Лілася родная мова…

- 15:43Нам пішуць

Наведваючы адкрытыя ўрокі, хочацца, акрамя іх аналізу, узбагаціць веды, пашырыць кругагляд і, калі гэта ўрок беларускай літаратуры, атрымаць асалоду ад роднай мовы.

Лёгка і нязмушана лілася родная мова з вуснаў настаўніцы беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Любові Мікалаеўны Брэнька, якая больш за 16 гадоў працуе ў Абласным аграрна-вытворчым прафесійным ліцэі Драгічына. Тэма адкрытага ўрока — “Жыццёвы і творчы шлях Васіля Быкава”. Дзякуючы выкарыстанню мультымедыйных тэхналогій і розных метадаў навучання, заняткі атрымаліся цікавыя, наглядныя і эфектыўныя.

Навучэнцы ўважліва слухалі аповед настаўніцы пра біяграфію В.Быкава, творчыя дасягненні і асабістыя якасці пісьменніка. Але ліцэісты аказаліся не толькі слухачамі. Падлеткі ахвотна чыталі ўрыўкі з твораў на памяць, разважалі над тым, якім чалавекам быў пісьменнік, абгрунтоўвалі свае адказы. Асабліва ўразіла навучэнцаў тое, што Васіль Быкаў прайшоў праз усю Вялікую Айчынную вайну, тэма якой пасля стала магістральнай у яго творчасці. З 80 аднакурснікаў В.Быкава па Саратаўскім вучылішчы з вайны вярнуліся толькі 4, сярод іх быў і пісьменнік.

Усё жыццё В.Быкаў пісаў непрывабную праўду пра трагічныя старонкі гісторыі краіны. “Гаварыць няпраўду пра вайну — не толькі амаральна, але і злачынна як у адносінах да мільёнаў ахвяр, так і ў адносінах да будучыні. Людзі павінны ведаць, ад якой небяспекі яны пазбавіліся і якой цаной дасталося ім гэтае збавенне”, — прывяла настаўніца словы пісьменніка.

Любоў Мікалаеўна аформіла выставу аповесцей В.Быкава і пазнаёміла з адной з іх — “Жураўліным крыкам”, дзе аўтар псіхалагічна тонка апісаў адны ваенныя суткі 6 байцоў.

Напрыканцы ўрока педагог прапанавала навучэнцам кветку васілька, на пялёстках якога былі напісаны словы “Васіль Быкаў — чалавек праўды, чалавек зямлі, чалавек вайны, чалавек годнасці і сумлення, чалавек Радзімы, чалавек перамогі, чалавек з вялікай літары”. Адрываючы па пялёстку, ліцэісты павінны былі падумаць і адказаць, як яны разумеюць кожнае гэтае сцвярджэнне пра пісьменніка.

Адкрыты ўрок паказаў, што творчасць В.Быкава не страціла актуальнасці і сёння, калі вырашаецца лёс ужо не асобнага чалавека, а ўсяго чалавецтва і стаіць пытанне яго выжывання. Адзін са шляхоў выжывання чалавецтва — адраджэнне духоўнасці праз вывучэнне і захаванне культурнай спадчыны.

Ірына МАЦУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына.