Інстаграм-гісторыі, блогі, чат-боты: як зрабіць урок замежнай мовы цікавым і сучасным

- 11:22Образование

Як захапленні сённяшніх школьнікаў разнастайнымі гаджэтамі накіраваць у адукацыйнае рэчышча і павысіць цікавасць дзяцей да вывучэння замежнай мовы — ведаюць сталічныя настаўнікі. Вопытам работы яны падзяліліся на VII навукова­-практычнай канферэнцыі “Філалагічная навука ў школе: сучасны стан і перспектывы развіцця” (з міжнародным удзелам), паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Са зваротнай сувяззю

Інфарматызацыя сучаснай адукацыі падахвочвае педагогаў актыўна выкарыстоўваць лічбавыя інструменты ў адукацыйным працэсе. Зварот настаўнікаў да прывычнага для навучэнцаў медыяасяроддзя, у якім яны праводзяць свой час, садзейнічае фарміраванню інфармацыйных кампетэнцый і развіццю пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў.

Настаўніца англійскай мовы гімназіі № 35 Мінска Кацярына Алексяюк у якасці сродку вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў выкарыстоўвае Instagram-гісторыі. Па меркаванні педагога, Instagram, з’яўляючыся масавым медыярэсурсам, дазваляе ўцягнуць навучэнцаў у актыўнае ўзаемадзеянне як з педагогам, так і адно з адным, выводзячы адукацыйны працэс за межы ўрока.

Instagram-гісторыі Кацярына Юр’еўна выкарыстоўвае наступным чынам.

  1. Ілюстрацыі да задання (прыём Insta-board). У працэсе ўрока навучэнцы выво­дзяць пэўнае правіла з фіксацыяй на дошцы (схема, план-апора і г.д.). Для таго каб гэтая інфармацыя засталася ў вучняў і выкарыстоўвалася імі не толькі ў рамках аднаго ўрока, педагог фатаграфуе вынік і размяшчае ў гісторыях у Instagram, паведамляючы навучэнцам, што на працягу 24 гадзін яны могуць скарыстацца гэтым матэрыялам. Такі прыём дазваляе арганізаваць самастойную работу дзяцей, а таксама стымулюе больш слабых навучэнцаў, паколькі ўяўляе сабой апорны матэрыял.
  2. Напамінанне (прыём Friendly Reminder). Пры арганізацыі праектнай дзейнасці, якая носіць стратэгічны характар, настаўніца перыядычна робіць гісторыі з напамінам пра тэрміны, умовы, змест праекта. Гэты прыём садзейнічае самаарганізацыі і самакантролю вучняў у працэсе вучэбнай дзейнасці, матывуе да далейшай работы.
  3. Пашырэнне кругагляду (прыём Elevate). Выкарыстанне гэтага прыёму дазваляе прыўнесці ў матэрыял, які вывучаецца або ўжо вывучаны, нешта новае, што не прапануе вучэбны дапаможнік, пашыраючы тым самым кругагляд навучэнцаў, надаючы іскрынку працэсу навучання.
  4. Апытанне (прыём Survey Time). У гісторыях у Instagram педагог выкарыстоўвае апытанне як разам з вышэйпералічанымі прыёмамі (напрыклад, прапаноўвае невялікі тэст пасля прыёму Elevate), так і як самастойны прыём уключэння навучэнцаў. З дапамогай невялікага апытальніка з 4—5 пытанняў настаўніца бачыць як узровень засваення матэрыялу, так і цікавасць дзяцей да прадмета, ступень іх уцягнутасці ў работу. Такія апытанні дазваляюць вызначыць інтарэсы навучэнцаў для далейшага планавання работы з тым ці іншым матэрыялам, прытрымліваючыся прынцыпаў даступнасці, сістэматычнасці, свядомасці і актыўнасці.

— Сістэмнае, планамернае, але дазіраванае прымяненне названых прыёмаў спрыяе фарміраванню ўстойлівай пазнавальнай цікавасці навучэнцаў, з’яўляецца эфектыўным інструментам фарміравання іх функцыянальнай дасведчанасці, — зазначае Кацярына Алексяюк.

Ад відэаматэрыялаў да тэстаў

Для павышэння якасці ведаў вучняў і іх матывацыі да вывучэння прадмета настаўніца англійскай мовы гімназіі № 22 Мінска Дар’я Ланцман стварыла блог English with pleasure, дзе навучэнцы могуць знайсці тэарэтычныя звесткі, відэаматэрыялы да ўрока, заданні па падрыхтоўцы да самастойных работ, апорныя табліцы і г.д. Старонкі блога напоўнены тэставым матэрыялам, прэзентацыямі, фотаздымкамі і г.д.

Структуру блога склада­юць наступныя старонкі: Grammar (граматычны матэрыял і практыкаванні на яго адпрацоўку), Vocabulary (лексічны матэ­рыял і практыкаванні для яго замацавання), Reading (тэксты для чытання і практыкаванні да іх), Games (замацаванне лексічнага і граматычнага матэрыялу ў гульнявой форме), Books (вучэбныя дапаможнікі, па якіх вучні займаюцца), Olympiads (матэрыял для навучэнцаў з больш высокім узроўнем падрыхтаванасці) і г.д.

— Паколькі адным з кампанентаў іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі з’яўляецца моўная кампетэнцыя, якая пад­разумявае фарміраванне камунікатыўных уменняў у чатырох асноўных відах маўленчай дзейнасці (аўдзіраванні, маўленні, чытанні і пісьме), то ў блогу навучэнцы могуць знайсці заданні па ўсіх гэтых напрамках, — тлумачыць Дар’я Мікалаеўна. — Для адпрацоўкі новых лексічных адзінак выкарыстоўваю флэш-карткі анлайн. У гэтым істотную дапамогу аказвае сэрвіс Quizlet. У блогу прадстаўлены заданні для замацавання лексічных адзінак з выкарыстаннем і такіх інтэрнэт-сэрвісаў, як LearningApps, Canva, у якіх зручна ствараць прэзентацыі і напаўняць іх лексічным матэрыя­лам. Напрыклад, навучэнцам прапануецца замацаваць той ці іншы матэрыял, прагледзеўшы відэаўрок па зададзенай тэме. У якасці самаправеркі вучні выконваюць заданні, а ў далейшым могуць паглядзець адказы і знайсці ў сябе памылкі.

Дзецям прапануецца прайсці тэсты, выкарыстоўваючы праграму Quizziz (анлайн-віктарына). Пасля завяршэння пэўнай тэмы, каб праверыць паспяховасць засваення матэрыялу, настаўнік можа паглядзець колькасць памылак вучняў, колькасць саміх навучэнцаў, якія вырашылі праверыць свае веды па тэме, і г.д.

Для павышэння матывацыі навучэнцам прапануюцца і дадатковыя заданні, у прыватнасці, напісаць ліст сябру па плане, падрыхтаваць інфармацыю пра свята і г.д. Дзеці адпраўляюць адказы ў адпаведную папку на Google-дыску, якія потым правяраюцца настаўнікам.

“Англійская Н.А.М. дапаможа”

Настаўніца англійскай мовы гімназіі № 15 Мінска Надзея Міхайлава ў сваёй рабоце выкарыстоўвае аўтарскі чат-бот “Англійская Н.А.М. дапаможа” (https://t.me/EnglishWillHelpUs_bot), распрацаваны для вучняў 7 класа з павышаным узроўнем вывучэння прадмета.

— Стварэнне і прымяненне чат-ботаў, здольных узаемадзейнічаць з карыстальнікам у любы зручны для яго час і імгненна даваць зваротную сувязь, стала адной з актуальных тэндэнцый у сучаснай адукацыі. Наяўнасць адукацыйнага чат-бота ў смартфоне навучэнца адпавядае стылю і тэмпу яго жыцця, спрашчае працэс атрымання ведаў і паляпшае камунікацыю паміж ім і настаўнікам, — адзначае На­дзея Анатольеўна. — У выніку я рэалізавала ідэю стварэння такога чат-бота, які б дапамагаў маім навучэнцам актуалізаваць у памяці граматычныя правілы, патрэніраваць лексіку, паспрабаваць свае сілы ў праходжанні квестаў, тэстаў і выкананні заданняў у інтэрактыўных відэа па праграме. Выкарыстоўваю свае чат-боты для азнаямлення з інфармацыяй з дапамогай тэкстаў, відэа, лексічных гульняў і тэсціравання са зваротнай сувяззю, праслухоўвання аўдыя­тэкстаў, праходжання квестаў, віртуальных экскурсій, выканання заданняў у інтэрактыўных відэа і сумеснага ўзаемадзеяння з дапамогай віртуальнай дошкі, а таксама зносін з навучэнцамі. Бот уключае ў сябе сістэматызаваную інфармацыю з розных крыніц, замацаваную на кнопках. Вялікай перавагай з’яўляецца магчы­масць падзяліцца адной спасылкай на распрацаваны бот з навучэнцамі замест таго, каб кожны раз перасылаць спасылку на новую распрацоўку тэста або вучэбнага модуля, створаных у розных дадатках.

Для падключэння да створанага аўтарам чат-бота навучэнцам прапануецца прайсці па QR-кодзе. Яны трапляюць у зручны інтэрфейс, які складаецца з 15 асноўных кнопак, кожная з якіх запраграмавана на адказ па вызначаным запыце. Напрыклад, кнопка Vocabulary пераводзіць у рэжым завучвання лексікі па ўсіх тэмах, якія вывучаюцца (20 модуляў). Старонка створана ў дадатку Quizlet, прадугледжаны функцыі завучвання, падбору і тэсціравання па ўсіх тэмах са зваротнай сувяззю. Кнопка Grammar змяшчае інфармацыю для паўтарэння асноўных граматычных часоў і канструкцый. Кнопка Quests прапануе навучэнцам прайсці квест, створаны ў модулі Learnis.ru на тэму Sport, і, рашаючы галаваломкі, выбрацца з закрытай спартзалы, кожны прадмет у якой актыўны. Кнопка Interactive Book адкрывае інтэрактыўную кнігу About Minsk, дзе вучні могуць віртуальна пагуляць па горадзе, у рэжыме 3D наведаць батанічны сад, паслухаць песні пра Мінск. Кнопка Interactive map  вядзе на інтэрактыўную карту, створаную ў дадатку Thinklink да ўрока Clothing Сatalogue. На карце можна знайсці аўдыяматэрыял, віктарыны, візуальную інфармацыю па правілах ужывання артыкляў са схематычнай апорай, сайт, на якім навучэнцам прапануецца здзейсніць анлайн-куплю і пабудаваць дыялог на ўроку, замацаваць лексіку і нават пагля­дзець відэа з самога ўрока. Кнопка My YouTube прыводзіць карыстальніка да прагляду кантэнту на асабістым канале педагога з карысным аўтарскім відэа, якое  выкарыстоўваецца на ўроках. Кнопка Contact us дазваляе звязацца з распрацоўшчыкам бота і задаць пытанні. 

— Чат-бот арганічна выступае ў ролі ўніверсальнага тэхнічнага сродку навучання і развіцця, а таксама ацэнкі ведаў вучняў праз розныя віды тэсціравання са зваротнай сувяззю. Ён дазваляе эфектыўна арганізаваць адукацыйны працэс у атмасферы добразычлівасці і ўзаемнай падтрымкі, што дае магчымасць перавесці пазнавальную дзейнасць на больш высокія формы кааперацыі і супрацоўніцтва. Пры выкарыстанні чат-бота навучэнцы асвойваюць навыкі крытычнага мыслення, вырашаюць складаныя праблемы,  вучацца прымаць прадуманыя рашэнні, удзельнічаць у дыскусіях, — падкрэслівае Надзея Міхайлава.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі