Гісторыя школы праз гісторыю сям’і

- 16:29Нам пішуць

Першая субота лютага ва ўсіх школах краіны аднолькава ўрачыстая. Учарашнія вучні сярэдняй школы № 2 Скідзеля, а сёлета ўжо дарослыя, паспяховыя спецыялісты вярнуліся ў родныя школьныя класы і ўспомнілі час, калі адзіным клопатам была заўтрашняя кантрольная па матэматыцы або сачыненне па рускай мове.

Найбольш гаманлівымі аказаліся выпускнікі апошняга года. Дзяліліся ўражаннямі, вопытам вучобы ў іншых установах адукацыі, навінамі асабістага жыцця.

Прыйшлі на сустрэчу і тыя, хто скончыў школу 60 гадоў назад, у 1957-м. Гэта 5-ы выпуск нашай школы. Немагчыма не адзначыць сям’ю Корзун. Яе гісторыя непарыўна звязана са школай. Надзея Тарасевіч і Мікалай Корзун вучыліся ў адным класе. Пасля заканчэння школы паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Мінска. Абое вярнуліся працаваць у родны Скідзель: Надзея Пятроўна — на цукровы завод, Мікалай Ігнацьевіч — на вытворчы ўчастак электрасетак.

Шмат падзей адбылося ў гэтай сям’і, найбольш важныя — нараджэнне 2 дачок: Сняжаны і Людмілы. Вучыліся дзяўчынкі таксама ў сярэдняй школе № 2 Скідзеля. Сняжана пасля заканчэння ГрДУ імя Янкі Купалы прыйшла працаваць настаўнікам біялогіі ў родную школу, а Людміла, як і маці, звязала працоўны шлях з цукровым камбінатам.

Цяпер у школе вучыцца ўжо трэцяе пакаленне сям’і Корзун — Ларыён і Каміла. Выпуснікамі школы яны стануць у 2027 годзе, і гэта будзе ужо 72-і выпуск сярэдняй школы № 2 Скідзеля.

Наталля САЛАВЕЙ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Скідзеля.