Хто стане «Настаўнікам года» Магілёўшчыны, вызначыцца на конкурсе прафесійнага майстэрства

- 17:34Образование

Абласны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод педагагічных работнікаў «Настаўнік года» стартаваў у Магілёве, перадае карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Сёлета прафесійнае спаборніцтва аб’яднала сотні ініцыятыўных, творчых, мэтанакіраваных педагогаў. Спачатку сваіх лепшых настаўнікаў выбіралі ў кожнай навучальнай установе. Пасля — на раённым узроўні. Да ўдзелу ў адборачным туры абласнога этапу былі дапушчаныя звыш 100 прадстаўнікоў з усіх раёнаў. З іх у фінал выйшлі 40.

— Гэты конкурс — значная падзея для сферы адукацыі рэгіёна. Мінулы раз на заключным этапе нашы педагогі заваявалі 5 прызавых месцаў. Спадзяюся, сёлета каманда выступіць гэтак жа годна. Наперадзе складаны, напружаны, конкурсны шлях. Няхай на ім вас суправаджае перамога, пажадаў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ігар Лашкевіч.

На працягу тыдня фіналістаў сапраўды чакае шэраг няпростых заданняў. Ім трэба правесці ўрок у незнаёмым класе, прайсці псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, даць майстар-клас для студэнтаў. Потым лідары будуць абараняць сістэму сваёй педагагічнай дзейнасці. А ўжо пераможцы прадметных намінацый публічна паразважаюць над тэмай «Выхаваць чалавека». Па выніках гэтых выступленняў і будзе названы «Настаўнік года» Магілёўскай вобласці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара