Лепшы знаўца прымавак

- 14:14Нам пішуць

Савет лабараторыі NLO лагера “Тэхнарыкі” Ваўкавыскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі ў сваім плане работы асаблівае месца адвёў дню беларускай мовы.

Гэты дзень быў насычаны рознымі мерапрыемствамі. На занятках у IT-школе на гуртку “Ліга робатаў” дзеці складалі цікавыя мадэлі з канструктараў лега, а на гуртку “КОМРіХ” распрацоўвалі ўлёткі пра Беларусь на роднай мове.

Пасля заняткаў выхаванцы здзейснілі падарожжа па родным краі “Усё дорага тут, усё да болі знаёма…” (у рамках акцыі “Жыву ў Бларусі і тым ганаруся”). Расказвалі на памяць вершы, урыўкі з твораў беларускіх пісьменнікаў, прыказкі, прымаўкі, спявалі песні на беларускай мове.

Далей чакаў відэакруіз “Бацькаўшчына”. Дзеці праглядзелі відэафільм “Мая Беларусь”, адказалі на пытанне “Якая Беларусь у маіх вачах?” і адказы адлюстравалі на паперы.

Найбольш спадабаўся ўсім конкурс прыказак і прымавак “Гаворым па-беларуску”. Пераможцам стаў выхаванец атрада “Тарнада” Аляксандр Гардзіўскі, які ўспомніў 22 беларускія прыказкі і прымаўкі.

Трэба памятаць, што родная мова ўвабрала векавы досвед народа, тысячы гадоў яна стваралася многімі пакаленнямі продкаў, і кожнае слова — крупінка чыстага золата! Паважайце родную мову, гаварыце правільна і прыгожа, не засмечвайце гаворку грубымі і бязглуздымі словамі! Любіце слова, сваё роднае слова, беражыце яго! У ім — сапраўдная сіла!

Таццяна ДОЎКША,
метадыст Ваўкавыскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.