Кастынг снягурак

- 15:12Нам пішуць

Вясёлым тэатралізаваным мерапрыемствам сустрэлі работнікі Макранскай дзіцячай школы мастацтваў і Макранскага сельскага Дома культуры сваіх гледачоў. Новы год — свята не проста сямейнае. На “Кастынг снягурак” прыйшлі і дзеці, і дарослыя.

Пачалося прадстаўленне тым, што Снягурка захварэла. А якое ж свята без Снягуркі? Дзед Мароз засумаваў, стаў шукаць выйсце. Трэба ж дзяцей парадаваць, падарункі ўручыць. Вырашае Дзед Мароз аб’явіць кастынг, каб падабраць новую Снягурку. Прыйшлі на конкурс і Дзюймовачка, і Марфуша з матуляй, і Баба Яга, і Цыганка, і Варвара. Баба Яга нават збегла ад Кашчэя Бессмяротнага, бо вельмі ёй хацелася стаць Снягуркай. “Новыя ўнучкі Дзеда Мароза” і спявалі, і танцавалі, як маглі, праяўлялі свае таленты.

Толькі не змог Дзед Мароз падабраць новую ўнучку, бо лепей за яго Снягурку, аказваецца, няма нікога. Не змагла замяніць Снягурку і Снежная Каралева. Узрадаваўся стары, калі яго ўнучку вылечыў Доктар Айбаліт. Усхваляваныя Дзед Мароз і Снягурка адразу адправіліся віншаваць дзетак з Новым годам.

Вучаніца Макранскага ВПК Кацярына Клепік выступала ў ролі Дзюймовачкі. Настаўнікі Макранскай школы мастацтваў Алена Высачынская, Дар’я Царыкава, Нона Герасіменка, Вольга Марачкоўская, Дзіяна Папкова, Лізавета Гапеева, Маргарыта Данілава стварылі сапраўдны цуд. Святлана Бубелева ў ролі матулі Марфушы і Тамара Ога ў ролі Снягуркі выдатна павіншавалі гасцей свята. Скончылася мерапрыемства песняй Снягуркі, у якой гучалі пажанні шчасця, здароўя, міру, дабрабыту ў новым 2019 годзе.

Сцэна сельскага Дома культуры на гадзіну ажыла. Выступалі сапраўдныя таленты, якія змаглі стварыць навагодняе свята. Вось такі атрымаўся цудоўны падарунак да Новага года і Калядаў.

Алена ЦЫВІЛЬКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Макранскага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці.