Каб жыццё ўсміхалася

- 15:03Нам пішуць

Месячнік прафілактыкі псіхалагічнага здароўя пад дэвізам “Усміхніся! Сёння твой дзень!” прайшоў у Бакштаўскай школе.

У першы дзень месячніка на інфармацыйным стэндзе былі размешчаны пазітыўныя пажаданні: “Цуды знаходзяцца там, дзе ў іх па-сапраўднаму вераць”, “Замест таго, каб старанна сціраць з памяці нейкую падзею, дастаньце рознакаляровыя крэйды і дамалюйце яе!”, “Нават пасля малюсенькай усмешачкі ў арганізме памірае адзін мікроб”, “Усміхайцеся! Кожная маршчынка з’яўляецца не ад усмешкі, а замест яе!”, “Уявіце, што ўсе чорныя палосы ў вашым жыцці зробленыя са смачнага шакаладу!”, “Вам усміхнулася жыццё? Паказычыце яго!”.

Трэнінгавыя заняткі з навучэнцамі 5 класа “Вучымся мець зносіны”, 7 класа “Жыццё — гэта выдатна!”, 9 класа “Жыццёвыя каштоўнасці” спрыялі ўсведамленню каштоўнасці жыцця. Псіхалагічныя практыкаванні, гульні падчас заняткаў садзейнічалі разуменню значнасці уласнай асобы, павышэнню самаацэнкі.

Псіхалагічныя акцыі заўсёды выклікаюць актыўнасць удзельнікаў. “Каб жыццё ўсміхнулася табе — падары яму свой добры настрой” — такі дэвіз быў абраны для акцыі “Сонечны фатограф”. Свае ўсмешкі, усмешкі аднакласнікаў, проста сяброў і знаёмых дзеці змаглі ў вялікай колькасці ўбачыць ў фотаальбоме на сайце нашай установы адукацыі.

Для навучэнцаў 2—5 класаў была арганізавана акцыя “Далонькі”. На папяровай далоньцы кожны з удзельнікаў змог напісаць адказ на пытанне “Шчасце — гэта…”. І адказы атрымаліся вельмі розныя: “Шчасце — гэта сям’я, каханне, клопат”, “Шчасце — гэта сябры, здароўе, святы”, “Шчасце — гэта мір на зямлі, здароўе для ўсіх, радасць для ўсіх”, “Шчасце — гэта радасць, захапленне”, “Шчасце — гэта жыццё, здароўе, спорт, школа”.

У апошні дзень месячніка навучэнцы, педагогі, работнікі школы атрымалі інфармацыю “Школа ў лічбах. Люты 2018”. Па выніках акцыі былі названыя самыя папулярныя імёны дзяўчынак і хлопчыкаў у школе: Дар’я, Паліна, Кацярына, Аляксандр, Іван, Максім, Павел. Найбольш частыя імёны работнікаў школы: Ірына, Марына, Святлана, Аляксандр. Найбольшая колькасць імёнаў па бацьку: Іванаўна, Аляксандраўна (Аляксандравіч), Віктараўна (Віктаравіч), Эдуардаўна, Міхайлаўна. Максімальная колькасць народжаных як навучэнцаў, так і работнікаў школы выпадае на вясну, найменшая — на лета. Сярод работнікаў школы ёсць поўныя цёзкі. Гэта дзве Людмілы Эдуардаўны, дзве Алены Іванаўны і дзве Святланы Аляксандраўны.

Заключным этапам месячніка прафілактыкі псіхалагічнага здароўя стала акцыя “Чароўная шкатулка”. Словы-пажаданні пазітыўнага характару былі прапанаваныя ў якасці падарунка ўсім: навучэнцам, педагогам, работнікам школы. “Цукеркі з добрымі пажаданнямі” таксама выклікалі ў дзяцей шмат станоўчых уражанняў.

Актыўнымі памочнікамі ў правядзенні акцыі сталі навучэнкі 10 класа Дар’я Бычкоўская, Караліна Шчарбачэвіч, Таццяна Яцкевіч.

Мерапрыемствы па ўмацаванні і захаванні псіхалагічнага здароўя праведзены з улікам актуальных праблем і асаблівасцяў соцыуму. Работа мела на мэце стварыць спрыяльную псіхалагічную атмасферу і актывізаваць асобасныя рэсурсы. Псіхалагічныя акцыі, гульні павысілі ўзровень даверу паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, развівалі пачуццё калектывізму.

Ірына РАШКЕВІЧ,
педагог-псіхолаг Бакштаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна.