ІТ: новыя магчымасці

- 12:56Вышэйшая школа

Першая ў краіне ўніверсітэцкая лабараторыя віртуальнай і дапоўненай рэальнасці пачала работу 23 кастрычніка на базе факультэта матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.

Мэта сумеснага праекта ўніверсітэта і вядучай беларускай IT-кампаніі Innowise Group (ТАА “Фабрыка інавацый і рашэнняў”) — навучанне студэнтаў у напрамку распрацоўкі праграмнага забеспячэння віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, 2D- і 3D-мадэлявання, распрацоўка насычаных інтэрактыўных дадаткаў. Факультэт матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій з’яўляецца рэгіянальным цэнтрам падрыхтоўкі высокакваліфікаваных IT-спецыялістаў з высокапрафесійным выкладчыцкім складам і сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базай, які вынікова супрацоўнічае з больш як дваццаццю IT-кампаніямі — рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій. Падрыхтоўка студэнтаў ажыццяўляецца па такіх напрамках, як кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі, праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій, прыкладная інфарматыка (праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сістэм, вэб-праграмаванне і камп’ютарны дызайн), прыкладная матэматыка (навукова-педагагічная дзейнасць), матэматыка і інфарматыка, фізіка (навукова-педагагічная дзейнасць), камп’ютарная бяспека (радыёфізічныя метады і праграмна-тэхнічныя сродкі).

— Упершыню ў Віцебскай вобласці мы адкрылі новую спецыяльнасць на стыку ІТ і медыцыны: “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у ахове здароўя)”, — паведаміла дэкан факультэта Алена Залеская. — Да гэтага часу такіх спецыялістаў рыхтавалі толькі ў БДУ. Спецыяльнасць — адна з самых запатрабаваных і перспектыўных на рынку працы, таму што ІТ-кампаніям, якія працуюць у сферы аховы здароўя, больш выгадна наняць кампетэнтнага адразу ў дзвюх галінах прафесіянала, чым выдаткоўваць значныя сродкі на перанавучанне звычайных праграмістаў. Упэўнена, наша прапанова прывабіць абітурыентаў, якія цікавяцца распрацоўкай праграмнага забеспячэння для вырашэння розных задач у медыцыне, сярод якіх — распрацоўка баз даных і праграмнага забеспячэння для лячэбнага і дыягнастычнага абсталявання, укараненне інфармацыйных тэхналогій у медыцыне. Выпускнікоў гатовы прыняць кампаніі ПВТ і ўстановы медыцынскага профілю. Ужо сёння мы маем ад іх больш за 50 заявак у год, хаця набіраць плануем толькі адну групу. Будучым ІТ-медыкам праграмаванне (такія напрамкі, як праектаванне інфармацыйных сі­стэм, тэхналогіі праграмавання, кіраванне базамі даных, адміністраванне інфармацыйных сістэм) пачнуць выкладаць паралельна з такімі дысцыплінамі, як анатомія, фармакалогія, грамадскае здароўе і ахова здароўя. Пасля заканчэння ўніверсітэта маладыя спецыялісты змогуць працаваць інжынерамі-праграмістамі, вэб-распрацоўшчыкамі, інжынерамі па медыцынскай тэхніцы. Тэхналогіі віртуальнай і дапоўненай рэальнасці запатрабаваны, у прыватнасці, у хірургіі, афтальмалогіі, траўматалогіі — магчымасці новай лабараторыі ў прымяненні да новай спецыяльнасці цяжка пераацаніць. У рабоце яна будзе вельмі добра карэляваць з лабараторыяй штучнага інтэлекту, што была адкрыта ў нас раней: маецца на ўвазе ў тым ліку апрацоўка вялікіх аб’ёмаў даных, распазнаванне і візуалізацыя розных аб’ектаў і выяў. Разам усё гэта складае моцую аснову для далейшага развіцця.

Варта дадаць, што ВДУ мае вопыт даследаванняў, паспяховай рэалізацыі і ўкаранення ІТ-праектаў у медыцыне. Яшчэ да з’яўлення на факультэце матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій лабараторыі штучнага інтэлекту выкладчыкі займаліся распазнаваннем лічбавых сігналаў і мікрабіялагічных аб’ектаў. Разам з супрацоўнікамі Innowise студэнты і выпускнікі выконваюць даследчыя работы ў галіне прымянення інфармацыйных сістэм і тэхналогій у медыцыне. Так, маладыя вучоныя Аляксандр Шыдлоўскі і Дзіяна Бірукова сталі пераможцамі рэспубліканскага этапу конкурсу “100 ідэй для Беларусі” ў намінацыі “Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка”. Адкрыццё новай лабараторыі — значны крок у шматгадовым партнёр­стве факультэта з кампаніяй Innowise, які дазваляе максімальна наблізіць адукацыйны працэс да запытаў сучаснай вытворчасці, эканомікі пятага-шостага тэхналагічных укладаў, забяспечваючы тым самым магчымасць выпускаць у Віцебску спецыялістаў су­светнага ўзроўню ў галіне інфармацыйных тэхналогій. Акрамя падрыхтоўкі па спецыяльных дысцыплінах у рамках вучэбных праграм, тут будуць арганізаваны дадатковыя факультатыўныя заняткі, трэнінгі, майстар-класы з прыцягненнем супрацоўнікаў кампаніі Innowise Group, уключаючы адукацыйныя мерапрыемствы па дадатковых пытаннях праграмавання, пабудовы інтэрактыўных карыстальніцкіх інтэрфейсаў, распазнаванні і візуалізацыі вобразаў. Таксама плануецца правядзенне канферэнцый, семінараў і круглых сталоў з удзелам выкладчыкаў, супрацоўнікаў факультэта і спецыялістаў Innowise Group. Імерсіўныя тэхналогіі (віртуальнай і дапоўненай рэальнасці VR/AR) і прадукты будуць выкарыстоўвацца ў навуковых і вытворчых мэтах.

— Адным з асноўных напрамкаў дзейнасці лабараторыі стане распрацоўка высокатэхналагічных прадуктаў (дадаткаў і сэрвісаў) у шырокім спектры прадметных галін — ад інавацыйнай адукацыі да медыцыны і індустрыі інтэрактыўных забаў, — адзначыла Алена Залеская. — Нашы студэнты займаюцца навуковымі даследаваннямі па гаспадарчых дагаворах з рознымі арганізацыямі. Безумоўна, акрамя забеспячэння адукацыйнага працэсу, лабараторыя будзе прымяняцца для вырашэння навуковых і вытворчых задач, выканання навуковых праектаў і грантаў, звязаных з віртуальнай і дапоўненай рэальнасцю. Цяпер на факультэце працуе 6 лабараторый. Традыцыйна ў другой палове дня яны выкарыстоўваюцца для трэнінгаў, якія праводзяць вядучыя праграмісты
ІТ-кампаній. Пасля папярэдняга адбору і субяседавання (звычайна на англійскай мове) студэнты залічваюцца на трэнінг, выконваюць праекты, а па яго завяршэнні атрымліваюць сертыфікаты і, як правіла, потым ідуць працаваць у ІТ-кампаніі. Дарэчы, трэнінгі бясплатныя. Акрамя таго, мы арганізуем шмат тэматычных адукацыйных і прафарыентацыйных мера­прыемстваў, разлічаных на студэнтаў і школьнікаў.

Падчас адкрыцця лабараторыі спецыялісты ТАА “Фабрыка інавацый і рашэнняў” — выпускнікі ВДУ  расказалі аб спектры прымянення тэхналогій віртуальнай і дапоўненай рэальнасці і падзяліліся ўласным вопытам рэалізацыі праектаў. Так, імерсіўныя тэхналогіі дапамагаюць ствараць 3D-мадэлі пашкоджаных унутраных органаў і касцей чалавека па даных медыцынскай дыягностыкі (рэнтген, МРТ, КТ і інш.), а таксама сумяшчаць праз акуляры дапоўненай рэальнасці атрыманыя 3D-мадэлі з рэальным пацыентам, які знаходзіцца перад урачом. Новыя перспектывы раскрываюцца і ў архітэктуры, будаўніцтве, распрацоўцы гульняў. А пры жаданні дзякуючы ІТ можна прагуляцца па віртуальным Парыжы і сусветна вядомых гістарычных замках! Лабараторыя абсталявана 14 камп’ютарамі з высокапрадукцыйнымі відэаадаптарамі, якія дазваляюць выконваць 3D-мадэляванне, рыхтаваць кантэнт для акуляраў віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, распрацоўваць інтэрактыўныя дадаткі, гульні. Асноўную частку складаюць сістэмы віртуальнай рэальнасці HTC VIVE PRO (7 камплектаў) і акуляры дапоўненай рэальнасці Epson Moverio BT (2 камплекты).

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.