“Кібітка часу”

- 16:05Інклюзія, Сацыяльны ракурс

Інклюзіўны тэатральны калектыў “Кібітка часу” пад кіраўніцтвам Ірыны Пастуховай 15 гадоў існуе ў заслаўскай сярэдняй школе № 2 імя М.К.Пуцейкі. 

Гэтае аб’яднанне па інтарэсах разам са звычайнымі дзецьмі наведваюць вучні з АПФР. 

— Мы пачыналі з уключэння элементаў тэатралізаванага паказу ў заняткі. Вучні прадстаўлялі егіпецкую і грэчаскую міфалогію, творчасць Лопэ дэ Вега, Шэкспіра і рускіх паэтаў ХІХ стагоддзя, — адзначае Ірына Мікалаеўна. — Затым са старшакласнікамі паставілі спектаклі “Сабака на сене” і “Труфальдзіна з Бергама”. Неўзабаве тэатральнымі заняткамі зацікавіліся вучні сярэдняга школьнага ўзросту. Пастаўленыя па літаратурных сцэнарыях спектаклі “Снежная каралева”, “Казка пра цара Салтана”, “Золушка”, “Брэменскія музыканты”, “12 месяцаў”, казкі “Залатая рыбка” і “Царэвіч-Жаба” (менавіта Царэвіч) мелі вялікі поспех. У іх гучалі музычныя нумары ў выкананні дзяцей. З 2012 года да аб’яднання далучыліся вучні пачатковых класаў. Хоць не ўсе з іх добра чыталі і маглі вучыць вялікія ролі, але яны прымалі ўдзел у масавых сцэнах, як, напрыклад, атрад разбойнікаў у “Снежнай каралеве”, выконвалі ролі воранаў і прынца з прынцэсай, былі заняты ў сцэне на балі ў “Золушцы”, у групавых музычных нумарах. 

Дзеці з АПФР першапачаткова саромеліся прасіцца ў тэатральны гурток. Але ім на дапамогу прыйшлі класныя кіраўнікі — настаўнікі пачатковых класаў. Так Ірына Пастухова пачала займацца з вучнямі з цяжкімі парушэннямі маўлення. Работа з братамі
Арсеніем і Канстанцінам Бялко прынесла поспехі. Праз паўгода заняткаў Арсеній прымаў удзел у мініяцюрах “Скорагаворкі” і “У мяне зазваніў тэлефон” паводле Чукоўскага. Маўленне Косці было амаль незразумелае. Год педагог працавала з ім індывідуальна, каб ён прыняў удзел у мініяцюры, а яшчэ праз год у спектаклі, дзе іграў невялікую ролю і нават спяваў.

З роляй Трубадура ў спектаклі “Брэменскія музыканты” выдатна справіўся Саша Андрэеў, хлопчык з цяжкімі парушэннямі маўлення. Ён выконвае сольныя вакальныя нумары. Сёлета, напрыклад, саліраваў з песняй “Промень сонца залаты” на раённым інклюзіўным фестывалі “Жыццём жыць”. Хаця ў 1 класе ён практычна не размаўляў. Дзякуючы добраму слыху і голасу і вялікаму старанню ў рабоце над маўленнем, у яго ўсё атрымалася. 

У пачатку кожных заняткаў усе дзеці выконваюць абавязковае практыкаванне — скорагаворкі, сінхронна прамаўляюць іх і абыгрываюць з дапамогай жэстаў, мімікі, сцэнак. У раённым конкурсе “Свабодны мікрафон” у намінацыі “Лепшы вядучы” Багдан Шабуня выдатна справіўся з незнаёмай скорагаворкай, якую трэба было прачытаць,
і перамог.  

Тэатральнае аб’яднанне “Кібітка часу” наведваюць яшчэ і дзеці з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату, якія не могуць самастойна перамяшчацца. Сярод іх Захар Рэут, які выступаў на фестывалі “Жыццём жыць” з музычным нумарам “Мы вандроўныя артысты”. Разам з педагогам ён складаў вершы і сцэнарый для свайго нумара.  

— Тэатральная дзейнасць — гэта не толькі займальна, але і эфектыўна для фарміравання талерантных адносін у калектыве, — упэўнена Ірына Пастухова. — Дзеці з асаблівасцямі разнявольваюцца, вучацца пераадольваць страх перад публічнымі выступленнямі, прытрымлівацца агульнапрынятых норм і правіл, праяўляюць свае лепшыя якасці.


Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.