Клопаты Дзеда Мароза

- 15:13Нам пішуць

Здавалася б, галоўная задача Дзеда Мароза, як вялося спакон веку, — раздаць у навагоднюю ноч дзецям падарункі. Але сучаснаму Дзеду Марозу клопатаў дадалося: правесці супрацьпажарную акцыю, азнаёміцца з сучаснымі павевамі і з агеньчыкам у вачах упэўнена ўдзельнічаць і арганізоўваць шматлікія мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі напярэдадні Новага года. Столькі ж клопатаў і ў Дзеда Мароза, які на некаторы час пасяліўся ў Пятрэвіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе.

А як жа інакш? Як можа прайсці навагодні флэшмоб без Дзеда Мароза і яго нязменнай спадарожніцыўнучкі Снягуркі? Як можа прайсці акцыя “Нашы дзеці”, дзе ўручаюцца падарункі асаблівым дзецям, дзецям з малазабяспечаных сем’яў, без чараўніцтва знакамітага дзядулі? Не абышоў увагай Дзядуля Мароз і дзень музея, які праводзіўся ў школе. А хто ж, як не Дзядуля Мароз і Снягурка, лепш прэзентуе выстаўку паштовак “Навагодні серпанцін”, якія калісьці радавалі мам, тат, дзядуль, бабуль сучасных дзяцей?

Калі побач Дзед Мароз, то ёсць магчымасць параўнаць яго з ранейшым казачным героем, які красаваўся амаль на кожнай савецкай навагодняй паштоўцы. З Дзядулем Марозам і лялькі-абярэгі (а іх у музеі больш за 40 і іх выстаўка арганізавана ў школьным музеі напярэдадні Новага года) знаходзяць таямнічасць і міфалагічнасць. У кожнай з іх ёсць свая гісторыя і сваё прызначэнне. І дзеці прыслухоўваюцца да аповеду Дзядулі Мароза, як і да кожнага рыпення палавіцы пад валёнкамі зімовага героя, у гэтым таямнічым месцы, названым школьным музеем, дзе сабралася столькі лялек, навагодніх паштовак, якія падрыхтавалі ў падарунак да Новага года члены актыву школьнага музея і яго дырэктар А.В.Пяцэвіч. А наперадзе ў Дзеда Мароза новыя клопаты: трэба правесці акцыю “Новы год у далоньцы”,спартыўна-забаўляльнае свята “На лыжах з Дзедам Марозам”, ды і не толькі. Удачы вам, Дзядулі Марозы, і доўгіхгадоў жыцця!

Павел МАНТУШ,
навучэнец 10 класа, член актыву школьнага музея
Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.
Фота Наталлі Юшкевіч.