Гавары са мной па-беларуску

- 10:43Нам пішуць

У свеце шмат прыгожых, непаўторных і мілагучных моў. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова.

У Дараўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Ляхавіцкага раёна прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, на працягу якога дзеці ўдзельнічалі ў цікавых падарожжах, займальных віктарынах і інтэлектуальных гульнях, аб’яднаных тэмай “Гавары са мной па-беларуску”.

Малодшыя вучні падарожнічалі па краіне Мовазнавіі. Хлопчыкі і дзяўчынкі разгадвалі рэбусы і загадкі, падбіралі рыфмы да прапанаваных слоў, перакладалі словы з рускай мовы на беларускую, знаходзілі зашыфраваныя прыказкі, шукалі ў словах згубленыя літары.

Вучні 5—7 класаў удзельнічалі ў моўным турніры “Роднае слова”. Каманды спаборнiчалi ў конкурсах “Размінка”, “Кемлівасць”, “Эрудыт”, “Хто больш?”, “Перакладчык”, “Сказы-жартаўнікі”, “Фразеалагізмы” і “Творчасць”. Даволі цікавым атрымаўся конкурс малюнкаў “Па старонках любімых твораў беларускіх аўтараў”.

Асабліва яркім, насычаным і эмацыянальным выдаўся Міжнародны дзень роднай мовы, які пачаўся акцыяй “Рускай мове дай разгрузку, гавары па-беларуску”. На працягу ўсяго дня на перапынках гучалі беларускія народныя песні і песні сучасных беларускіх выканаўцаў. Вучні 5—9 класаў спаборнічалі ў інтэлектуальнай гульні “Размаўляем па-беларуску”.

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры прайшоў ярка і запамінальна і нікога не пакінуў абыякавым. Пераможцы конкурсаў і віктарын атрымалі граматы і падарункі. Але не гэта самае важнае. Галоўнае, што вучні зразумелі, што трэба часцей слухаць беларускую мову і гаварыць на ёй, чытаць беларускамоўныя кнігі і берагчы спадчыну.

Вераніка ЧАБАК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Дараўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна.