Калейдаскоп беларускай мовы

- 14:40Нам пішуць

У прышкольным лагеры “Калейдаскоп” сярэдняй школы № 23 Гродна было вырашана правесцi тэматычны дзень “Мая Радзіма — Беларусь”. У рамках свята арганізавалі шмат мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю беларускай мовы, выхаванне ў школьнікаў павагі і любові да роднага слова, роднай зямлі, цікавасці да твораў беларускіх пісьменнікаў.

У гэты дзень дзеці і выхавальнікі лагера размаўлялі толькі па-беларуску. Наведвальнікі лагера ўдзельнічалі ў афармленні школьнага інтэр’ера выказваннямі пра родную мову.

Дзень пачаўся з прагляду відэароліка аб гістарычных помніках культуры і архітэктуры Беларусі.

У школьнай бібліятэцы была аформлена кніжная выстава “Дзень роднай мовы”, адбылася літаратурная гасцёўня “Багата, родная ты мова…”, якую наведалі вучні 2—3 класаў, пазнаёміліся з гістарычным шляхам беларускай мовы. Вучні 6–7 класаў выканалі вершы на нашай мілагучнай мове знакамітых беларускіх паэтаў, а таксама вершы, якія напісалі самі.

Вучні 5—6 класаў сталі ўдзельнікамі вiктарыны “Моўныя самацветы”, узнавілі веды пра вусную народную творчасць: прыказкі, прымаўкі, загадкі.

На свежым паветры школьнікі ўспаміналі традыцыйныя беларускія святы, гульні нашых продкаў.

У гэты дзень дзецi наведалi тэматычныя выставы Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайну і сярэдняй школы № 27 Гродна, дзе пазнаёмiлiся з культурай i бытам нашых продкаў.

На працягу дня праводзіўся конкурс малюнкаў “Беларусь мая, сінявокая!”.С задавальненнем дзеці ўдзельнічалі ў конкурсе нацыянальнага касцюма “Беларусачка”.
Завяршыўся дзень тэматычнай гадзінай “Таленавітыя людзі Гродзеншчыны”. Дзеці расказвалі пра народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, які доўгі час жыў і працаваў у нашым горадзе; пра самабытных майстроў слова Дануту Бічэль-Загнетаву, Юрку Голуба; пра знакамітых спартсменаў Гродзеншчыны — Вольгу Корбут, Яніну Карольчык, Аляксандра Курловіча, Iвана Цiхана…

Ганна ПАНАСЮК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 23 Гродна.