Купалле па-мажэйкаўску

- 14:52Нам пішуць

Адно з найстарадаўнейшых народных свят, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі, — Купалле. Выхаванцы аздараўленчага лагера “АстравОК” пры Мажэйкаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе змаглі апынуцца ў свеце дзіўных легенд і паданняў, з якімі звязана гэта свята.

Пачатак святкавання паклала тэатралізаванае прадстаўленне. Купалінка расказвала, як святкавалі купальскую ноч на мажэйкаўскай зямлі ў старадаўнія часы. Распавядала, якія цуды здараюцца ў гэты час: па зямлі ходзяць ведзьмы, ведзьмакі і духі, расліны і звяры размаўляюць, рэкі свецяцца прывідным святлом, а ў іх водах плаваюць душы памерлых у вобразе русалак. Існуе такое паданне, што вада з крыніцы, якая знаходзіцца ля вёскі Лебяда (яе яшчэ называюць Іаанаўскай), мае цудадзейную моц і ў купальскую ноч можа вылечыць любую хваробу.

Здаўна ў Купаллі ўдзельнічалі ўсе жыхары сяла. Беларусы праводзілі шмат сімвалічных абрадаў. Выхаванцы аздараўленчага лагера атрымалі магчымасць сплясці купальскія вянкі, прайшлі рытуал ачышчэння агнём, дзяўчынкі пускалі па вадзе купальскія вянкі, спявалі абрадавыя песні і вадзілі карагоды, удзельнічалі ў шумных вясёлых гульнях, ну і, вядома, шукалі папараць-кветку.

Таццяна ТКАЧУК,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Мажэйкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Лідскага раёна.