Інтэлектуальная гульня трох універсітэтаў

Фінал IV турніру ўстаноў вышэйшай адукацыі вобласці па інтэлектуальнай гульні Science Quiz прайшоў у Гродне.

За запаветнае 1-е месца змагаліся студэнты гродзенскіх універсітэтаў: медыцынскага, аграрнага і імя Янкі Купалы, якія змаглі прайсці папярэдні адбор. Традыцыйна гульня прайшла на пляцоўцы Гродзенскага абласнога палаца дзяцей і моладзі.

Да ўдзельнікаў інтэлектуальнай гульні звярнулася рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Алена Краткова і пажадала ўсім  поспехаў. Як яна адзначыла, безумоўна, пераможа мацнейшы, але не гэта галоўнае. Важная тая атмасфера, настрой у камандах і ўжо тое, што яны выйшлі ў фінал і сустрэліся на гэтай гульні. Дарэчы, менавіта студэнты лячэбнага факультэта медыцынскага ўніверсітэта і абласны камітэт ГА “БРСМ” выступілі арганізатарамі мерапрыемства.

— За той час, што ўдзельнікі Science Quiz сустракаюцца на нашай пляцоўцы, мы сталі добрымі сябрамі. Ужо ёсць ідэі па развіцці, пашырэнні фармату гульні, — дадала дырэктар Гро­дзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Асмалоўская.

Гульня складаецца з шасці тураў і ўяўляе сабой комплекс з пытанняў, якія тычацца розных галін ведаў. Пытанні могуць быць як з варыянтамі адказаў, так і без такіх. Пераможцам гульні становіцца каманда, якая набрала найбольшую суму балаў за ўсе шэсць тураў.

Як адзначыла член каманды арганізатараў студэнтка лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Вольга Ушкевіч, гульня прайшла жыва, асабліва апошні тур па дзіцячых мультфільмах, эмоцый хапіла ўсім.

Па выніках гульні 1-е месца заняла каманда Deep dark fantasies Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. Другімі сталі ўдзельнікі “Мірная качка” ГрДМУ. На 3-м месцы — каманда “Гідра” ГрДУ імя Янкі Купалы. Пераможцы ўзнагароджаны граматамі і прызамі ад абласнога камітэта ГА “БРСМ”.

У 2021 годзе па ініцыятыве арганізатараў плануецца рэспубліканская ліга па гульні Science Quiz сярод каманд устаноў вышэйшай адукацыі ўсёй краіны.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.