Летняя акварэлька

- 10:36Нам пішуць

З наступленнем канікул перад бацькамі паўстае пытанне, якім чынам арганізаваць летні адпачынак дзяцей. На дапамогу прыходзіць аздараўленчы летні лагер з дзённым знаходжаннем пры ўстанове адукацыі. У першыя дні чэрвеня Вензавецкі дзіцячы сад — сярэдняя школа Дзятлаўскага раёна гасцінна прыняў 30 выхаванцаў аздараўленчага лагера “Летняя акварэлька”.

Дзеля змястоўнага адпачынку была прапанавана творча-гульнявая мадэль “Летняя акварэлька” — шлях да здароўя і поспеху”, якая дапамагала выхаванцам прымаць рашэнні, канструктыўна ўзаемадзейнічаць. Абавязковая ўмова рэалізацыі плана выхаваўчай работы — прыцягненне дзяцей з мнагадзетных сямей, няпоўных, малазабяспечаных і сямей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Кожныя тры лагерныя дні мелі своеасаблівую афарбоўку. Задача членаў атрадаў заключалася ў тым, каб за трохдзённы тэрмін размаляваць адпаведнай фарбай прапанаваную фігуру. Размалёўваецца фігура пры ўмове выканання задання, актыўнага ўдзелу ў мерапрыемстве. І так кожныя наступныя тры дні.

Рэгулюючым органам аздараўленчага лагера стаў савет “Студыя майстэрства”, у які ўвайшлі галоўны дызайнер (дырэктар лагера), савет студыі (старшы выхавальнік, выхавальнікі і камандзіры атрадаў), медыцынская служба (медработнік ФАПа), натхняльнікі (ініцыятары і арганізатары), арт-дэкаратары (распрацоўшчыкі рэкламных буклетаў), дыджэйская група (актыўныя выканаўцы, здольныя падаваць ідэі, версіі).

Выхаваўчыя мерапрыемствы спрыялі гендарнаму, інтэлектуальнаму, працоўнаму, экалагічнаму, творчаму выхаванню. Штодзённа медыцынскі работнік праводзіў “Хвілінку здароўя”: дзеці атрымлівалі веды аб тым, як зберагчы здароўе, як аказаць першую медыцынскую дапамогу, як не атрымаць сонечныя апёкі і г. д.

У рамках рэспубліканскай акцыі “Малая радзіма: эстафета карысных спраў” штодзённа ладзіліся наступныя мерапрыемствы: аперацыя “Чыстая вуліца — чыстая вёска”, экскурсія “Святыні Вензаўца”, працоўны дэсант “Малой радзіме — наш клопат”, экалагічная прагулка “Краявіды малой радзімы”, фотагалерэя “Прафесіі аднавяскоўцаў”, працоўны дэсант “Прыгожыя кветкі для малой радзімы”, PR-акцыя “Упрыгожым малую радзіму кветкамі”, фотакросінг “Беларусь пад белымі крыламі”, міні-даследаванні “Адкуль пайшлі назвы нашых вёсак”, “Лекавыя расліны нашай мясцовасці”.

Спадзяёмся, што адпачынак у школьным лагеры “Летняя акварэлька” прынёс карысць і задавальненне кожнаму выхаванцу.

Таццяна РАЖКО,
дырэктар аздараўленчага лагера “Летняя акварэлька”
Вензавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна.
Святлана БУЙКО,
старшы выхавальнік.