Кармянскі лянок, мяккі кужалёк

“На жаль, турысты прыязджаюць да нас не так часта, як бы хацелася”, — са шкадаваннем адзначаюць педагогі Кармяншчыны. Паважаныя турысты, аматары падарожжаў! Няхай вас не засмучае адсутнасць у Кармянскім раёне чыгункі, а таксама той факт, што край гэты знаходзіцца ў баку ад буйных аўтамабільных шляхоў. Тут ёсць што паглядзець, ёсць чым захапіцца, ёсць дзе адпачыць! Тут дастаткова адметнасцей, непаўторных мясцін. Паверце, некалькі плюсоў будзе ў вашу карму, калі наведаеце Карму.

Карма і курма

Незвычайная, арыгінальная назва — Карма. Існуе некалькі версій адносна яе паходжання. Першая, як нескладана здагадацца, звязана з караблём. Маўляў, непадалёк у возеры некалі была знойдзена карма старажытнага судна. Яшчэ адна версія звязана з наведваннем гэтых мясцін расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ, якая спынілася тут, каб пакарміць сваіх коней. Канечне, гэтая версія больш падобна на легенду, але, безумоўна, таксама мае права на існаванне. Найбольш верагоднай і навукова абгрунтаванай з’яўляецца версія, звязаная з рэчкай Кармянкай. Гідронім хутчэй за ўсё паходзіць ад фіна-ўгорскага “курм”, што азначае “заліў” або “курма” (пастка для рыбы).

Цікавыя адметнасці можна знайсці не толькі ў версіях пра паходжанне назваў населеных пунктаў раёна, але і ў іх гістарычна-культурнай, прыроднай спадчыне. Гэта і гісторыя сядзібы Дарыа-Дзерналовічаў, і лёс Свята-Мікольскага праваслаўнага храма ХІХ стагоддзя, і біяграфіі землякоў — усё, што ў методыцы краязнаўчай работы прынята называць рэгіянальным кампанентам. Менавіта на аснове такога кампанента і грунтуецца ў рамках рэспубліканскага інавацыйнага праекта адукацыйны працэс гімназіі Кармы.

Рэгіянальны кампанент

“Праз цікавасць да гісторыі роднага краю можна абудзіць у юных розумах і сэрцах пачуцці сапраўднага грамадзяніна, які ўмее шанаваць мінулае, жадае ўдзельнічаць у стварэнні сённяшняга і ўсведамляе сваю адказнасць за будучыню. Менавіта таму ў нас узнікла ідэя выкарыстання рэгіянальнага кампанента ў адукацыйным працэсе. Напрамкі выкарыстання рэгіянальнага кампанента ў кожнай установе адукацыі могуць быць індывідуальныя як для асобнага класа, аб’яднанняў па інтарэсах, так і для асобнага навучэнца”, — паведаміла дырэктар гімназіі Анжэла Пятроўна Яроцкая.

Шэсць гадоў назад калектыву гімназіі прапанавалі прыняць удзел у Рэспубліканскім інавацыйным праекце “Выкарыстанне рэгіянальнага кампанента ў адукацыйным працэсе”. У склад творчай групы ўвайшлі педагогі ўсіх ступеняў адукацыі. Гэта настаўнікі пачатковых класаў, беларускай мовы і літаратуры, англійскай мовы і геа­графіі. У рамках рэалізацыі праекта было а­­рганізавана сеткавае ўзаемадзеянне з зацікаўленымі арганізацыямі і ўстановамі дадатковай і агульнай сярэдняй адукацыі.

Удзельнікі праекта С.В.Чакалава, І.В.Стэльмах, Ж.В.Максімава.

Падчас удзелу ў навукова-даследчых канферэнцыях кармянскія навучэнцы прадстаўляюць праекты, у якіх раскрываюць асаблівасці малой радзімы, яны параўноўваюць, аналізуюць, напаўняюць сваю края­знаўчую дзейнасць рэгіянальным зместам. Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Ірыны Васільеўны Стэльмах, такая арганізацыя работы дае добры выхаваўчы эфект, паколькі дазваляе падтрымліваць пазнавальную актыўнасць навучэнцаў, спрыяе фарміраванню асобы як грамадзяніна і патрыёта сваёй малой радзімы, дае магчымасць вывучэння края­знаўчых і іншых дадатковых матэрыялаў. Вынікі работы ў рамках праекта рэгулярна асвятляюцца ў сродках масавай інфармацыі, прадстаўляюцца на канферэнцыях. Паспяховай была прэзентацыя вопыту на XVIII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі.

“Выкарыстанне рэгіянальнага кампанента робіць заняткі цікавымі і займальнымі. Прадстаўлены ў зборніках вопыт будзе карысны педагогам-прадметнікам, стане чарговай прыступкай для далейшага пошуку новых ідэй у вывучэнні роднага краю. У рамках праекта пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму Кармянскага райвыканкама на базе гімназіі пяты год праходзіць адкрытая краязнаўчая канферэнцыя “Гомельская вобласць — край родны”, у якой удзельнічаюць навучэнцы не толькі Гомельшчыны, але і суседніх абласцей, у тым ліку з Расіі. Таксама добрай традыцыяй стала штогадовае правядзенне ў гімназіі Велікоднага тыдня. Неад’емнай часткай краязнаўчай канферэнцыі з’яўляецца конкурс фотаработ настаўнікаў і вучняў. Некалькі сваіх работ асмелілася выставіць і я. Гавораць, што яны прыгожыя, — усміхаецца Анжэ­ла Пятроўна. — Дарэчы, на адной з фотаработ — слімак. Менавіта такіх некалі разводзілі гаспадары сядзі­бы Сцефанова-Сарск”.

Э.Р.Фамічова.

Займальныя заняткі

“Займальныя ўрокі малой радзімы” — так называецца зборнік заданняў настаўніцы пачатковых класаў Ірыны Анатольеўны Шлемянковай. Ён дапамагае эфектыўна выкарыстоўваць выхаваўчы патэнцыял урока ў Год малой радзімы. У аснову работы пакладзены пошук адказаў на пытанні: “Ці можна сумясціць вывучэнне вучэбных прадметаў і края­знаўства? Наколькі гэта будзе цікава дзецям? Як дзякуючы рэгіянальнаму кампаненту зрабіць вучэбны працэс займальным і выніковым?” Ідэя стварэння зборніка заданняў для вучняў I ступені навучання з выкарыстаннем рэгіянальнага кампанента падштурхнула педагога да больш глыбокага вывучэнне гісторыі, геаграфіі, культуры Кармяншчыны.

Рэгіянальны кампанент можна выкарыстоўваць на занятках па любых прадметах. Напрыклад, настаўніца англійскай мовы Жанна Валер’еўна Максімава распрацавала “Дыдактычныя матэрыялы па краязнаўстве да ўрокаў англійскай мовы”, накіраваныя на выкарыстанне гульнявой і камунікатыўнай тэхналогіі, камунікатыўных практыкаванняў і тэкстаў для чытання. Эфект, на які разлічвала настаўніца, быў паспяхова дасягнуты. Вучням крыху нязвыкла чытаць пра родныя мясціны на англійскай мове, але ад гэтага больш захапляюча. Такім чынам, хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю вывучаюць не толькі адметнасці малой радзімы, але і замежную мову. Зборнік суправаджаецца старымі і сучаснымі фотаздымкамі пэўных мясцін Кармы. Такі спосаб падачы матэрыялу быў выбраны невыпадкова, бо сучасныя дзеці куды ахвотней успрымаюць візуальную, а не тэкставую інфармацыю. А настаўнік геаграфіі Ілья Уладзіміравіч Кандраценка распрацаваў матэрыялы па геаграфіі Кармянскага раёна, якія могуць быць выкарыстаны як на вучэбных, так і на выхаваўчых мерапрыемствах, а таксама стаць турыстычным даведнікам па Кармяншчыне для турыстаў і замежных гасцей.

А.П.Яроцкая са сваімі фотаработамі.

“Крыніц кармянскіх перазвоны” — гэта назва зборніка сцэнарыяў народных свят і абрадаў для выкарыстання ў пазаўрочнай дзейнасці. Аўтар зборніка — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Ва­сільеўна Чакалава. “Краязнаўчай дзейнасцю займаюся не толькі ў пазакласнай рабоце, але і на ўроках таксама. І ўсё ж найбольш магчымасцей тут дае пазаўрочны час. Гэта, напрыклад, дзейнасць студыі “Спадчына”, якая дапамагае мне знаходзіць матэрыял, параўноўваць мясцовыя звычаі і абрады са звычаямі і абрадамі іншых рэгіёнаў. На аснове сабранага матэрыялу пад маім кіраўніцтвам вучні стварылі некалькі даследчых работ. Сярод іх — “Не згасне жывое народнае слова” — пра звычаі, традыцыі і абрады нашага краю. А вось “Мілыя назвы роднай зямлі” — тапанімічны слоўнік Кармяншчыны — створаны ініцыятыўнай групай настаўнікаў раёна”, — паведаміла Святлана Васільеўна.

Што тычыцца зборніка тапонімаў, то, як адзначыла загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Эла Рыгораўна Фамічова, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС многія вёскі ў раёне былі выселены, ураджэнцы Кармяншчыны раз’ехаліся па розных куточках былога Савецкага Саюза. Аднак пра малую радзіму яны не забыва­юць, таму электронная версія тапанімічнага слоўніка іх, безумоўна, зацікавіць.

Я.В.Герыловіч.

Ільняная карусель

Тапонім Карма невыпадкова звязаны з воднай тэмай. Мясціны тут па-ранейшаму рыбныя, як і многія сотні гадоў назад, а паўнаводны Сож гэтак жа любіць пасвавольні­чаць і затапіць падчас паводкі сваю шырокую пойму, як і ў часы першых пасяленцаў. І ўсё ж, калі б назву населенаму пункту на беразе Кармянкі давалі ў наш час, то цалкам верагодна, што яна была б звязана з пэўным прадметам апрацоўкі льну. Менавіта лён, адна з найбольш распаўсюджаных у Беларусі тэхнічных агракультур, з’яўляецца сімвалам раёна. Дарэчы, і герб раёна мае сіні фон. У сапраўднае блакітнае мора ў перыяд цвіцення лёну ператвараюцца палі ў ваколіцах Кармы. Невыпадкова вядучым прадпрыемствам Кармы з’яўляецца льнозавод, дзе працуюць бацькі многіх вучняў. У школах створаны або экспазіцыі, або музейныя куткі, прысвечаныя апрацоўцы лёну. Найбольшая экспазіцыя ў Струкачоўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе. Дзякуючы ініцыятыўнасці, актыўнасці струкачоўскіх педагогаў і іх калег з іншых устаноў адукацыі, нарадзіўся і набыў статус раённага фестываль “Ільняная карусель”. Наведаем музейны пакой Струкачоўскай школы і разам з выхаванцамі дашкольнай групы пакружымся ў гэтай незвычайнай каруселі, станем удзельнікамі экскурсіі.

“Наш музейны пакой напоўнены ўсім, што звязана з лёнам. Пакажу вам вельмі прыгожую льняную сукенку. Пашыла яе наша вучаніца, мінулагодняя выпускніца Даша Зайцава, для ўдзелу ў фестывалі “Льняная карусель”. Вось гэтая прыгожая сукенка, вось гэтыя ручнікі, што знаходзяцца вакол вас, тое пакрывала, якім засцелены ложак, той абрус — яны выраслі ў полі. Вось з гэтых маленькіх зярнятак. Як жа сукенка можа з’явіцца з такіх зярнятак? Дакраніцеся да насення лёну. Яно маленькае, карычневага колеру”, — расказвае здзіўленым дзецям кіраўнік музейнага пакоя Людміла Пятроўна Глаздоўская.

Па словах педагога, каб маленькія карычневыя зярняткі ператварыліся ў прыгожыя і карысныя льняныя вырабы, трэба затраціць шмат сіл. У даўніну не было трактароў і ўсё рабілі ўручную. Як толькі прыгравала сонейка, людзі выходзілі на поле. У спецыяльны кошык, які можна ўбачыць сярод экспанатаў, насыпалі зярняткі, бралі па каліве і так сеялі. Пасля гэтых слоў педагог прапанавала вучням узяць па жменьцы насення і дапамагчы Янку (яго ролю на час экскурсіі выканаў дырэктар школы Яўген Вітальевіч Герыловіч) засеяць імправізаванае льняное поле. “Потым глебу паліваў дожджык, свяціла цёплае сонейка, лён рос і зацвітаў. У льна блакітныя кветачкі, а калі ён цвіце, то здаецца нам блакітным морам. Пасля таго як лён адцвіў, у яго ўтвараюцца своеасаблівыя каробачкі. Калі раскрыць каробачку, можна ўбачыць у ёй зярняткі. Вось так выцягвалі лён з глебы. Рабілі гэта жанчыны. А пасля вязалі лён вось у такія снапы. Машын жа ў той час не было”, — паведаміла педагог.

А каб у дзяцей не страцілася цікавасць да аповеду, Людміла Пятроўна прапанавала хлопчыкам і дзяўчынкам разнастаіць экс­курсію знакамітай народнай гульнёй “Лён-лянок”. (“Мы зерне веем-веем, мы зерне сеем-сеем… Пасадзіць лён!” — і дзеці хуценька садзяцца ў начэрчаныя на падлозе кругі. Той, хто не паспеў знайсці сабе круг, — выбывае з гульні.) “Лён звозілі ў свіран. І пранікам там, дзе галоўкі льна, абівалі. Так заставаліся толькі зярняткі. Пасля таго як абмалацілі лён, што рабілі? Яго рвалі. Паспрабуйце парваць лён. Цяжка, праўда? Раней у 5—6 гадоў дзеці ўжо садзіліся за пралку і з гэтага валакна рабілі ніткі. Ніткі круцілі на спецыяльныя бабіны. А потым запраўлялі ніткі на ткацкі станок, ткалі ручнікі, настольнікі, ходнікі. Усе гэтыя ручнікі трэба было адбяліць, бо лён быў шэрага колеру. Тканіну везлі на луг і там рассцілалі. Ад сонца і дажджу яна станавілася белай. Потым яе прасавалі спецыяльнай прыладай. А потым засцілалі сталы, ложкі”, — паведаміла экскурсавод.

І.А.Лазебная з незвычайнай цацкай-зайчыкам.

Кожны год у Карме ўшаноўваюць работнікаў ільнозавода. У гэтым годзе яны вырасцілі вялізны ўраджай. Лён сёлета вельмі доўгі. “Тата вашай сяброўкі Паліны атрымаў каштоўны падарунак і падзяку. Нашу школу скончылі шмат трактарыстаў, якія працу­юць на кармянскім ільнокамбінаце і вырошчваюць лён, каб мы спалі на льняных прасцінах, насілі льняную вопратку, якая вельмі карысная”, — вось так коратка, шчыра Людміла Пятроўна сказала найлепшыя словы, якія папулярызуюць рабочыя прафесіі. У канцы экскурсіі дзяцей па традыцыі частуюць чаем з варэннем і пячэннем, пасыпаным ільняным зернем. Падчас чаяпіцця экскурсантам расказва­юць пра карысць ільнянога насення, з якога робяць ільняны алей і льняную муку.

З матчынай душой

Шмат ільняных вырабаў захоўваецца і ў музеі Дубавіцкага дзіцячага сада — базавай школы. Яшчэ на школьным калідоры каля музея, на лаўках можна ўбачыць доўгія ручнікі з нацыянальнымі арнаментамі. Гэта сямейная рэліквія настаўніцы гісторыі Іны Аляксандраўны Лазебнай. Ручнікі-набожнікі створаны працавітымі рукамі яе бабулі Хімы Якаўлеўны Казловай. Імі раней упрыгожвалі абразы на святы, асабліва на Вялікдзень. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ручнікі былі закапаны і такім чынам уратаваны. Пра сямейныя рэліквіі Іны Аляксандраўны вучні напісалі шмат даследчых работ, якія займалі прызавыя месцы на розных конкурсах, канферэнцыях. Іна Аляксандраўна лічыць, што такая прыгажосць не павінна быць прыхавана ў куфры, таму і выстаўлены ручнікі ў школьным калідоры. Кожны можа да іх падысці, палюбавацца прыгажосцю, вывучыць узоры. Дарэчы, на фоне ручнікоў падчас перапынкаў вучні часта робяць сэлфі.

Кожны ўзор на льняным ручніку расказвае пра веру і спадзяванні нашых продкаў, пра іх няпростую працу. Няпростай была і праца па стварэнні школьнага музея, але афармлялася экспазіцыя клапатлівымі рукамі настаўнікаў, як кажуць, са шчырым сэрцам і адкрытай душой, таму і назва музея невыпадковая — “Хата з матчынай душой”. Тут сапраўды адчуваеш сябе, як у матулінай хаце, тут спакойна, лёгка на душы, тут хочацца гадзінамі сядзець на старадаўняй лаве і атрымліваць асалоду ад цішыні. Гасцей тут сустракаюць не толькі цікавай экскурсіяй, але і духмяным дубавіцкім чаем з зёлкамі і мёдам.

А.Р.Хадановіч.

“Ідэя стварыць музей узнікла ў нас, мясцовых жыхароў, настаўнікаў, невыпадкова, паколькі дэвізам творчага калектыву нашай школы з’яўляюцца знакамітыя словы: “Шануй чужое аж да пакланення, сваё любі да самазабыцця…” Асноўныя кірункі дзейнасці музея — вывучэнне гісторыі вёскі Дубавіца, удзел у даследчай дзейнасці, калектыўных творчых справах, правядзенне фальклорных свят, афармленне інфармацыйна-наглядных матэрыялаў, правядзенне анкетавання, апытання сярод насельніцтва з мэтай вывучэння гісторыі, традыцый, абрадаў, збор і апрацоўка матэрыялаў пра выдатных вяскоўцаў. У выніку пад кіраўніцтвам Аксаны Васільеўны Лашкевіч былі аформлены стэнды “Адкуль Радзіма наша?”, “Старонкі школьнай гісторыі”, “Імі ганарыцца наша вёска”, “Чарнобыльскі след”, “Гады, апаленыя вайной”, “Афганістан — наша памяць і боль”, “Усе шляхі прыводзяць не да Рыма, а да родных вербаў і бяроз”, “Па родным краі”. Назапашаны матэрыял актыўна выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе. Музей ніколі не пустуе, тут ладзяцца экскурсіі, заняткі”, — паведаміла дырэктар школы Ала Рыгораўна Хадановіч.

А яшчэ тут праводзяцца цікавыя гульні. Напрыклад, Іна Аляксандраўна паказала, як у ранейшыя часы жанчыны рабілі для дзяцей цацку-зайчыка з хусткі. “Жанчыны нашы былі мудрымі, бо дзяцей трэба было не толькі забаўляць, але і каб забаўкі гэтыя былі бяспечнымі для малога. Бралі хустку, некалькі рухаў, перакладанняў — і атрымліваўся зайчык. Памятаю, як мама вязала мне такія цацкі”, — паведаміла настаўніца і за некалькі секунд зрабіла такога зайчыка. Дарэчы, самымі першымі экспанатамі музея былі не ганчарныя або бандарныя вырабы, як часта бывае ў падобных музеях, а менавіта жаночыя хусткі. Самая вялікая хустка мае асаблівую гісторыю. Яе для сваёй мамы Ала Рыгораўна набыла з першай зар­платы, калі працавала ў далёкай Іркуцкай вобласці, і даслала ў Беларусь. Наогул, у музеі няма ніводнай рэчы, да якой бы не дакраналася рука жанчыны. “Што не можа наша жанчына? Можа ўсё на свеце! І т­каць, і прасці, і ўсю сям’ю апранаць. І ўмела, і ўмее цяпер”, — з гордасцю адзначыла Ала Рыгораўна. А яшчэ працавітыя рукі дубавіцкіх настаўніц выправілі адну гістарычную несправядлівасць. Назва вёскі Дубавіца, відавочна, паходзіць ад дубоў. Аднак цяпер у ваколіцах вёскі гэтыя магутныя дрэвы практычна не сустракаюцца. Таму і было прынята рашэнне пасадзіць мінулай вясной дубовую алею.

Блакітнае мора

У той час, калі дубавіцкія дубкі шапочуць сваім маладым зялёным лісцем, у ваколіцах Кармы гойдаюцца незвычайныя блакітныя хвалі льнянога мора. Менавіта ў пачатку лета лепш за ўсё наведацца ў Кармянскі раён, каб палюбавацца гэтай незвычайнай прыгажосцю. Тут дакладна разумееш, што нашу Беларусь называюць сінявокай не толькі з-за вялікай колькасці азёр, але і вось з-за такіх невялікіх, але надзвычай прыгожых кветачак.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.