І дарослыя, і дзеці любяць мір усе на свеце

- 16:53Нам пішуць

Так называўся тыдзень, які прайшоў у раённым цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі г. п. В. Бераставіца і быў прысвечаны праблеме захавання міру на зямлі. Вучні ЦКРНіР не засталіся ўбаку і ўзялі актыўны ўдзел у мерапрыемствах.

Пачаўся тыдзень праграмай “Павінны смяяцца дзеці і ў мірным свеце жыць”: педагогі распавядалі пра значэнне слова “мір”, нагадалі, што жыццё — гэта самае дарагое. Яркім і незабыўным момантам для вучняў быў выраб папяровых галубоў — сімвала міру і дабра. Разам з дарослымі хлопчыкі і дзяўчынкі падрыхтавалі выстаўку малюнкаў “Я малюю свет”, правялі працоўны дэсант “Зробім свет чысцейшым”, удзельнічалі ў спартыўнай эстафеце да Дня міру. Педагогі сумесна з дзяцьмі наведалі помнік Невядомаму салдату і ўсклалі да яго кветкі.

Гутарка на тэму “Мір неабходны для ўсіх” дапамагла зразумець, што кожны з нас павінен клапаціцца пра захаванняе міру на Зямлі і ганарыцца мірнай краінай, у якой мы жывём.

Эфектным завяршэннем святочнага тыдня стала наведванне пагранічнай заставы “Галынка”, адной з чатырох застаў у Бераставіцкім раёне. Перад дзецьмі выступілі пагранічнікі, якія расказалі пра службу, яе складанасці і адказнасць, заклікалі цаніць і берагчы мір.

Напрыканцы вучні запусцілі ў неба паветраныя шары і выказалі надзею, што яны даляцяць ва ўсе куткі зямнога шара, каб мір прыйшоў у кожны дом.

Ірына КУРМЕЛЬ,
настаўніца ЦКРНіР г. п. В. Бераставіца.