Калекцыя падказак на кожны дзень

- 16:14Нам пішуць

Чарговы раз аздараўлечны лагер з дзённым знаходжаннем “Сонечная планета” на базе Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы расчыніў дзверы. 25 выхаванцаў запрасілі на асеннюю змену.

Фота да матэрыяла: Калекцыя падказак на кожны дзень.Чым зацікавіць дзяцей? Як зрабіць адпачынак не толькі карысным, але і запамінальным? Абмяркоўваць з дзецьмі тое, што ім цікава, далучыцца да сумеснай пазнавальнай справы — вось залог поспеху. Ідэя асенняй лагернай змены “Нашчадкі” ў нашай установе адукацыі — сабраць сваю “Калекцыю падказак на кожны дзень”. Сем бонсцікаў далі маленькім сябрам падказкі, якія задавалі кірунак чарговаму дню ў лагеры.

Так, Паветніца расказала, што “дружба клопатам ды падмогай моцная”, нагадала аб правілах бяспечных паводзін і запрасіла далучыцца да агульнай творчай справы. Разам са Скарбнікам выхаванцы адправіліся ў вандроўку па малой радзіме, наведалі “Асенні зарапад” у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Ластаўка”. Меша запрасіў хлопчыкаў і дзяўчынак у караоке-клуб, каб падзяліцца пачуццямі да радзімы праз песні. У чацвёртай падказцы Жэўжык нагадаў: “Дзе здароўе, там і прыгажосць”. Дзеці і выхавальнікі абмеркавалі пытанні захавання здароўя, падзяліліся карыснымі парадамі падчас круглага стала. Хатнік запэўніў, што “навука вочы адкрывае” і запрасіў на мерапрыемства ў сельскую бібліятэку, а таксама на віртуальную экскурсію “Варняны праз аб’ектыў часу”. Прыгажуня Вужалка пераканала сяброў, што “родная старонка — крыніца творчасці”. Выхаванцы лагера наведалі Астравецкі ЦТДіМ, дзе сталі ўдзельнікамі цікавага майстар-класа. Лясун узняў праблему захавання прыроды роднага краю: “Прыроду зберажэш — павагу набудзеш”.

За сем дзён асенняй змены кожны з выхаванцаў лагера “Сонечная планета” сабраў сваю калекцыю мудрых падказак, стаў удзельнікам цікавых мерапрыемстваў, запамінальных сустрэч, змог пападарожнічаць па родным краі, умацаваць здароўе. Ніхто не застаўся без падарункаў: дзеці атрымалі ад герояў-бонсцікаў буклет з карыснымі падказкамі на кожны дзень і сувеніры. Эмоцый і ўражанняў хопіць надоўга!

Таццяна ЛАКЕВІЧ,
намеснік дырэктара лагера “Сонечная планета”
Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна.