Літаральна некалькі месяцаў назад адкрыўся дзіцячы сад на 240 месцаў у мікрараёне Заходні Бабруйска і жылога дома для сям’і, якая выхоўвае дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, у Круглянскім раёне. Акрамя таго, у гэтым годзе плануецца ўвод у эксплуатацыю дзіцячага сада на 240 месцаў у мікрараёне Спадарожнік Магілёва і двух дзіцячых дамоў сямейнага тыпу ў Бабруйску і Магілёўскім раёне. Прадугледжваецца завяршэнне будаўніцтва прыбудовы да сярэдняй школы № 1 Слаўгарада. Працягнецца таксама будаўніцтва школы ў мікрараёне Заходні Бабруйска і аб’ектаў заасаду ў структуры Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага.

— Завяршаецца ўступная кампанія гэтага года. Большасць маладых людзей, вядома, арыентаваны на ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. А ці запатрабаваны ў магілёўскай моладзі ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі?
— Сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі Магілёўскай вобласці дынамічна развіваецца, што дазваляе ўстановам гэтага тыпу быць даволі запатрабаванымі ў моладзі. У сувязі з гэтым і планы набору навучэнцаў у гэтым годзе павінны выканаць практычна ўсе прафтэхустановы рэгіёна. На вучобу ў іх паступіць больш за 2400 выпускнікоў школ на аснове агульнай базавай адукацыі і каля 1100 выпускнікоў з агульнай сярэдняй адукацыяй.
У новым навучальным годзе стратэгічным кірункам у сістэме прафтэхадукацыі стане ўдасканаленне механізму размеркавання патокаў навучэнцаў, якія скончылі базавую школу, па ўзроўнях адукацыі з узмацненнем арыентацыі на атрыманне рабочай прафесіі. Гэтае рашэнне выклікана тым, што цяпер усё больш сціраецца мяжа паміж прафесійна-тэхнічнай і спецыяльнай адукацыяй. Час патрабуе адукаваных рабочых рук. Павышаючы ж эфектыўнасць прафарыентацыі ва ўмовах інтэграцыі прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі магчыма канструктыўна збалансаваць патокі моладзі. А гэта ў сваю чаргу дазволіць прывесці ў адпаведнасць жаданне выпускнікоў і патрэбы эканомікі і сацыяльнай сферы рэгіёна.

— Уладзімір Уладзіміравіч, паўнацэнная матэрыяльна-тэхнічная база ва ўстановах адукацыі забяспечана, кадрамі ўстановы ўкамплектаваны, а ці дастатковая ўвага ўдзяляецца бяспецы і захаванню здароўя школьнікаў падчас вучэбнага працэсу?
— Гарантаванне бяспекі і захаванасці здароўя дзяцей падчас вучэбнага працэсу мае ў сістэме адукацыі вобласці асаблівую значнасць і прыярытэтнасць. Негатыўныя прыклады ў рабоце па гэтым напрамку нам добра вядомы. А абыякавымі да гібелі дзяцей заставацца немагчыма. Таму бяспецы вучняў ва ўстановах адукацыі Магілёўшчыны ўдзяляецца павышаная ўвага.
Так, частка сродкаў, выдзеленых на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года, пайшла менавіта на выкананне прадпісанняў і рекамендацый супрацоўнікаў МНС. Акрам таго, нямалая работа накіравана на фарміраванне асабістых навыкаў адказных і бяспечных паводзін навучэнцаў. Для прапаганды бяспекі жыццядзейнасці абсталяваны стэнды, куткі па пажарнай і электрабяспецы, працуюць разнастайныя секцыі і гурткі. Педагагічнымі работнікамі на ўроках і класных гадзінах праводзяцца выхаваўча-прафілактычныя мерапрыемствы, да правядзення якіх далучаюцца спецыялісты МНС, дзяржаўтаінспекцыі, праваахоўных органаў і іншых зацікаўленых ведамстваў. Пералік сістэмнай работы, якая праводзіцца, больш чым салідны, але наша галоўная задача — каб ад яе выканання быў станоўчы вынік.

— Якія меры будуць прымацца для далейшага прагрэсіўнага развіцця сферы адукацыі вобласці?
— З улікам маштабных задач, якія ставіць сёння перад намі прэзідэнт, урад, абласны выканаўчы камітэт развіццё сістэмы адукацыі вобласці будзе накіравана непасрэдна на іх практыка-арыентаванае вырашэнне. Накіраванасць на якасць адукацыі, а таксама пакрокавая рэалізацыя аптымальных адукацыйных стратэгій — вось што, на мой погляд, з’яўляецца гарантам устойлівага развіцця адукацыйнай галіны. З арыенцірам у гэтым напрамку і будзе рухацца сфера адукацыі Магілёўшчыны.

Гутарыла Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.