Гонар быць настаўнікам

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка ўзнагародзілі фіналістаў конкурсу “Студэнт года”.

Два гады назад, калі задумваўся гэты конкурс, у якасці галоўнай узнагароды быў заснаваны своеасаблівы педагагічны “Оскар” — паменшаная копія скульптурнай кампазіцыі “Настаўніца першая мая”, што ўсталявана ля ўваходу ва ўніверсітэт, — сімвал адданасці педагагічнай прафесіі.

Сёлета свой “Оскар” атрымалі 5 студэнтаў — пераможцы ў кожнай з намінацый, па якіх праводзіўся конкурс. Так, у намінацыі “Навукова-даследчая дзейнасць” галоўную студэнцкую ўзнагароду атрымала трэцякурсніца філалагічнага факультэта Алена Фендыч, у намінацыі “Вучэбна-прафесійная дзейнасць” адзначана трэцякурсніца гістарычнага факультэта Вікторыя Гец, у намінацыі “Сацыяльна-значная дзейнасць. Маладзёжнае лідарства” лепшай стала студэнтка 4 курса факультэта дашкольнай адукацыі Вольга Няроўня, у намінацыі “Фізкультурна-аздараўленчая і спартыўная дзейнасць” вызначылася першакурсніца факультэта дашкольнай адукацыі Ганна Трухан, а ў намінацыі “Мастацка-творчая дзейнасць” перамогу святкаваў студэнт 2 курса філалагічнага факультэта Павел Лапацінскі.

— Захоўвайце гэтыя запаветныя статуэткі ў знак удзячнасці сваім педагогам, якія дапамаглі вам падняцца на гэтую сцэну, — звярнуўся да пераможцаў конкурсу рэктар БДПУ прафесар Аляксандр Жук.

Усе фіналісты (а гэта 40 чалавек) атрымалі памятныя падарункі ад рэктарата ўніверсітэта.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДПУ імя Максіма Танка.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *