Гасцей сабраў “Восеньскі кірмаш”

- 17:02Нам пішуць

Вялікую ролю ў далучэнні выхаванцаў да нацыянальнай культуры ў Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Свіслачы адыгрываюць народныя святы.

Мы знаёмім дзяцей з каляндарна-абрадавымі святамі, звязанымі з провадамі зімы, прылётам птушак і раставаннем снегу, росквітам зямлі, пачаткам лета, з пасевам і ўборкай хлеба. Незабыўнымі сталі праведзеныя святы “Калядкі”, “Свята бульбы”, “Капусныя вячоркі”, “Свята хлеба”, “Свята лесу”, “Гуканне вясны”, “Масленіца”, “Купалле” і інш. Праз забавы і святы дзеці, уступаючы ў фальклорны свет, складаюць першае ўражанне аб яго законах і з’явах, звычаях і абрадах. Сучасным дзецям неабходна расказваць пра народныя святы, праводзіць з імі вольны час, у якім удзельнічаюць персанажы народных казак, выкарыстоўваюцца народныя гульні, выконваюцца песні і карагоды.

Кульмінацыяй тэматычнага Тыдня “Восень. Ураджай” стала свята “Восеньскі кірмаш”, якое сабрала ў прыгожа аформленай зале выхаванцаў установы. Да мерапрыемства праведзена вялікая падрыхтоўчая работа: конкурс-выстава сумеснай творчасці выхаванцаў і іх бацькоў, дзе былі прадстаўлены вырабы з прыроднага матэрыялу, агародніны і садавіны “Чароўныя фарбы восені”, выстава беларускіх народных страў, выраблена саламяная лялька, атрыбуты для гульняў.

На пачатку свята вядучая пазнаёміла дашкалят з гісторыяй правядзення кірмашу. Гасцямі мерапрыемства былі народныя персанажы Дзед і Баба, якія прывялі на кірмаш прадаваць карову і каня. Лявон і Лявоніха павесялілі дашкольнікаў народнымі гульнямі і забавамі. Восень загадвала дзецям загадкі пра садавіну і агародніну, правяла гульні “Збяры лісточкі”, “Перавязі бульбу”, “Што вырасла на градцы?”. На працягу свята гучалі народныя песні і песні на беларускай мове “Мы жывём у Беларусі”, “Зайграй жа мне, дударочку”. “Прывітанне, восень”.

Выхаванцы былі актыўнымі ўдзельнікамі, для кожнага знайшлася свая роля: дзеці змаглі праявіць сябе ў чытанні вершаў, у спевах, танцах. Напрыканцы свята кожны ўдзельнік атрымаў пачастунак.

Такія святы з’яўляюцца ненадакучлівай формай далучэння дзяцей да народнай творчасці.

Край свой любіце,

Не таму любіце,

Што за ўсё цяплейшы,

А таму любіце,

Што за ўсё мілейшы,

3а ўсё прыгажэйшы!

Святлана ПЯСНЯК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы.