Гісторыя з геаграфіяй

- 14:57Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Дзякуючы адкрыццям яго вучняў, свае назвы атрымалі станцыі метро “Кавальская слабада” і “Немаршанскі сад”. Станіслаў Браніслававіч ХОЛЕЎ, настаўнік геаграфіі мінскай школы № 90, праводзіць са школьнікамі навуковыя даследаванні, вынікі якіх не застаюцца без увагі гісторыкаў, архітэктараў і батанікаў. 

“Хто хоча здзейсніць подзвіг і праславіцца?”

З такім пытаннем ён звяртаецца да сваіх вучняў. І добра­ахвотнікі заўсёды знаходзяцца. Ужо больш за 20 гадоў настаўнік вынаходзіць ідэі і тэмы, якія захапляюць дзяцей, падштурхоўва­юць іх да вывучэння Кастрычніцкага раёна, дзе знаходзіцца школа, і ўсяго Мінска. А пачалося ўсё больш за 40 гадоў назад, калі выпускнік геаграфічнага факультэта БДУ Станіслаў Холеў прыйшоў на сваё першае працоўнае месца — у сярэднюю школу № 90. Яно, дарэчы, стала адзіным. Адразу стварыў гурток, які ў хуткім часе ператварыўся ў турыстычна-края­знаўчы клуб “Брыганціна”. Існавала гэтае аб’яднанне 30 гадоў. За гэты час яго ўдзельнікамі сталі больш за 500 вучняў. Разам з настаўнікам яны аб’ездзілі ўсю Беларусь, паў­дзельнічалі ва Усесаюзнай турыстычна-краязнаўчай экспедыцыі “Мая Радзіма — СССР”. І былі першымі беларускімі школьнікамі, якія атрымалі залатыя значкі — вышэйшую ўзна­гароду. У 1983 годзе Станіслаў Браніслававіч пачаў актыўна зай­мацца школьным музеем. І праз 10 гадоў той атрымаў статус народнага. У 2000 го­дзе географ рызыкнуў правесці з вучнямі першае навуковае даследаванне. Тэму выбраў невыпадкова — тапаніміка вуліц сталіцы, пачынаючы са старажытных часоў да нашых дзён. Яшчэ падчас вучобы Станіслаў Браніслававіч зацікавіўся гэтай навукай, якая вывучае паходжанне назваў населеных пунктаў. І напісаў дыплом па тапаніміцы Гродзеншчыны — сваёй малой радзімы. Работа атрымалася выдатная, выпускніка запрасілі ў Маскву выступіць перад геаграфічнай грамадскасцю СССР. Работа з вучнямі таксама не засталася без увагі, таму што школьнікі з настаўнікам прыйшлі да цікавай высновы: у Мінску вельмі мала вуліц, названых у гонар беларусаў. 

Шасцёра вучняў Станіслава Браніслававіча Холева сталі лаўрэатамі рэспубліканскіх конкурсаў за вывучэнне тапанімікі Мінска, рэк Лошыцы і Сеніцы і рэчак, якія перасталі існаваць.

— Мы вывучалі архіўную гістарычную літаратуру, знахо­дзілі карты горада розных гадоў. Высветлілася, што раней усе назвы вуліц з’яўляліся арыенцірамі і дапамагалі знаходзіць пэўныя месцы. Калі Бернардзінская, значыць, побач касцёл, Замкавая вядзе да замка. У канцы ХІХ стагоддзя пачалі з’яўляцца вуліцы у гонар людзей ці віду дзейнасці жыхароў. Першая такая ў Мінску — Захар’еўская (сёння праспект Незалежнасці) — у гонар Захарыя Карнеева, першага грамадзянскага губернатара Мінска і Мінскай губерні. Зараз у новых мікрараёнах вуліцы носяць імёны знакамітых землякоў. І нам з дзецьмі прыемна, што маем да гэтага дачыненне, — дзеліцца настаўнік. 

Даведнікі ў дапамогу

Для настаўніка важна, каб вучнёўскія даследаванні мелі практычнае прымяненне і прыносілі карысць людзям. Таму ў 2018 го­дзе школьнікі ўзяліся за вывучэнне Ваўковіцкага вадасховішча, больш вядомага як Пціч. У выніку гэтай работы склалі падрабязны даведнік, які выдалі ў выглядзе брашуры.

— Маршрут атрымаўся працягласцю 6 кіламетраў. І там сапраўды ёсць што паглядзець! Напрыклад, плаціну і вадаспуск, водна-лыжны цэнтр, музей народнай архітэктуры і быту. У вёсцы Строчыцы растуць 300-гадовыя дубы і 250-гадовыя ліпы. Дзеці самі вылічвалі ўзрост дрэў. А ў вёсцы Ваўковічы раней стаяў храм — правобраз Чырвонага касцёла ў Мінску. У савецкі час яго, на вялікі жаль, зруйнавалі, — расказвае Станіслаў Браніслававіч.

Відаць, школьнікам спадабалася вызначаць узрост дрэў, і ў 2019 годзе яны разам з педагогам вырашылі прыняць удзел у Рэспубліканскім конкурсе экалагічных праектаў “Зялёная школа”. Выбралі тэму “Векавыя дрэвы: як іх выявіць і арганізаваць ахову”.

— У Кастрычніцкім раёне 54 дрэвы ўжо знаходзяцца пад аховай. Мы працягнулі пошукі і знайшлі яшчэ 15. У тым ліку на вуліцы Чкалава і Аэрадромнай растуць чатыры дубы і ліпы, якім 100—120 гадоў. Яны ў добрым стане. Побач з вуліцай Кіжаватава захаваліся рэшткі былога парку і саду князёў Немаршанскіх. Тут мы адшукалі ліпы, клёны, елкі, якія маюць векавы ўзрост. Каля былога маёнтка Немаршанскіх існавала вёска Лошыца Немаршанска, вядомая з ХV стагоддзя. На тым месцы мы заўважылі ліпу і дуб — ім 150—200 гадоў, — расказвае настаўнік.

Юныя даследчыкі паспрыялі таму, што на карце Мінска з’явіліся новыя назвы. Сярод іх два паркі — “Сярэбраны Лог” (так называўся невялікі лог, па якім працякала рака Серабранка ў раёне вуліцы Аэрадромнай)  і “Дзевівелка” (такую назву мела маленькая рачулка, успаміны пра якую захаваліся ў летапісах сярэдзіны ХVІ стагоддзя, зараз гэта раён вуліц Мазурава і Скрыпнікава). 

Усю сабраную інфармацыю школьнікі перадалі ў Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Куп­рэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Там зай­маюцца стварэннем інтэрактыўнай карты векавых дрэў Мінска. І для школьнікаў гэта добры стымул і нагода ганарыцца сабой — яны прынялі ўдзел у такой важнай справе. Дзеці таксама склалі брашуру-памятку для тых, хто хоча далучыцца да пошуку векавых дрэў, расказалі, як правільна вылічваць узрост раслін і куды накіроўваць звесткі, каб дапамагчы вучоным. 

Дайсці да вытокаў

Атрымалася ў Станіслава Бра­ніслававіча зацікавіць школьнікаў вывучэннем воднай сістэмы сталіцы. Разам яны высветлілі, што за апошнія 100 гадоў 8 невялікіх рэк назаўсёды зніклі з карты горада. Ад некаторых засталіся толькі назвы, якія сталі найменнямі жылых раёнаў: Грушаўка, Малінаўка, Серабранка… Іншыя зусім забыты, як Слоўць. З прытокаў Свіслачы на сёння захаваліся толькі Сляпянка (Сляпня) і Лошыца (Лоша). Паблізу вуліцы Чыгуначнай юныя даследчыкі знайшлі на паверхні пачатак знакамітай Нямігі. 

Падчас вывучэння ракі Лошыцы школьнікі нечакана для сябе і для грамадскасці зрабілі адкрыццё.

— Знайшлі падмурак старажытнага будынка. Тут знахо­дзіўся палац князёў Немаршанскіх. Чым славіліся гэтыя мясціны? Вялікім садам, які забяспечваў садавіной і ягадамі ўвесь горад. У савецкія часы на землях былога маёнтка стварылі саўгас. У падвалах размяшчаўся вінзавод. Пазней будынак пуставаў. А потым яго зраўнялі з зямлёй. Гісторыкі зацікавіліся нашым адкрыццём. І было прынята рашэнне назваць станцыю метро, якая будуецца ў гэтым раёне, “Немаршанскі сад”, — з гордасцю гаворыць Станіслаў Браніслававіч. 

Настаўніка запрашалі працаваць у Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — займацца тапанімікай. Але ён адмовіўся — застаўся з дзецьмі.

Падтрымалі выхаванцы ідэю настаўніка заняцца вывучэннем праблем сталічных мікрараёнаў. Адна з якіх — транспартная. Вучні звярталі ўвагу на даныя сацыя­лагічных даследаванняў, сачылі за патокам машын на вуліцах і праспектах горада. І высветлілі, што прычына ўзнікнення затораў у часы пік у Мінску звязана не толькі з колькасцю аўтамабіляў, якіх становіцца ўсё больш, і недахопам парковачных месцаў, але і з радыяльна-кальцавой забудовай горада, якая стала асноўнай у мінулым стагоддзі. 

Дзецям хочацца здзейсніць нешта значнае, і я прапаноўваю ім паўдзельнічаць у рабоце, якой ніхто раней не займаўся. Усе гады карыстаюся метадамі педагогікі супрацоўніцтва, сутнасць якой быць на роўных з вучнямі. Мы можам і паспрачацца, і параіцца адно з адным. Ніколі сілай не прымушаю далучыцца да даследаванняў.  

— Першапачаткова ў Мінску фарміравалася квартальная забудова, калі прастора падзелена на квадраты і яны паміж сабой злучаны дарогамі. Сучасная ж забудова вялася ўздоўж дарог, якія ператварыліся ў гарадскія магістралі. Напрыклад, на праспект Дзяржынскага выходзяць жылыя раёны Малінаўка, Брылевічы, Пятроўшчына, Грушаўка. Кожную раніцу з двароў выязджае звыш 5 тысяч машын і накіроўваецца ў цэнтр сталіцы, — тлумачыць настаўнік.

У выніку школьнікі вызначылі шляхі вырашэння транспартнай праблемы. Вось некаторыя рэкамендацыі: ствараць дарогі-дуб­лёры асноўных магістраляў, забараніць паркоўку машын у часы пік на крайніх палосах руху на адлегласці 200—300 метраў ад скрыжаванняў і паступова пераходзіць да квартальнай забудовы. 

Нечакана непапулярная выснова 

У мінулым годзе вучні Станіслава Браніслававіча шмат часу правялі ў сталічных парках, каб знайсці адказы на хвалюючыя іх пытанні: наколькі “зялёныя астраўкі” дапамагаюць ачы­шчаць паветра, як шмат людзей іх наведвае. Стварылі карту, на якую нанеслі каля 40 паркаў і 10 лесапаркаў Мінска. І ўбачылі, што большасць такіх зон знаходзіцца на поўначы і ўсходзе сталіцы, а заходняя, паўднёвая і цэнтральная часткі імі абдзелены.

— Таксама прыйшлі да высновы, якая не ўсім спадабалася: паркі ачышчаюць паветра толькі на сваёй тэрыторыі, а асаблівага ўплыву на якасць паветра ў горадзе ў цэлым яны не аказва­юць. Незалежна ад іх памеру. Таму вялікія паркі можна паменшыць і зямлю аддаць пад забудовы. Куды лепш, каб у горадзе было шмат невялікіх сквераў у жылых мікрараёнах, — упэўнены настаўнік. — Каб паркі карысталіся папулярнасцю, неабходна іх упрыгожваць скульптурамі, архітэктурнымі комплексамі, штучнымі вадаспадамі. Як паказалі назіранні юных даследчыкаў, часцей за ўсё людзі імкнуцца да такіх месцаў, каб адпачыць там ад гарадскога шуму.

Марына ЖДАНАВА.