Лідарскі юбілей

- 17:42Нам пішуць

Сёлета абласному профільнаму аздараўленчаму лагеру “Лідар” 10 гадоў. Заснавальнік лагера — галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама, а праводзіцца ён сіламі дасведчаных педагогаў абласнога Палаца творчасці. 10-я змена прайшла пад дэвізам “Любая праца спорыцца, калі ёсць каманда, любая ідэя ўвасабляецца, калі ёсць актыўнасць і пазітыў”. Для дзяцей гэта былі незабыўныя, яркія, поўныя ўражанняў і падзей дні. Навучэнцы змаглі праявіць сябе не толькі як творчыя асобы, але і выказаць грамадзянскую пазіцыю, адчуць сацыяльную значнасць рэалізаваных праектаў і акцый.

Для паспяховага адкрыцця юбілейнай змены лагера была праведзена велізарная праца: фарміравалі каманды навучэнцаў па адным прадстаўніку раённага савета старшакласнікаў ад кожнага раёна Гомельшчыны, дбайна прапрацоўвалі праграмы мерапрыемстваў, планавалі сустрэчы з цікавымі людзьмі Гомеля і Мінска. Асновай праграмы лагера сталі трэнінгі на камандаўтварэнне, традыцыйны ўрок аднаго танца “TENTH DANCE”, інтэлектуальны марафон, запіс гульні “Эрудыт-пяцёрка” і трансляцыя тэлеперадачы на ТРК “Гомель”, гульня “Схватка”, дзейнасць арт-кафэ “Юбілейнае”, інтэрактыўныя заняткі “Прыцягненне”, спартыўная эстафета, гульня ў боўлінг, катанне на конях і многае іншае.

Кожны дзень для лідараў быў поўны сюрпрызаў, прыемных сустрэч і цікавых заняткаў. Але самае галоўнае — гэта распрацоўка праектаў сацыяльнай і грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці: “У зоне ўвагі: гістарычныя аб’екты” і “Славянскія гульні”.

Праектам “У зоне ўвагі: гістарычныя аб’екты” былі ахоплены два помнікі архітэктуры: паляўнічы домік, які з’яўляецца часткай Палацава-паркавага ансамбля, і Багуслаўскі фальварак, які ўяўляе сабой адну з эканоміі Н.П.Румянцава, заснаваную ў XVIII стагоддзі. Хлопцы і дзяўчаты правялі экалагічную акцыю “Мой унёсак у развіццё малой радзімы”, пасля чаго юных лідараў чакаў сюрпрыз — катанне на конях (на тэрыторыі Багуслаўскага фальварка размешчана конна-спартыўная школа).

Праект “Славянскія гульні” быў рэалізаваны на пяці пляцоўках устаноў адукацыі Гомеля — тры дзіцячыя садкі і дзве школы для навучэнцаў летніх прышкольных лагераў. Хлопцы і дзяўчаты даведаліся пра славян, пра жыццё нашых продкаў і сталі ўдзельнікамі гульняў славянскіх народаў (Беларусі, Украіны, Расіі і Польшчы). Кожны лідар павёз з сабой распрацоўкі праектаў, каб рэалізаваць іх у сябе на месцах у вучнёўскіх калектывах.

Незабыўныя ўражанні выклікала акцыя “Сюрпрыз-3”. Здымка на тэлеперадачы “Эрудыт-пяцёрка” для лідараў стала вялікай нечаканасцю. Хлапчукі і дзяўчынкі змаглі акунуцца ў атмасферу закадравага жыцця тэлебачання, а таксама стаць зоркамі экрана, праявіць і паказаць свой розум і кемлівасць. Пераможцы атрымалі дыпломы і памятныя падарункі.

Вялікай удачай стала знаёмства са старшынёй грамадскага аб’яднання “Саюз жанчын” Г.М.Пашэд, дацэнтам кафедры эканомікі і кіравання Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны, кандыдатам эканамічных навук В.С.Сяліцкім, а таксама з прадстаўніком галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама — начальнікам аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы І.Ю.Драбышэўскай. Навучэнцы задалі хвалюючыя пытанні, падзяліліся досведам і ідэямі сваіх рэгіёнаў. Гэтыя сустрэчы паказалі: выпадковых дзяцей у лідарскай змене няма. Усе ўдзельнікі крэатыўныя, мабільныя, творчыя асобы, гатовыя ўнесці ўнёсак у развіццё Гомельшчыны.

Работу творчай лабараторыі “10 прынцыпаў крэатыўнага event-менеджара” ўзначаліла былая выпускніца клуба “Лідар”, экс-старшыня абласнога савета старшакласнікаў Кацярына Гаўрыленка. Яна дапамагла асвоіць сакрэты публічных выступленняў, навучыла не баяцца вялікай колькасці людзей, а педагогі змаглі прааналізаваць і аб’ектыўна ацаніць магчымасці кожнага.

Заключным акордам у рабоце лагера стаў трэнінг “Маладзёжны парламент для развіцця моладзі”, праведзены “Офісам прасоўвання ініцыятыў”. Юныя лідары вызначалі функцыі маладзёжнага парламента.
Напрыканцы змены адзначылі, што адчулі адказнасць перад аднагодкамі сваіх рэгіёнаў, абяцалі ўкараніць атрыманы вопыт.

Лагер “Лідар” — гэта вялікая сумесная праца цэлай каманды творчых і мэтанакіраваных рупліўцаў, якія да адкрыцця змены былі не знаёмыя, а пасля закрыцця смела казалі: “Мы сябры на ўсё жыццё!”.

Іна ІВАНОВА,
намеснік начальніка лагера, метадыст
Гомельскага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі.