Лепшыя дзіцячыя творчыя калектывы Гомельскай вобласці прадэманстравалі на конкурсе свае ўменні

- 17:40Образование

Усё, чаму навучыліся за два гады, прадставілі на гала-­канцэрце заключнага этапу VII Рэспубліканскага агляду­конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” лепшыя творчыя калектывы Гомельскай вобласці, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

 

Традыцыйны і любімы ўсімі конкурс сабраў у Гомелі 50 калектываў з 18 раёнаў вобласці. На суд рэспубліканскага журы было прадстаўлена больш за 60 нумароў. У журы конкурсу ўвахо­дзілі прадстаўнікі Нацыянальнага ­цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Велізарная зала Гомельскага грамадска-культурнага цэнтра сабрала самых прыгожых, яркіх і крэатыўных дзяцей вобласці на доўгачаканым свяце творчасці і таленту. Агульнымі намаганнямі на сцэне дзеці шукалі рэцэпт шчасця і сэнс жыцця. Па іх меркаваннях, шчасце — у марах, ва ўпэўненасці, у тым, што нас любяць такімі, якія мы ёсць. Шчасце — гэта сонца, дзень, ноч, мама, сябры, радасць… Гэта ўчора, сёння, заўтра і кожнае імгненне. Разам дзеці прыйшлі да высновы, што шчасце можна знайсці толькі там, дзе нарадзіўся і вырас.

Вольга Дульская выкладае музыку і кіруе фальклорным калектывам “Брачынскія музыкі” ў Акцябрскай раённай гімназіі. Педагог ганарыцца сваім ансамблем юных гарманістаў і дзяўчатамі, якія на конкурс падрыхтавалі танец, пазначаны ў пра­граме як “Лысы”.

“Менавіта так гэты танец у нас называецца. Вядомы такія яго ва­рыянты, як “Карапэт” і “Дзядочак”. Дарэчы, на­ша школа, якая стала потым гімназіяй, пабудавана ў мястэчку Брачын, цяпер гэта раён Акцябрскага. Раней тут ладзіліся мясцовыя святы. Таму наш калектыў менавіта так і называецца. Мы любім сваю традыцыйную культуру. Маем зносіны з носьбітамі фальклору. Слухаем, як яны ігра­юць і спяваюць, запісваем мелодыі на слых. Хлопцы іграюць, а дзяўчаты танцуюць. Удзельнічаюць і самыя малодшыя — “Брачынскія валачобнікі”, — расказвае Вольга Дульская.

Фальклорным калектывам “Забава” кіруе Марына Мытнікава з сярэдняй школы № 24 Гомеля. Настаўніца музыкі і мастацтва перад выхадам нагадвае сваім выхаванцам, як трымацца на сцэне.

“У нас сёння 10 юных удзельніц. Мы ўсе ра­зам завітаем у госці да бабулі — менавіта такі абрад мы прадстаўляем. Спяваем акапэль­на, толькі старажытны рубель, якім раней пралі нашы продкі, дапамагае ў музычным афармленні. Прынамсі, дзеці ведаюць прызначэнне гэтай дзівоснай прылады”, — адзначае педагог.

Настаўніца хіміі Ліп­лянскай сярэдняй школы Лельчыцкага раёна Кацярына Юніцкая па сумяшчальніцтве кіруе фальклорным калектывам “Карагод”. Яна адзначае, што пасля вучобы вярнулася ў родную школу і з задавальненнем працягвае не толькі выкладаць, але і танца­ваць разам са школьнікамі: “Сама не так даўно танцавала ў гэтым калектыве і зараз вучу дзяцей народна-бытавым танцам”.

Яе вучань Данііл Стрэльну танцуе ў калектыве вось ужо 9 гадоў. Хлопец усміхаецца і адказвае за ўсіх сяб­роў: “Мы ўпэўнены ў сабе і нават не хвалюемся. Не заўсёды ёсць магчымасць прыехаць у Гомель. Вя­дома, для нас гэта вялікі гонар. Мы рады, што ёсць магчымасць паказаць свае таленты”.

Узорным фальклорным калектывам “Найгрыш” кіруе Вікторыя Фядзяй з гомельскай сярэдняй школы № 30. На эмблеме школы невыпадкова адлюстраваны музычны ключ. Адзін з кірункаў работы — музычна-харавы. “На гэтым конкурсе мы вырашылі здзівіць журы выкананнем музыкі на старадаўніх народных музычных інструментах, якія не часта выкарыстоўваюцца нават у фальклорных калектывах. Гэта дуда, жалейкі, акарына, цымбалы, флейты гліняныя”, — адзначыла педагог.

 

У занальных этапах агляду-конкурсу, якія прайшлі ў студзені — лютым па ўсёй Гомельшчыне, прынялі ўдзел больш за 30 тысяч дзяцей ад 6 да 18 гадоў. Іх твор­часць прадстаўлена ў дзесяці намінацыях: “Вакал”, “Харэаграфія”, “Фальклор”, “Інструментальная музыка”, “Арыгінальны жанр”, “Тэатр моды”, “Тэатральнае мастацтва”, “Выяўленчае мастацтва”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” і “Анімацыйны фільм”.

Юную Уладзіславу Сяргеенка са Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка” цяжка адрозніць ад яе выхаванцаў. Мініяцюрны харэограф па бальных танцах сама вырасла ў заслужаным калектыве Рэс­публікі Беларусь, узорным ансамблі спартыўнага бальнага танца “Элегія”, стала майстрам спорту па спартыўных танцах і з нядаўняга часу кіруе малодшай групай.

“Канечне, хвалююся за дзяцей. Мне пакуль крыху складана, але я спраўляюся. Мы паказваем венскі вальс. Гэта вельмі прыгожы танец. Бальныя танцы ўсім вельмі патрэбныя — асаб­ліва хлопчыкам. Яны ў танцы і ў жыцці вучацца быць галантнымі з дзяўчынкамі. У нас ёсць пары, якія ўжо ўдзельнічаюць у міжнародных турнірах”, — расказвае Уладзіслава.

У калектыве “Ніка” таго ж Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і мола­дзі “Эўрыка” дзяўчаты больш дарослыя і ўпэўненыя ў сабе. Кіраўнік Надзея Кушнярова адзначае, што чырлідынгам у яе займаецца каля 80 чалавек: “У Гомель прыехалі 19 прадстаўніц старшай групы. Тэма ў нас — “Лепшыя дзяўчаты Беларусі”. Так, мы хочам паказаць, што мы лепшыя”.

Паралельна ў Гомельскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і мола­дзі разгарнулася выстава дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці, дзе можна ўба­чыць лепшыя работы ў адпаведных намінацыях.

У канцы сакавіка абласныя пераможцы агляду-конкурсу прымуць удзел у гала-канцэрце VII Рэспуб­ліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” і рэспубліканскай выставе-конкурсе дзіцячай творчасці “Ра­дзіма мая, у марах, у песнях, у словах…” у Мінску.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара